Вы тут

Беларусь і Казахстан будуць супрацоўнічаць у вытворчасці беспілотнікаў


Краевугольным каменем для партнёрства дзвюх краін у сферы высокіх тэхналогій стала пагадненне аб стварэнні падкамісіі па развіцці супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы. Яно было падпісана ў лістападзе мінулага года. Да канца 2018-га ў Астане ўдалося рэалізаваць сумесны праект у гэтым кірунку. У сталіцы Казахстана адкрылася цяплічная гаспадарка з асвятленнем святлодыёднымі лямпамі, створанымі Цэнтрам святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Фота sovrep.gov.by

Пра тое, што наперадзе шэраг яшчэ больш маштабных праектаў, гаварылі на гэтым тыдні ў Мінску падчас першага пасяджэння падкамісіі па развіцці супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Сената парламента Казахстана.

«Зусім нядаўна мы адкрылі самую буйную ў рэгіёне цяпліцу для вырошчвання агародніны па беларускіх тэхналогіях. Наша святлодыёдная тэхніка гарантуе павышэнне ўраджайнасці таматаў у два разы. Прычым гэта не проста цяпліца, а высокатэхналагічны праект. Мы плануем яго пашыраць як у Казахстане, так і за яго межамі», — сказаў Сяргей РАХМАНАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

Па словах сенатара, Беларусь уваходзіць у шэраг краін-лідараў па вытворчасці тэхнікі для догляду (сюды ўключана і тэхніка для догляду са штучным інтэлектам, і медыцынскія рэнтгенаўскія тамографы).

«Вось гэтыя рэчы мы збіраемся ствараць сумесна. І наша ідэя заключаецца ў тым, каб, працуючы разам з Казахстанам, адначасова працаваць па перыметры нашых краін, з трэцімі краінамі», — паведаміў Сяргей Рахманаў.

На думку казахстанскіх парламентарыяў, для Беларусі асаблівую значнасць маюць сумесныя праекты ў сферы перапрацоўкі нафты. А чым цікавая казахстанскім навукоўцам наша краіна, расказаў Бакытжан ЖУМАГУЛАЎ, член Камітэта Сената парламента Рэспублікі Казахстан па сацыяльна-культурным развіцці і навуцы: «Нас цікавяць у Беларусі новыя тэхналогіі па беспілотніках, ІТ-тэхналогіі. Па шматлікіх галінах эканомікі ёсць вельмі сур'ёзныя распрацоўкі і інавацыйныя праекты, якія маглі б працаваць на казахстанскую эканоміку. Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя. Што датычыцца нашага боку, мы таксама вельмі зацікаўленыя, каб распрацоўкі і новыя тэхналогіі, якія ў нас ёсць (асабліва ў кірунку навуковых даследаванняў), былі даступныя для беларускага боку».

Аб тым, што парламентарыі сур'ёзна настроены як мага хутчэй ад перагавораў падысці да рэалізацыі канкрэтных праектаў, сведчыў і склад удзельнікаў сустрэчы. На пасяджэнне з беларускага боку былі запрошаны прадстаўнікі Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Навукова-даследчага інстытута тэхнічнай аховы інфармацыі, супрацоўнікі прадпрыемства па вытворчасці оптаэлектронных прылад для вымярэння геаметрычных велічынь.

Па словах парламентарыяў, практычных вынікаў ад рэалізацыі новых праектаў можна чакаць ужо ў канцы бягучага года.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.