Вы тут

Сербскія гасцінцы для беларускага чытача


Бясспрэчна, аблічча вераснёўскага «Полымя» вызначае «Сербскі гасцінец», які афіцыйна распачынаецца вітальным словам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велькі Кавачавіча ды сатырычна-іранічна завяршаецца лепшымі ўзорамі сербскай сатырычнай афарыстыкі.


Сапраўднымі сербскімі гасцінцамі для беларускага чытача стануць аповесць Драгаслава Міхаілавіча «Шукар месца», нізка вершаў сербскіх паэтаў «Замясіць цеста надзённае» (абодва — у перакладзе Івана Чароты) і асобная вершаваная падборка Ваіслава Караджыча «Пакуль ува мне раяцца сонцы» (пераклад Іны Фраловай), даследаванні Ганны Навумавай «Мусульманскі свет у раманах Іва Андрыча» і Івана Чароты «Легендарная асоба славянскага свету XVIII стагоддзя: Міхаіл (Мануіл) Казачынскі». Вядома, сербская літаратура і культура прадстаўленая сёння ў беларускай прасторы найперш дзякуючы доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Івану Чароту. Менавіта таму артыкул Івана Штэйнера «З любоўю да славянскага пісьменства», прысвечаны кірункам навуковай дзейнасці І. Чароты, у «Сербскім гасцінцы» глядзіцца арганічна.

Аповесць Драгаслава Міхаілавіча, аднаго з самых папулярных пісьменнікаў Сербіі канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, уводзіць чытача ў мітуслівы, неўпарадкаваны свет жыцця цыган — заўсёды на мяжы паміж разгульным святам і элементарным выжываннем. Вачыма чысцільшчыка абутку Чаміла мы глядзім на сербскае мястэчка, абыякавых мінакоў, занятых сваім клопатам і думкамі… Чаміл прыгадвае вясёлыя прыгоды маладосці, вяртаючыся ў штодзённасць толькі для таго, каб разгледзець прыгожую жанчыну альбо нягеглых сужэнцаў, што нязменна слізгаюць вачыма паўзверх яго галавы, нібыта не бачаць, не заўважаюць. Нават рэдкі прахожы, які ўсё-ткі спыніцца, каб скарыстацца паслугамі чысцільшчыка, усё адно яго не заўважае. Нібыта насамрэч Чаміл жыве ў нейкім паралельным свеце. Каханне, расстанне, здрада, турэмнае зняволенне, вайсковая служба, страта вока ў выніку бойкі, новыя жонкі і новыя дзеці… Пошукі таго ідэальнага добрага месца («шукар» і ёсць у перакладзе «добры»), чым занятыя людзі. Гісторыя без маралі, проста гісторыя жыцця, у якую ўплецены не заўсёды простыя і прыязныя стасункі розных народаў, што воляй гісторыі і геаграфіі апынуліся на адной зямлі.

Вершы сербскіх паэтаў традыцыйна вылучаюцца рэлігійнай напоўненасцю, імкненнем бачыць глыбінны сэнс у імгненнях штодзённасці. Ствараецца ўражанне, што зямное, фізічнае жыццё і жыццё душы пасля смерці бачыцца большасцю прадстаўленых творцаў як непарыўнае цэлае, што не дзеліцца на «да» і «пасля». На фоне агульнага філасофска-рэлігійнага гучання вылучаецца верш Мація Бечкавіча «Кінжал», створаны паводле даўняга падання: для таго каб злавіць ваўка, у лёд утыкалі завостраны з абодвух канцоў меч, абліты гарачай крывёй. Падмануты пахам свежай крыві, воўк пачынаў лізаць лязо мяча да той пары, пакуль не паміраў. Надзвычай глыбока ўражвае мастацкае падсумаванне паэта: «Калі ж так адбываецца з ваўкамі, / Якіх упаляваць найцяжэй, / То што казаць пра людзей / Ды і пра народы ўвогуле, / А пра наш тым болей, / Бо ён жа сваёй крывёю / Ніяк не спатоліцца. / І ўперш прападзе, / Чым спасцігнуць здолее, / Што можа над намі / Толькі крывавы кінжал / Застацца / Адзіным помнікам / І крыжам».

Параўнаць тэмы, вобразы, стыль, адчуць адметнасць мастацкіх здабыткаў беларускіх творцаў прапаноўвае палымянская пляцоўка на прыкладзе вершаў Віктара Гардзея (нізка «Застацца маім») і працягу дзённікавых нататак Віктара Шніпа «Заўтра была адліга-4». Валерыя Навуменка падзялілася з чытачамі згадкамі, убачанымі праз гады «дзіцячымі вачыма», якія сціпла назвала «зрэбнай торбачкай успамінаў».

Жана КАПУСТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.