Вы тут

Як мы здавалі дыстанцыйнае тэсціраванне


З гэтага года адзін з этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання можна прайсці бясплатна. На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў даступна дыстанцыйнае РТ па 15 прадметах. Абітурыенту дастаткова ўключыць дома камп'ютар і выканаць заданні ў любы зручны для яго час. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» вырашыла апрабаваць новую сістэму і заадно праверыць сябе.


Лірычнае адступленне

ЦТ я здавала сем гадоў таму. Прычым толькі па адным прадмеце — гісторыі Беларусі. Другім павінна была быць руская мова, але дыплом рэспубліканскай алімпіяды пазбавіў гэтага выпрабавання: мне аўтаматычна паставілі 100 балаў. Чаму я была вельмі рада. Дагэтуль лічу тэсты па мовах, дзе правільных адказаў можа быць некалькі, аднымі з самых складаных.

Да гісторыі я, як і большасць маіх аднакласнікаў, рыхтавалася разам з рэпетытарам. Гэта быў, хутчэй, элемент дысцыпліны: сама б я села паўтараць параграфы за месяц да тэсціравання. А так паслядоўна вывучала прадмет на працягу года. У выніку набрала 92 балы. З парад, якія магу даць тым, хто будзе праходзіць ЦТ: звяртайце ўвагу на інфармацыю пасля параграфаў накшталт «цікава ведаць». І практыкуйцеся рашаць тэсты, бо фактура, якая выкарыстоўваецца для заданняў, у тым ці іншым выглядзе можа паўтарацца.

Падвёў «сяржант»

Цяпер ужо ад маіх вынікаў нічога не залежыць, але ўсё роўна крыху хвалююся: калі што, у правале давядзецца прызнавацца на ўсю рэдакцыю. Заходжу на сайт Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і націскаю ўкладку «дыстанцыйнае РТ». Для пачатку выбіраю беларускую мову. Ні пашпартных даных, ні іншай асабістай інфармацыі ўводзіць не патрабуецца. Раздрукоўваю бланк з заданнямі і пачынаю. Па шчырасці, у школе гэты прадмет даваўся мне не надта лёгка. Але дзясяткі кніг айчынных пісьменнікаў, прачытаныя падчас вучобы ва ўніверсітэце, і асабліва работа ў беларускамоўнай газеце далі свой плён. Правапіс большасці слоў не выклікае пытанняў: «менеджараў» успамінаю з матэрыялаў пра рынак працы, «шарсцяныя» вырабы — з аглядаў тыдняў моды. Складанасці ўзнікаюць, калі пачынаюцца заданні пра будову сказа. Вызначыць выказнік, адрозніць пабочныя канструкцыі ад устаўных... Усё ж такі пры напісанні артыкулаў і рэпартажаў гэтай інфармацыяй не карыстаешся.

Любы ахвотны можа бясплатна прайсці дыстанцыйнае тэсціраванне, не выходзячы з дому.

На тэст адводзіцца дзве гадзіны, але я спраўляюся за 44 хвіліны. Пераношу адказы ў электронны бланк. Умовы яго запаўнення вельмі набліжаныя да рэальных. Так, калі вы паставілі крыжык не ў тым слупку, выдаліць яго звычайным націскам мышкі нельга. Як і ў папяровым варыянце, адмяняць памылковую метку трэба будзе ў асобнай графе. У частцы А можна выправіць шэсць адказаў, у частцы В — два.

Націскаю на кнопку, каб разлічыць вынік. 79 балаў! Мне здаецца, нядрэнна, тым больш што я спецыяльна не рыхтавалася. Тут жа можна ўбачыць, у якіх пытаннях ты дапусціў памылкі, і паглядзець правільныя адказы са спасылкай на параграф у падручніку. Я, напрыклад, забылася, што зваротак не з'яўляецца членам сказа, а слова «сяржант» не адносіцца да тых выключэнняў, дзе ў першым складзе перад націскам захоўваецца літара «е».

Увага ніколі не лішняя

Натхніўшыся, бяруся за тэст па гісторыі Беларусі. На тое, каб выканаць 50 заданняў, у мяне ёсць паўтары гадзіны. Чытаю пытанні і разумею, што ў памяці мала што захавалася. Таму часцей падключаю не веды, а логіку. Прасцей спраўляцца з заданнямі, дзе трэба адзначыць тэндэнцыі і рысы, характэрныя для пэўнага часу, прычыны падзей, а не назваць канкрэтныя даты і дакументы (вось вы памятаеце, што такое Генрыхавы артыкулы?).

Заканчваю праз гадзіну. Вынік — 50 балаў... Ну, што сказаць? Мой рэпетытар быў бы расчараваны. Аналізую памылкі. Некаторых магла б пазбегнуць, калі б чытала ўмовы задання больш уважліва. Дарэчы, у версе бланка напісана слушная рэкамендацыя — адказваць на пытанні па чарзе. Узнаўляць ход падзей у храналагічным парадку прасцей, чым «скакаць» з адной эпохі ў іншую.

Праверыць свае школьныя веды вырашыў і мой муж. Ён праходзіў тэст па сусветнай гісторыі. Набраў 55 балаў — усяго на чатыры менш, чым пры паступленні ва ўніверсітэт 11 гадоў таму. Праўда, сам муж быў незадаволены: спадзяваўся, што падчас вучобы ў ВНУ павысіў свой узровень ведаў.

Замест вынікаў

Дыстанцыйнае тэсціраванне — добры спосаб для абітурыента азнаёміцца з тым, што сабой уяўляе гэты від уступнага экзамену. Але, на маю думку, не трэба абмяжоўвацца толькі ім. Варта хоць бы раз пабываць на класічным рэпетыцыйным тэсціраванні. Усё ж такі адказваць на пытанні ў дамашняй абстаноўцы за кубкам гарбаты і ў аўдыторыі побач з іншымі выпускнікамі — розныя рэчы. Дый запісваць адказы капрызнай геліевай ручкай складаней, чым уводзіць іх на камп'ютары.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Экзамен на канапе

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.