Вы тут

Па справядлівасці


Не вам казаць: шмат хто па маладосці рвецца ў гарады, шмат хто пад старасць імкнецца назад у вёскі — бліжэй да прыроды, да зямлі. Вось і мае калегі Яўген Пятровіч і Вольга Іванаўна пабудавалі сабе дачу.


Хацінка ў іх атрымалася што трэба — не горш, чым у іншых, але ж хацелася, каб пры ёй была яшчэ і лазенька, хоць і невялічкая, але свая.

Патроху сабралі грошай, нанялі майстроў. І вось яна, ужо гатовенькая: і самі костачкі парылі, і суседзям не адмаўлялі.

Нічога не скажаш, і з людзьмі, і між сабой яны добра жылі. Але ж...

Прычапілася да Вольгі Іванаўны цяжкая хвароба, абарвала яе жыццё.

Пятровіч тады вельмі гараваў, ніяк не мог змірыцца, слабеў.

Сын угаворваў яго прадаць і кватэру, і дачу, пераехаць да яго, але бацька ўсё ніяк не згаджаўся, усё корпаўся на сваёй фазэндзе, адзін, таму гародчык яго ўсё роўна зарастаў — «амерыканкай», бярозкай ды іншай трасцай...

Змогся Яўген Пятровіч, уцёк у горад, на фазэнду з тыдзень не прыязджаў, а з'явіўся — і вачам не паверыў, бо грады былі... у поўным парадку: пустазелле сохла на мяжы.

Гаспадар з той радасці памкнуўся быў да суседзяў, каб ім падзякаваць, але тыя сказалі, што яны ні пры чым. «Тады хто ж?» — думаў гаспадар.

...Даведаўся пра гэта ён значна пазней — калі сустрэў былую вучаніцу. У яе, як аказалася, таксама дача, зусім непадалёк... І калі да яе дайшла пагалоска, што Яўген Пятровіч аўдавеў і гарод зарос, яна ўсё зразумела...

Мой калега тады вельмі расчуліўся. Казаў, што першы раз у жыцці пашкадаваў, што быў... справядлівым, што ставіў гэтай дзяўчынцы двойкі.

І ў той жа час ён радаваўся, што па жыцці гэта вучаніца ідзе правільнай дарогай, што крыўды на яго не трымала і не трымае, што пра двойкі нават не ўспомніла.

Іван СУВАЛАЎ, г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.