Вы тут

Лукашэнка даручыў прадумаць рэагаванне на размяшчэнне амерыканскіх танкаў у Літве ля мяжы з Беларуссю


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савета бяспекі і міністру абароны распрацаваць і ў самы бліжэйшы час прадставіць яму план мерапрыемстваў па адэкватным рэагаванні на дзеянні, звязаныя з размяшчэннем у Літве ў непасрэднай блізкасці ля мяжы з Беларуссю бранятанкавай тэхнікі і кантынгенту ўзброеных сіл ЗША. Пра гэта журналістам паведаміў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, паведамляе БЕЛТА.


Фота БЕЛТА

Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, у Літву ўжо прыбываюць падраздзяленні амерыканскай бранятанкавай дывізіі. Пры гэтым месцам дыслакацыі абраны палігон Пабрадэ літаральна за 15 км ад мяжы з Беларуссю. "Гэта адзін з самых буйных ваенных палігонаў на тэрыторыі Літвы. Да гэтага часу амерыканскіх падраздзяленняў у гэтай краіне не было. Зараз яны там з'яўляюцца. Перш за ўсё прыбываюць танкавыя падраздзяленні", - сказаў Станіслаў Зась.

Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі нельга быць проста назіральнікам. "У любой краіне прапрацоўваюцца меры ў адказ (на падобныя крокі з боку краін-суседзяў. - Заўвага БЕЛТА). І кіраўнік дзяржавы паставіў задачу Дзяржсакратарыяту і Міністэрству абароны ўнесці прапановы па рэагаванні на гэты факт. Такія прапановы будуць адпрацаваны і даложаны Прэзідэнту ў пачатку наступнага тыдня", - заявіў Дзяржсакратар Савета бяспекі.

Станіслаў Зась асабліва падкрэсліў, што гэтыя дзеянні робяцца на фоне растучай напружанасці ў рэгіёне і свеце, што ўплывае і на стан бяспекі. "Нам гэта не трэба. Ці патрэбна Літве такая дадатковая напружанасць паміж нашымі дружалюбнымі народамі, хай яны самі прымаюць рашэнне", - выказаўся ён.

Тое ж самае тычыцца і пытання заклапочанасці беларускага боку з нагоды рыхтуемых маштабных вучэнняў НАТА Defender Europe, якія плануецца правесці вясной 2020 года. Чакаецца, што ў манеўрах на тэрыторыі 10 еўрапейскіх краін, уключаючы сумежныя Польшчу, Літву і Латвію, возьмуць удзел вайскоўцы 18 дзяржаў. "Рэакцыя Прэзідэнта Беларусі на гэтыя вучэнні не нейкая асаблівая. Яна роўная і адэкватная тым падзеям, якія вызначаюцца ў наступным годзе, - адзначыў Станіслаў Зась. - Гэта адны з самых буйных вучэнняў за апошнія 25 гадоў. У іх возьмуць удзел каля 40 тыс. вайскоўцаў з 18 краін - членаў НАТА. І прытым каля паловы гэтых ваеннаслужачых - з ЗША ".

Паводле яго слоў, асаблівасцю вучэнняў з'яўляецца тое, што шырока плануецца адпрацаваць пытанні перакідання войскаў з тэрыторыі ЗША на еўрапейскі кантынент. "Рознымі спосабамі: марскім, паветраным транспартам - з выкарыстаннем марскіх партоў еўрапейскіх дзяржаў, аэрадромаў. І сухапутным спосабам з тых баз, якія створаны ў Еўропе", - растлумачыў Станіслаў Зась.

"Важна разумець, на якім фоне праводзяцца гэтыя вучэнні. Усе мы з'яўляемся сведкамі нарастання супрацьстаяння паміж цэнтрамі сілы. На жаль, адбываецца практыка вяртання да палітыкі мілітарызацыі, гонкі ўзбраенняў. Ваенныя выдаткі ва ўсіх нашых суседзяў у апошнія гады растуць. Мала таго, што яны большыя, чым у Беларусі і ў грашовых адзінках, і ў працэнтах ад ВУП, але яны растуць. Гэта значыць у наяўнасці мілітарызацыя гэтага рэгіёну. Вось у такой сітуацыі плануецца праводзіць вучэнні ", - канстатаваў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.