На спартыўным свяце, прымеркаваным да 100-годдзя газеты, выступяць вядомыя спартсмены Беларусі, сярод іх неаднаразовыя чэмпіёны свету па гіравым спорце браты Сігневічы. Яны пакажуць сілавое шоу з гірамі, правядуць майстар-клас, у якім змогуць прыняць удзел усе ахвотныя. Прадэманструюць простыя, але карысныя практыкаванні для кожнага аматара спорту, кульмінацыяй праграмы стане дэманстрацыя рарытэта — гіры 1874 года з царскай каронай.
Малодшы з братоў — Ігар Сігневіч адзначае, што сёння здаровы лад жыцця — залог поспехаў ва ўсім. «У сучасных умовах тэмп жыцця вельмі хуткі. Каб яго не проста вытрымліваць, а ставіць перад сабой мэты і іх дасягаць, неабходна быць фізічна здаровым чалавекам. У суботу нам на асабістым прыкладзе хацелася б паказаць, што магчыма дасягаць вынікаў у спорце, сумяшчаючы трэніроўкі з прафесійнай дзейнасцю».
Падзяляе гэты пункт гледжання і старэйшы з братоў — Вадзім — заслужаны майстар спорту, чатырохразовы чэмпіён свету па гіравым спорце. Кампанію братам Сігневічам складуць Андрэй Гук — майстар спорту міжнароднага класа па паўэрліфтынгу, шматразовы чэмпіён Еўропы, Вячаслаў Харанека — беларускі асілак, аўтар сотні рэкордаў, Андрэй Зазерскі — шматразовы чэмпіён краіны па рукапашным боі, пераможца тэлепраекта «Бітва Тытанаў» і «Зачыстка».
Сілавое шоу стартуе адразу пасля адкрыцця, якое адбудзецца 29 ліпеня ў 11.00 на стадыёне сталічнага ліцэя №1 на праспекце Газеты «Звязда». Акрамя сілавога шоу гледачы ўбачаць майстар-клас ад чэмпіёнаў краіны МФК «Сталіца» і лепшых прадстаўнікоў варкаўта Беларусі.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».