Вы тут

Жанчына-кіраўнік і жанчына-кіроўца — ці лёгка сумяшчаць гэтыя функцыі?


Такую тэму ўзнялі ў адным з нядаўніх выпускаў «Мясцовага самакіравання» журналісты. Праблема актуальная не першы год, патрабуе пэўнага ўрэгулявання на дзяржаўным узроўні. Значную частку сельскіх Саветаў дэпутатаў краіны ўзначальваюць жанчыны, часам увогуле ў такім калектыве мужчын няма, а штатным раскладам пасада кіроўцы не прадугледжана. На Уздзеншчыне, у прыватнасці, пад жаночым кіраўніцтвам тры з шасці органаў мясцовага самакіравання. Што думаюць наконт гэтага старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў — Таццяна Пракацень (Слабадскі), Тамара Ляснеўская (Хатлянскі) і Таццяна Віннік (Дзешчанскі)?


— Пасведчанне на права кіравання легкавым аўтамабілем я атрымала 35 гадоў таму, яшчэ падчас вучобы ў Мар'інагорскім саўгасе-тэхнікуме, — прыгадвае кіроўца з найбольшым стажам Таццяна Пракацень. — Пасля і ў час вучобы ў Гродзенскім сельгасінстытуце пераканалася, што без машыны працаваць спецыялістам у сельскай гаспадарцы будзе няпроста. Але першы ўласны, дакладней — сямейны, аўтамабіль з'явіўся толькі ў пачатку 90-х. Калі ж у 2000 годзе перавялі нас з Капыльскага раёна на Уздзеншчыну (муж стаў дырэктарам саўгаса «Гарадок», я — кіраўніком сельскага Савета), на практыцы сутыкнулася з тым, як цяжка без службовай машыны. Даводзілася дабірацца ў вёскі сельсавета і пешшу, і на веласіпедзе, і на кані, а часцей — на ўласным аўто. Толькі праз тры гады райвыканкам перадаў сельскаму Савету патрыманую «Волгу».

— Пяць гадоў таму па стане здароўя я вымушана была змяніць сталічную прапіску на жыццё ў вёсцы Ячанка, — расказвае Таццяна Віннік. — Пакуль наладзілася паўнацэннае жыццё ў вёсцы, часта даводзілася курсіраваць туды-сюды, таму і спатрэбіліся атрыманыя пяць гадоў да таго правы кіроўцы. Зразумела, не магу ўявіць сябе на цяперашняй пасадзе без чатырохколавага памочніка.

Службовая неабходнасць вымусіла сесці за руль і Тамару Ляснеўскую — пры яе ранейшай пасадзе таксама быў аўтамабіль, ды не было ў штаце кіроўцы. Пасля даводзілася пэўны час ездзіць на работу ў Мінск, а прамых транспартных зносін паміж Хатлянамі і сталіцай не было. Узначаліла сельскі Савет у 2011 годзе.

У кожным з названых сельсаветаў па некалькі дзясяткаў населеных пунктаў, адлегласць паміж некаторымі — звыш дваццаці кіламетраў. Але ж у распараджэнні сельвыканкамаў, як правіла, службовыя «Жыгулі», праўда, нярэдка са скончаным тэрмінам эксплуатацыі. Пры ўсёй павазе да тэхнікі расійскага аўтапрама ў параўнанні з сучаснымі «замежнікамі» яны вельмі няпростыя ў эксплуатацыі. Тут і руль без гідраўзмацняльніка, і капот з цяжкасцю адчыняецца, а дзверцамі некалькі разоў трэба стукнуць, каб зачыніліся, і пастаянна неабходна кантраляваць узровень алівы, тармазной вадкасці. Як спраўляцца з такімі абставінамі жанчыне?

— Не раз і не два ў маёй практыцы даводзілася спыняцца ў дарозе, — расказвае Таццяна Віннік. — Аднойчы парваўся сярод лесу тросік ручнога тормаза. Выклікала па мабільнай сувязі дапамогу з эксперыментальнай базы імя Катоўскага, прыехалі хлопцы, узялі на буксір, потым дапамаглі адрамантаваць. Прыватнікі не раз выручалі.

— А ў мяне быў такі выпадак, — дзеліцца ўспамінам Тамара Ляснеўская. — Каля вёскі Гута мінулай зімой загараецца лямпачка, што сігналізуе аб разрадцы акумулятара. Думаю, як дабрацца дамоў, калі машына спыніцца? Потым, спакойна ацаніўшы сітуацыю, знайшла і прычыну няспраўнасці, і магчымасць яе ліквідаваць. Але неаднойчы дарожнікі з гурбаў дапамагалі выбірацца.

— На мінулы год з раённага бюджэту на абслугоўванне аўтамабіля выдзелілі нам чатыры тысячы рублёў, — разважае Таццяна Пракацень. — Сродкаў павінна было хапіць і на набыццё бензіну, і на запчасткі, і на рамонтныя работы. Зразумела, гэтага недастаткова.

Хто і як рамантуе жанчынам службовыя аўто? Па-рознаму. Самы распаўсюджаны метад — звяртацца да дапамогі мужоў, сыноў і іншых родзічаў. Іншы варыянт — добразычлівыя суседзі, звычайныя вяскоўцы, умельцы-аматары, з якімі перасякаешся па службовых справах. Яшчэ гадоў дваццаць таму даводзілася карыстацца паслугамі размешчаных на тэрыторыі сельсавета сельгаспрадпрыемстваў, але цяпер нярэдка і там адчуваюць дэфіцыт запчастак і сродкаў. Так што ўсё «завязана» на асабістых кантактах. Хтосьці з кіраўнікоў дазволіць бясплатна скарыстацца рамонтнай ямай, іншы выдзеліць кваліфікаванага слесара, зрэдку і тое-сёе з дробязных ці ўжываных запчастак перападзе...

Не хапае кіраўнікам пярвічнага звяна ўлады ліміту прабегу ў 1900 кіламетраў, які выдзяляецца на месяц. Пасада такая, што вымушае амаль кожны дзень адмерваць да сотні, а то і больш кіламетраў, не выключаючы і выхадныя. Кожная са старшынь прызнаецца, што нярэдка выкарыстоўвае для гэтых мэт і ўласны аўтамабіль.

Каб быць у курсе ўсіх спраў, падзей, што адбываюцца на падведамаснай тэрыторыі, апярэдзіць непажаданыя вынікі, лепш на месцы ва ўсім пераканацца на ўласныя вочы, даць чарговае даручэнне, праверыць ход выканання. Нават калі б і быў у штаце кіроўца, няёмка было б затрымліваць яго ў пазарабочы час, выклікаць у выхадны ці святочны дзень.

Яшчэ адна з праблем, з якой нярэдка сутыкаюцца жанчыны — кіраўнікі сельскіх Саветаў, — выкананне чыста мужчынскіх гаспадарча-бытавых функцый. А патрэба ў іх ўзнікае амаль штодзень: абкасіць падворак, ачысціць дарожку ад лёду, замяніць лямпачку, што перагарэла, ці дзвярны замок, адрамантаваць ножку ў крэсле, прыбіць цвік у шыферным лісце... Толькі апошнім часам у штаце Дзешчанскага сельвыканкама з'явіўся дворнік Аляксандр Жур, у Слабадскім гэтыя абавязкі выконвае Дзмітрый Санковіч. Але часцей за ўсё жанчынам-кіраўнікам даводзіцца арганізоўваць для выпраўлення сітуацыі суботнікі і выконваць работу сваімі ж жаночымі рукамі ці зноў жа прасіць дапамогі ў родзічаў, суседзяў, не забываючы пры гэтым і пра эканомію дзяржаўных сродкаў.

Здавалася б, мінуў час, калі жанчына і «каня на скаку спыніць, і ў палаючую хату зойдзе». Але і сёння, асабліва на кіруючых пасадах, яны паказваюць прыклады незвычайнай працавітасці і вынослівасці, ініцыятыўнасці і кемлівасці, эканоміі і ашчаднасці. Ды ўсё ж варта было б нейкім чынам аблегчыць іх працу. Магчыма, выдзеліць хоць бы паўстаўкі кіроўцы (слесара, рамонтніка...), дазволіць сумяшчальніцтва, павялічыць ліміт кіламетражу прабегу аўто, больш сродкаў акумуляваць у мясцовым бюджэце на яго патрэбы. Зразумела, гэта ў маштабах краіны патрабуе немалых фінансавых затрат. Але ж і функцыі пры гэтым выконваюцца дзяржаўныя...

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Загаловак у газеце: Руль без права перадачы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.