Вы тут

Касманаўты і астранаўты з 17 краін сустрэліся з грамадскасцю


Сёння ў рамках ХХХІ Міжнароднага кангрэсу ўдзельнікаў касмічных палётаў прайшоў Дзень супольнасці. Касманаўты і астранаўты наведвалі ўстановы адукацыі ў Мінску , Чэрвені, Смілавічах,  сустракаліся з дзятвой у Мінскім планетарыі. Іх сустракалі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, БДУІР, Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, Ваеннай акадэміі, Мінскім сувораўскім вучылішчы, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, у інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук, на вытворчых прадпрыемствах, якія займаюцца распрацоўкамі па касмічнай тэматыцы.


Стала ўжо добрай традыцыяй – у рамках кожнага кангрэсу адзін дзень адводзіць пад сустрэчы з грамадскасцю. Для людзей, якія ўжо пабывалі ў космасе, гэта магчымасць “запаліць“ касмічнымі марамі моладзь, адказаць на іх шматлікія пытанні, расказаць, як змяняецца ўспрыманне свету, калі ты глядзіш на нашу планету зверху.

У Беларускі  дзяржаўны ўніверсітэт сёння завіталі дванаццаць касманаўтаў і астранаўтаў з Расіі, Швецыі, Германіі і ЗША. Гэта першы маштабны візіт вядомых астранаўтаў у вядучую ВНУ краіны. Абыліся сустрэчы на механіка-матэматычным, біялагічным, хімічным факультэтах, факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, у Інстытуце прыкладных фізічных праблем БДУ.

Госцем фізічнага факультэта стаў астранаўт NASA , прафесар Джэфры ХОФМАН, які ажыццявіў пяць касмічных экспедыцый на шатлах. Ён з’яўляецца членам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, Міжнароднага астранамічнага саюза, Амерыканскага інстытута аэранаўтыкі і астранаўтыкі, Амерыканскага астранамічнага таварыства і іншых навуковых арганізацый. Узнагроджаным пяццю медалямі “За касмічны палёт”, мае два медалі “За выключныя заслугі” і два медалі NASA.  Джэфры Хофман першым у гісторыі перасягнуў мяжу па часе знаходжання чалавека ў калязямной прасторы ў тысячу гадзін.

Да студэнтаў геаграфічнага факультэта завіталі двойчы герой Савецкага Саюза Віктар САВІНЫХ і амерыканскі астранаўт Марыё РАНКА. Подзвігу Віктара Савіных і Уладзіміра Джанібекава, якім давялося шукаць і “вяртаць да жыцця” касмічную станцыю, сувязь з якой была страчана, прысвечаны мастацкі фільм “Салют-7”.  Была рэальная пагроза таго, што яна ўпадзе на Зямлю. Натуральна, што студэнтаў цікавілі падрабязнасці, наколькі праўдападобнай можна лічыць гэту кінаработу.

Марыё Ранка здзейсніў тры касмічныя вандроўкі на шатлах і адзін выхад у адкрыты космас. Ен служыў афіцэрам мэтэаслужбы на дэсантным караблі,  афіцэрам экалагічнай службы ВМС ЗША, праводзіў акіянаграфічныя і гідраграфічныя даследаванні, займаўся выкладаннем.  Для студэнтаў геафаку ён таксама падрыхтаваў прэзентацыю – прадэманстраваў унікальныя фатаграфіі, зробленыя ім падчас касмічных экспедыцый, у тым ліку і ў адкрытым космасе. А затым адказваў на іх шматлікія пытанні, у тым ліку і па сваім больш вузкім геаграфічным профілі.  

А ў сталічны кінатэатр “Піянер” на сустрэчу са школьнікамі з розных рэгіёнаў прыйшлі расійскі касманаўт Юрый УСАЧОЎ і жанчына-астранаўт з Вялікабрытаніі – доктар Хелен ШАРМЭН. Юрый Усачоў падчас адной з чатырох сваіх  экспедыцый  шэсць (!) разоў выходзіў у адкрыты космас. А Хелен стала першым касманаўтам у Вялікабрытаніі. Для гэтага ёй давялося канкурыраваць з 13 тысячамі сваіх суайчыннікаў.  Яна не была лётчыкам, канструктарам ці інжынерам, затое добра разбіралася ў хіміі, працавала  хімікам-тэхнолагам на кандытарскай фабрыцы. І, напэўна, ёй вельмі хацелася трапіць у космас. Сёння яна займаецца навукай і выкладаннем.  

Юрый Усачоў і Хелен Шармэн выказалі ўпэўненасць, што чалавек, які высадзіцца на Марсе, ужо нарадзіўся, больш таго, ён ужо вучыцца ў школе. Таму ім можа стаць кожны з прысутных у зале, калі, канешне, вельмі гэтага захоча.

 

 

 

 

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Каментары

Афігенныя фота. Асабліва дзесятае - можна разглядаць бясконца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.