Вы тут

Брэсцкая крэпасць замацоўвае кантакты з музеямі Масквы і Валгаграда


Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» плануе заключыць дагаворы аб супрацоўніцтве з двума расійскімі музеямі на будучым Форуме рэгіёнаў. Пакуль што доўгатэрміновы дагавор аб супрацоўніцтве крэпасць мае толькі з Музеем Перамогі ў Маскве. Дарэчы, дакумент падпісалі летась на Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме. А цяпер падрыхтаваны пакет дакументаў на дагаворы з музеем-панарамай «Барадзінская бітва» ў Маскве і гісторыка-мемарыяльным музеем-запаведнікам «Сталінградская бітва» ў Валгаградзе.


— Мэтай пагадненняў вызначылі пашырэнне доступу наведвальнікаў да гістарычнай спадчыны дзвюх краін, прыцягненне турыстычных патокаў у кожны з музеяў, — расказала намеснік дырэктара Брэсцкай крэпасці Ларыса БІБІК. — Пасля заключэння дагавораў стануць рэальнасцю сумесныя выставачныя праекты, удзел музейных работнікаў у навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, іншых мерапрыемствах. І для любога наведвальніка экспазіцыі ў любой з краін будуць несумненныя плюсы. Скажам, зазірнуў у Музей абароны крэпасці і пазнаёміўся з гісторыяй Барадзінскай бітвы альбо сталінградскай эпапеі. Тое ж самае і для турыста ў Маскве альбо Валгаградзе — з'явіцца магчымасць дакрануцца да гісторыі першых дзён вайны і абароны Брэсцкай крэпасці.

Прыклады паспяховага супрацоўніцтва Брэста з калегамі ўжо ёсць. Год таму ў Музеі абароны адкрылася выстаўка «Бессмяротны горад нашай славы» з фондаў Дзяржаўнага музея гераічнай абароны і вызвалення Севастопаля. У адказ у гэтым горадзе таксама адкрылася выстаўка, прысвечаная 180-гадовай гісторыі крэпасці над Бугам. Нашы музеі запатрабаваныя ў грамадзян абедзвюх краін. Пра гэта сведчыць наступны факт: у маі гэтага года мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» ушанаваў 25-мільённага наведвальніка. Ім стала масквічка Марыя Васіна, якая прыехала з сям'ёй на экскурсію ў Брэст.

Папярэдняя дамоўленасць аб заключэнні пагадненняў была дасягнутая ў красавіку на сумеснай калегіі міністэрстваў культуры Расіі і Беларусі. Паводле інфармацыі дырэктара мемарыяльнага комплексу, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Рыгора БЫСЮКА, менавіта расійскія калегі прапанавалі замацаваць дагаворамі сумесныя праекты, якія павінны набыць пастаянны характар.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Наша гісторыя

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.