Вы тут

Літаратура, творчасць, спорт. У ВНУ пройдуць унутраныя экзамены


25 ліпеня ў большасці ВНУ завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтныя месцы, а таксама на спецыяльнасці платнай формы навучання, дзе абітурыенты здаюць уступныя іспыты. 


У бліжэйшыя дні ў вышэйшых навучальных установах краіны стартуюць унутраныя іспыты. Напрыклад, у БДУ яны пройдуць на пяці факультэтах і ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д. Сахарава і будуць арганізаваны па дзевяці навучальных дысцыплінах.

Для тых, хто паступае на спецыяльнасці «Журналістыка» (факультэт журналістыкі), «Графічны дызайн і мультымедыядызайн», «Дызайн касцюма і тэкстылю», «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» (факультэт сацыякультурных камунікацый) , уступныя іспыты арганізуюцца па дысцыпліне «Творчасць». Заданне па малюнку абітурыентам прапануюць выканаць 27 і 28 ліпеня, па кампазіцыі — 29 і 30 ліпеня. Творчае сачыненне на факультэце журналістыкі абітурыенты напішуць 27 і 29 ліпеня, а творчае тэсціраванне пройдзе 29 і 31 ліпеня.

На філалагічным факультэце экзамен па рускай літаратуры для абітурыентаў спецыяльнасці «Руская філалогія» пройдзе 27 ліпеня, а для спецыяльнасці «Славянская філалогія (з рускай мовай навучання)» — 30 ліпеня. Таксама 27 ліпеня адбудзецца ўступны іспыт па беларускай літаратуры для тых, хто паступае на «Беларускую філалогію», а 30 ліпеня — для абітурыентаў спецыяльнасці «Славянская філалогія (з беларускай мовай навучання)».

Для абітурыентаў завочнай скарочанай формы навучання ўступныя іспыты пройдуць на гістарычным, юрыдычным факультэтах, а таксама ў МДЭІ імя А.Д. Сахарава.

Абітурыентаў гістарычнага факультэта, якія падалі дакументы на спецыяльнасць «Кіраванне дакументамі» чакаюць экзамены па дысцыплінах «Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання» і «Архівазнаўства».

У МДЭІ імя А.Д. Сахарава абітурыенты спецыяльнасці «Медыка-біялагічная справа» здаюць «Анатомію і фізіялогію» і «Гігіену і экалогіяю чалавека». Уступныя іспыты на спецыяльнасць «Цеплаэнергетыка і цеплатэхніка» ўключаюць экзамен па «Асновах электратэхнікі» і «Асновах інжынернай графікі».

Абітурыентаў юрыдычнага факультэта спецыяльнасці «Правазнаўства» чакаюць экзамены па «Агульнай тэорыі права» і па «Грамадзянскім праве».

Усе іспыты арганізуюцца ў пісьмовай форме, акрамя ўступных іспытаў па беларускай і рускай літаратурах на філалагічным факультэце, а таксама творчага тэсціравання на факультэце журналістыкі. Напярэдадні для абітурыентаў ладзяцца кансультацыі. 

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на філалагічным факультэце праводзіцца вусны экзамен па беларускай і рускай літаратуры, на факультэце эстэтычнага выхавання прадугледжаны экзамен па творчасці, а на факультэце фізічнага выхавання абітурыенты здаюць дысцыплну «Фізічная культура і спорт». 

У БНТУ па спецыяльнасцях «Архітэктура», «Архітэктурны дызайн», «Прамысловы дызайн (транспартных сродкаў)» і «Прамысловы дызайн (вытворчага абсталявання)» адбудзецца ўнутраны экзамен па творчасці. Ён будзе ўключаць наступныя этапы: малюнак, кампазіцыю, чарчэнне і жывапіс.

Праграма ўнутраных уступных іспытаў для скарочанай формы навучання ўключае наступныя дысцыпліны: «Геадэзія», «Інфармацыйныя тэхналогіі», «Матэрыялазнаўства і тэхналогія матэрыялаў», «Асновы алгарытмізацыі і праграмавання», «Асновы інжынернай графікі», «Асновы інфармацыйных тэхналогій»; «Асновы менеджменту» , «Асновы электратэхнікі» і інш. 

Прыёмная кампанія бягучага года яшчэ не завяршылася, а Міністэрства адукацыі ўжо анансавала планы на будучыню. Так, у Беларусі гатовы разгледзець магчымасць увядзення вуснага экзамену ў дадатак да цэнтралізаванага экзамену для абітурыентаў, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на сацыяльна-гуманітарныя спецыяльнасці. 

Нагадаем, што ў гэтым годзе вусныя экзамены пры паступленні ў беларускія ВНУ здавалі абітурыенты, якія паступалі на бюджэтныя месцы ў рамках мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Яны не здавалі ні цэнтралізаванае тэсціраванне, ні цэнтралізаваны экзамен, а толькі вусны экзамен па профільных дысцыплінах. Гэты досвед у Мінадукацыі збіраюцца дасканала вывучыць. 

«Вельмі важна правесці аналіз рэзультатыўнасці здачы вуснага экзамену для хлопцаў і дзяўчат, якія паступалі на мэтавую форму падрыхтоўкі. На думку настаўнікаў, якія ўваходзілі ва ўсе прыёмныя камісіі вуснага экзамену, і прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага саставу ВНУ, гэта вельмі добрая форма кантролю ведаў абітурыентаў. Мы мяркуем, сёння сістэма адукацыі гатовая разгледзець магчымасць, у першую чаргу, для сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, увядзенне вуснага экзамену ў дапаўненне да цэнтралізаванага экзамену, які здаецца ўсімі выпускнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі», — сказаў Андрэй Іванец падчас сустрэчы з кіраўнікамі ўніверсітэтаў Гомельскай вобласці.

Міністр адзначыў, што ў бягучую прыёмную кампанію прыкладна кожны трэці студэнт паступіць у ВНУ без здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Магчымасці для паступлення без экзаменаў адкрыліся для пераможцаў не толькі рэспубліканскіх, але і абласных і ўніверсітэцкіх алімпіяд, для навучэнцаў, якія атрымалі рэкамендацыю як выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. «Хлопцы і дзяўчаты, якія паступаюць на творчыя спецыяльнасці, спартыўныя, архітэктурнага профілю, здаюць унутраны творчы экзамен. Мы мяркуем, што магчымае ўвядзенне вуснага экзамену для абітурыентаў сацыяльна-гуманітарнага блока таксама дасць магчымасць істотным чынам раскрыць іх патэнцыял», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.