Вы тут

Прыцягненне зямлі


Сто гадоў таму ў вёсцы Карбаўское, што на Бярэзіншчыне, было пяць двароў і 40 жыхароў. Цяпер іх, дарэчы, таксама... пяць. Тут ніколі не было крамы, школы, пошты, ніколі не ладзілася ніякіх канцэртаў. Але аднойчы...


На дзень вёскі ў Карбаўское гасцей прыехала шмат.

Вядучая свята найперш прапанавала ўшанаваць памяць ганаровага земляка, кавалера Георгіеўскага крыжа Фёдара Мікітавіча Несцяровіча, усіх загінулых у час вайны і памерлых вяскоўцаў. Потым даніну павагі аддалі жывым. Ураджэнец гэтай вёскі Уладзімір Паўлавіч Несцяровіч у свой час скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава і факультэт журналістыкі БДУ, ён — аўтар зборнікаў прозы і паэзіі, а таксама — мастацкіх палотнаў, якія, без перабольшання, упрыгожылі гэта мерапрыемства.

Прысутнічала на ім і 86-гадовая Соф'я Максімаўна Несцяровіч, якую ў гады вайны па даносе здрадніка ледзьве не расстралялі і якая потым, у мірныя гады, выгадавала чацвярых дзяцей. «Такога свята, — казала жанчына, — я за ўсё жыццё не бачыла! Амаль што ў скокі не пайшла...» Што, між іншым, не дзіва, бо іграў для прысутных вядомы гарманіст Міхаіл Папруга.

Не староннім чалавекам адчуваў сябе тут і галоўны інжынер Пагосцкага свінакомплексу Анатоль Уладзіміравіч Несцяровіч (гэта прозвішча тут вельмі папулярнае) — чалавек адметны сваёй дабрынёй, увагай да людзей. Некалі яго маці Ганна Сяргееўна па пуцёўцы камсамола паехала на асваенне цаліны, пражыла там 22 гады, а пасля вярнулася ў родны кут, з усіх бакоў акальцаваны лесам...

А самую малодшую жыхарку вёскі Карбаўское Ганну Іванаўну Навуменку сяльчане завуць Аняй Лізавецінай. У свой час яны з мужам пакінулі кватэру ў Мінску, узялі зямлі, трымалі вельмі моцную гаспадарку...

Што заўжды яднала вяскоўцаў, дык гэта бязмерная любоў да сваёй малой радзімы. І проста цудоўна, што вялікае свята, якое наладзілі для ўсіх дырэктар Любушанскага СДК Таццяна Фёдараўна Несцяровіч і дырэктар аўтаклуба Любоў Дзмітрыеўна Пінчук, адбылося і тут.

Ніна Бурко,

г. Беразіно

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.