Вы тут

Генадзь Салавей: Гомельшчына — тэрыторыя бязмежных магчымасцяў


У Гомельскай вобласці падвялі вынікі трылогіі Года малой радзімы. Ці атрымалася стымуляваць сацыяльна-эканамічнае развіццё ў рэгіёне? Што зроблена для павышэння якасці жыцця людзей? Якое значэнне набылі мясцовыя ініцыятывы жыхароў вобласці? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Салавей.


— Генадзь Міхайлавіч, вядома, аснова любой справы — чалавек, а развіццё рэгіёна — работа гаспадарчага комплексу і канкурэнтаздольная эканоміка — непасрэдна залежаць ад кваліфікаваных кадраў. Якія меры прымаюцца ў Гомельскай вобласці, каб стымуляваць дзелавую актыўнасць насельніцтва?

— За 2018—2020 гады на Гомельшчыне створана каля дзвюх тысяч малых і сярэдніх арганізацый. Больш за 570 з іх — у сельскіх населеных пунктах і малых гарадах. За гэты перыяд амаль 12 тысяч грамадзян зарэгістравалася ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Безумоўна, камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці ў рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» гэтаму спрыялі. Добры вынік прынесла актыўная інфармацыйная работа. На інтэрнэт-сайтах, у сацсетках, праз СМІ і інфармацыйныя сустрэчы жыхары рэгіёна даведаліся, якія дзяржава дае прэферэнцыі для развіцця прадпрымальніцтва.

— Навесці парадак на зямлі, добраўпарадкаваць населеныя пункты, палепшыць якасць жыцця людзей — ключавыя задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам. Што зроблена ў гэтым кірунку?

— У 2018 годзе эпіцэнтрам маштабных пераўтварэнняў стаў адзін з аддаленых раённых цэнтраў Гомельшчыны, пацярпелы ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС — Брагін, а таксама першы беларускі населены пункт, вызвалены ад нямецкіх захопнікаў восенню 1943 года — гарадскі пасёлак Камарын. Па рашэнні Гомельскага аблвыканкама яны былі ўключаны ў праграму комплекснага добраўпарадкавання тэрыторыі. На тэрыторыі Брагінскага раёна абнавілі больш за сто аб'ектаў. Былі праведзены капітальныя рамонты будынка дзіцячай школы мастацтваў у Брагіне і гарадскога Дома культуры ў Камарыне, выканана рэканструкцыя раённага Дома культуры і былога будынка ДТСААФ пад спартыўна-аздараўленчы цэнтр са спартыўнай залай.

У 2019 годзе новае аблічча атрымаў Петрыкаў. Даручэнне прывесці горад на Прыпяці ў ідэальны стан, як і ў цэлым Палескі рэгіён, было дадзена Прэзідэнтам Беларусі. У райцэнтры аднавілі ўсе аб'екты медыцыны, адукацыі, культуры, спорту і камунальнай гаспадаркі. Былі праведзены маштабная замена ўсіх камунікацый, капітальны рамонт жыллёвага фонду і добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц, галоўнай плошчы і цэнтральнага гарадскога парку, выкананы работы па рэканструкцыі атэля і стадыёна, а таксама іншых знакавых аб'ектаў горада. Варта згадаць і рэканструкцыю ў 2018 годзе моста праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне. Збудаванне мае стратэгічнае значэнне для Турава, дзе размешчаны, напрыклад, малочны і кансервавы камбінаты. Для месцічаў гэты мост — адзіны спосаб дабрацца ў раённы цэнтр з аддаленых населеных пунктаў.

Мост праз Пры­пяць у Жыт­ка­віц­кім ра­ё­не.

— Нельга не звярнуць увагу на тое, наколькі паспяхова рэалізуецца комплексны план паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця аднаго з самых буйных раёнаў Гомельскай вобласці — Мазыршчыны...

— Так, два гады запар Мазырскі раён заносіцца на Рэспубліканскую дошку Гонару — гэта высокая адзнака, дадзеная Прэзідэнтам і Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Перад раёнам пастаўлена задача — шукаць пункты далейшага росту эканамічнага патэнцыялу. У прыярытэце — павышэнне ўзроўню жыцця людзей, іх дабрабыт і камфортныя ўмовы для ўсіх катэгорый грамадзян. Мазырскі раён — лідар у рэгіёне па наяўнасці градаўтваральных прадпрыемстваў, якія вядомыя не толькі на Гомельшчыне і ва ўсёй Беларусі, але
і за мяжой. Яны ахопліваюць практычна ўсе галіны народнай гаспадаркі: нафтаперапрацоўку, вытворчасць малочных і мясных прадуктаў, солі, машын і абсталявання, кабеляў, швейных вырабаў.

— Жамчужына Прыпяцкага Палесся — Мазыршчына — летась стала цэнтрам правядзення «Дажынак» у Гомельскай вобласці. Раскажыце, што зроблена ў раённым цэнтры да свята працаўнікоў вёскі?

— Безумоўна, летась Мазыршчына перажывала сапраўдны будаўнічы бум. У раённым цэнтры правялі капітальны рамонт і рэканструкцыю вулічна-дарожнай сеткі, замену водаправодных і каналізацыйных сетак, капітальны і бягучы рамонт жыллёвага фонду. Быў уведзены шэраг сацыяльна значных аб'ектаў, завяршэння якіх жыхары раёна чакалі з нецярпеннем.

Хачу звярнуць увагу, што летась пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыты Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа. Установа цяпер па праве можа прэтэндаваць на статус выбітнага культурнага цэнтра не толькі Мазыра, але і ўсяго Прыпяцкага Палесся. Цяжка пераацаніць значэнне новага аб'екта аховы здароўя — міжраённага кардыялагічнага цэнтра, які адкрыты ў 2019 годзе на базе Мазырскай цэнтральнай гарадской бальніцы. У зоне яго абслугоўвання, апрача Мазырскага, — Нараўлянскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Ельскі і Хойніцкі раёны. А гэта каля 300 тысяч чалавек, якім неабходна дапамога спецыялістаў у лячэнні і прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Адкрыццё Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа.

— Генадзь Міхайлавіч, што яшчэ значнае ў сацыяльнай сферы з'явілася на Гомельшчыне апошнім часам?

— Прапаную працягнуць гаворку аб развіцці сферы аховы здароўя на Гомельшчыне, бо гэты кірунак асабліва актуальны для нашага рэгіёна, які пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. Так, у 2018 годзе рэалізаваны найбуйнейшы праект па рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Яго ажыццяўленне знаходзілася пад патранатам кіраўніка дзяржавы. Пасля маштабнай мадэрнізацыі ўстанова аховы здароўя аказвае дапамогу маленькім пацыентам на якасна новым узроўні.

Летась з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 17-м мікрараёне Гомеля здадзены ў эксплуатацыю сучасны паліклінічны комплекс. Ён не мае аналагаў сярод арганізацый аховы здароўя першаснага звяна ва ўсёй краіне, разлічаны на абслугоўванне 40 тысяч чалавек.

Ад­крыц­цё па­лі­клі­ніч­на­га комп­лек­су ў 17-м мік­ра­ра­ё­не з удзе­лам Прэ­зі­дэн­та Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь.

Летась пасля маштабнага капрамонту адкрыты лячэбны корпус Гомельскай абласной сухотнай клінічнай бальніцы. У ім размясціліся тры пульманалагічныя аддзяленні з сістэмай кіслародазабеспячэння, якая выконвае адну з ключавых роляў у працэсе лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Гэта вельмі важна ва ўмовах пандэміі.

Акрамя таго, летась ў Добрушы адкрыліся абноўленыя акушэрска-гінекалагічнае і цэнтралізаванае стэрылізацыйнае аддзяленні раённай бальніцы. З бюджэту выдаткавана 715 тысяч рублёў. Больш чым 1/3 гэтых сродкаў накіравана на медыцынскае і тэхналагічнае абсталяванне для аддзяленняў, астатнія грошы — на іх капітальнае абнаўленне. У аграгарадках Церахоўка і Карма Добрушскага раёна часткова мадэрнізавалі медыцынскія аб'екты.

Абноўленыя аддзяленні Добрушскай цэнтральнай раённай бальніцы.

— Якія значныя вытворчыя аб'екты нядаўна з'явіліся на Гомельшчыне?

— Гэта новая малочнатаварная ферма саўгаса-камбіната «Зара» ў аграгарадку Завайць Нараўлянскага раёна. Яе, дарэчы, падчас візіту на Гомельшчыну наведаў Прэзідэнт краіны. Новая вытворчасць разлічана на 550 галоў дойных кароў і 700 галоў маладняку. На фінансаванне праекта выдаткаваны ў тым ліку сродкі, накіраваныя на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, у Мазырскім раёне саўгасам-камбінатам «Зара» адкрыта новае сельгаспрадпрыемства па вырошчванні бацькоўскага статку кур-бройлераў. На тэрыторыі новай фермы пяць птушнікаў. Магутнасць — пяць мільёнаў яек у год.

Выканана даручэнне Прэзідэнта — павялічыць магутнасці па вытворчасці мяса птушкі за кошт мадэрнізацыі існуючых вытворчасцяў. Так, у аграгарадку Камунар Буда-Кашалёўскага раёна пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыты цэх «Беларуснафта-Асобіна» па атрыманні мяса птушкі. Новая вытворчасць — гэта чатыры птушнікі, у якіх адначасова можна вырошчваць каля 50 тысяч бройлераў, а гэта амаль удвая больш, чым раней. Праект рэалізаваны па дзяржпраграме развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі на 2016—2020 гады. Аб'ём інвестыцый склаў 6,4 мільёна рублёў.

 Ма­дэр­ні­за­ва­ныя птуш­ні­кі «Бе­ла­рус­наф­та-Асо­бі­на» ў Бу­да-Ка­ша­лёў­скім ра­ё­не.

Адкрыццё ў 2020 годзе новых пелетных вытворчасцяў на Гомельшчыне — сапраўды значны этап эканамічнага развіцця не толькі рэгіёна, але і краіны ў цэлым. Так, пяць тон каштоўнага біяпаліва ў гадзіну выпускае новы пелетны завод у Мазыры. Ён быў узведзены летась у рэкордныя тэрміны. Магутнасць прадпрыемства — 36 тысяч тон прадукцыі ў год. Гэта адзін з самых маштабных праектаў у лясной галіне, які рэалізоўваўся апошнім часам. Вытворчая магутнасць завода — каля 120 тон прадукцыі ў суткі. Прынамсі, першы ў сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі пелетны завод адкрыўся 12 гадоў таму таксама менавіта на Гомельшчыне, у Жыткавіцкім раёне. У 2020 годзе ў раёне адкрыта новая вытворчасць па выпуску паліўных пелет. Гэта высокатэхналагічны завод магутнасцю 20 тысяч тон у год. У праект прыцягнута інвестыцый на суму больш за 5,1 мільёна еўра. Штосутачна тут вырабляюць 20 тон паліўных гранул, якія прыносяць даход у 50 тысяч еўра ў месяц.

— Генадзь Міхайлавіч, выходзіць, нават складаны 2020 год дазволіў Гомельшчыне завяршыць будаўніцтва шэрагу спартыўных аб'ектаў, устаноў адукацыі і культуры...

— Сапраўды, лічу вельмі важным, што гэты навучальны год падарыў маленькім жыхарам Гомельшчыны шанц пайсці ў новыя школы, дзіцячыя садкі, займацца ў гуртках і секцыях новых дамоў культуры і спартыўных комплексаў. Так, летась пасля капітальнага рамонту адкрыты Палац культуры ў аграгарадку Камунар Буда-Кашалёўскага раёна. Уведзены ў эксплуатацыю будынак гісторыка-краязнаўчага музея ў Жлобіне. У курортнай зоне — пасёлку Чонкі Гомельскага раёна — адкрыты новы дзіцячы яслі-сад «Вясёлкаград». Упершыню прагучаў званок у новай школе ў мікрараёне № 21 Гомеля. А ў самым вялікім сельскім населеным пункце Кармянскага раёна — аграгарадку Ліцвінавічы — звыш 130 дзяцей зноў селі за парты ў адноўленай падчас маштабнай рэканструкцыі школе.

Пер­шая ўра­чыс­тая лі­ней­ка ў но­вай ся­рэд­няй шко­ле № 74.

Між тым, толькі за апошнія два гады ў Гомелі адкрыліся тры дзіцячыя садкі ў Навабеліцкім раёне, басейн, шматфункцыянальны спартыўны комплекс, лыжаролерная траса. У пачатку 2020 года адкрыты першы крыты футбольны манеж, пабудаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы за кошт сродкаў абласнога бюджэту і Беларускай федэрацыі футбола.

У Мазыры напярэдадні аграфестывалю «Дажынкі-2020» адсвяткавалі наваселлі адразу некалькі сацыяльна значных аб'ектаў. Так, новы ўтульны будынак атрымаў Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Уваходзіны таксама адзначылі ў спартыўным комплексе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2 Мазыра.

Варта адзначыць, што летась пачалося будаўніцтва ўнікальнай для Гомельшчыны ўстановы адукацыі. Гэта школа ў 96-м мікрараёне абласнога цэнтра, аналагаў якой па многіх параметрах няма на тэрыторыі рэгіёна.

— На гады, прысвечаныя малой радзіме, прыйшлося святкаванне 75-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі, а таксама 75-я гадавіна вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рэалізацыя сапраўды народнага праекта — мемарыяльнага комплексу «Ала», якая праходзіла пад вашым кіраўніцтвам, паказала, як можна развіваць патрыятычны турызм у рэгіёне...

— Для цяперашняга пакалення беларусаў важна захаваць памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, абаронцах Радзімы. Лічу, што ў апошнія гады гэты кірунак атрымаў вельмі важны імпульс. 21 чэрвеня 2020 года ў Светлагорскім раёне з удзелам Прэзідэнта краіны ўрачыста адкрыты мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Ала. У студзені 1944 года тут былі забітыя 1758 чалавек, з іх 950 — дзеці. Гэта ў 12 разоў больш людскіх ахвяр, чым ва ўсім вядомай Хатыні. Свой унёсак ва ўвекавечанне гэтага месца памяці на Светлагоршчыне ўнеслі ўсе беларусы, бо на будаўніцтва аб'екта была накіравана значная частка сродкаў ад рэспубліканскага суботніка.

У 2020 годзе ў Гомелі быў створаны саракаметровы мурал знакамітага гомельскага партызана і падпольшчыка, Героя Савецкага Саюза Емяльяна Ігнатавіча Барыкіна. Выява чалавека-легенды, які адыграў у лёсе Гомеля значную ролю, упрыгожвае фасад жылога дома па вуліцы, названай у яго гонар. Стварэнне мурала — прыклад патрыятычнай ініцыятывы гамяльчан, якая рэалізавалася пры падтрымцы старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Галоўная ідэя праекта — з дапамогай сучасных графічных прыёмаў візуалізаваць вобраз героя, прыцягнуць увагу моладзі да гісторыі роднага горада, да людзей, чые імёны носяць вуліцы абласнога цэнтра.

— Мінулыя тры гады многія называлі самым душэўным аспектам развіцця тэрыторый, абвешчаным на дзяржаўным узроўні. Гэта час для кожнага, незалежна ад пасады і звання, сацыяльнага становішча і дастатку зрабіць штосьці значнае для роднага населенага пункта. Якое значэнне набыла рэалізацыя мясцовых ініцыятыў жыхароў рэгіёна?

— Ініцыятывы толькі падтрымліваюцца! А спрацоўваюць яны найлепш, калі ёсць сумесная работа — людзей, улад, актывістаў грамадскіх арганізацый і, безумоўна, пры падтрымцы рэальнага сектара эканомікі. Лічу, што сур'ёзны вопыт назапашаны ў гэтым плане ў Гомелі. Сіламі жыхароў дэпутацкага корпуса, членаў таварыстваў уласнікаў за асабістыя сродкі і з прыцягненнем спонсарскай дапамогі ў абласным цэнтры добраўпарадкаваныя дваровыя тэрыторыі, з'явіліся новыя гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі. У рэгіёне таксама ёсць выдатныя прыклады. Так, жыхар вёскі Краснае Гомельскага раёна самастойна абсталяваў спартыўную пляцоўку для пляжнага валейбола, якой у летні перыяд актыўна карыстаюцца як дзеці, так і дарослыя. Ураджэнцы аграгарадка Неглюбка Веткаўскага раёна ўладкавалі міні-пляцоўку для футбола і закупілі спортінвентар для дзяцей. Жыхары Ельскага раёна за апошнія тры гады рэалізавалі больш за дзесяць мясцовых ініцыятыў. Ініцыятыўная група на Жлобіншчыне пры падтрымцы райвыканкама і мясцовых прадпрыемстваў распрацавала тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне па ўстаноўцы комплексу вулічных агульнадаступных спартыўных збудаванняў. Як вынік, на тэрыторыі Цэнтра алімпійскага рэзерву ў Жлобіне ўстаноўлена сучаснае варкаўт-абсталяванне, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Між тым, сёння вельмі важна, каб у кожным раёне і нават у кожным населеным пункце быў свой буйны іміджавы праект, які адлюстроўвае мясцовыя асаблівасці і каларыт рэгіёна. Новае дыханне ў гады малой радзімы атрымалі яркія іміджавыя праекты ў сельскіх населеных пунктах Гомельшчыны. Вялікай папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаюцца нашы фестывалі «Кліч Палесся», «Берагіня», «Аўцюкі».

Адзначу, што вялікую ролю ў праведзенай рабоце адыграла інфармацыйная падтрымка СМІ. За мінулы перыяд у рэгіянальных электронных і друкаваных выданнях выйшаў шэраг матэрыялаў, прысвечаных Году малой радзімы. Лічу, што толькі агульнымі намаганнямі атрымліваецца замацоўваць пазітыўны імідж рэгіёна, як тэрыторыі для вядзення бізнесу, пабудовы сям'і і выхавання дзяцей. Бо сапраўды Гомельшчына — тэрыторыя бязмежных магчымасцяў.

Тэхнапарк «Карал» ў Гомелі — унікальны для Беларусі вопыт па стварэнні суб’екта інавацыйнай дзейнасці пры задзейнічанні свабоднай эканамічнай зоны. Галоўная ідэя праекта — паляпшэнне ўмоў для дзейнасці інавацыйных прадпрыемстваў, вытворчасці запатрабаваных на сучасным рынку тавараў і паслуг, умацаванне партнёрскіх адносін паміж органамі ўлады, прадстаўнікамі навукі, бізнесу і адукацыі. Стварэнне тэхнапарка ўключыла рэканструкцыю вытворчых памяшканняў і адміністрацыйна-бытавых карпусоў, што ўваходзілі ў склад былога завода «Карал». Праект і асноўную частку будаўніча-мантажных работ выканалі гомельскія архітэктары і будаўнікі. У тэхнапарку прадугледжаны зоны з розным функцыяналам: офісныя, вытворча-лабараторныя і дапаможныя памяшканні. Створаны цэнтр прататыпіравання і 3D-мадэлявання, які дапаможа выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі не толькі ў вытворчасці, але і ў медыцыне. Цэнтральны вылічальны комплекс на базе двух высокапрадукцыйных сервераў здольны забяспечыць патрэбы не толькі самога тэхнапарка, але і іншых арганізацый Гомеля.

Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.