Вы тут

Іван Ахлабысцін: Не магу не думаць пра кашалёк — я ж бацька сямейства!


Нядаўна на вялікія экраны выйшла камедыя «Халоп». Адну з яркіх роляў у ёй выканаў Іван Ахлабысцін. Па сюжэце малады распешчаны хлопец Грыша (Мілаш Бікавіч) вядзе разгульнае жыццё, настолькі безадказнае, што ледзь не трапляе ў турму. Каб перавыхаваць сына, бацька-алігарх (Аляксандр Самойленка) і яго знаёмы-псіхолаг (Іван Ахлабысцін) адпраўляюцца ў закінутую вёску, дзе спрабуюць узнавіць атмасферу царскай Расіі 1860 года. У выніку падстаўной аварыі туды трапляе і сам Грыша, які становіцца халопам.


Іван Ахлабысцін быў на здымках у Беларусі, калі мы сустрэліся, каб абмеркаваць фільм. На час здымак акцёр пасяліўся ў загарадным катэджы недалёка ад Мінска.

Мы праходзім у дом, дзе нас звонкім брэхам сустракае ахоўніца пароды шы-тцу, якую гаспадар называе Глафірай. «Гэта Плюша, — папраўляе мужа Аксана Уладзіміраўна, а ў позірку папрок. — Жывёл нельга называць людскімі імёнамі!» Яна клапатліва налівае нам чай і частуе цукеркамі. Пакуль перакусваем, Ахлабысцін расказвае пра «Халопа»:

— «Халоп» — гэта лёгкае навагодняе кіно. Гэта буф, які не патрабуе праўдападобнасці і наяўнасці сур'ёзных пытанняў. Калі здымаюць, напрыклад, дэтэктыў, фільму нельга дараваць нематываваную лухту. А ў буфе можа адбывацца што заўгодна.

— У рэжысёра фільма Кліма Шыпенкі не так шмат камедый. Ці лёгка вам было здымацца?

— У фільме моцная драматургічная аснова. Я, сам пабыўшы сцэнарыстам, у гэтым разбіраюся. Да таго ж над карцінай працаваў чалавек, якога я ведаю па «Інтэрнах». Ён не халтуршчык. Наогул, у кіно нельга напэўна сказаць, добра атрымаецца ці дрэнна, таму што гэта заўсёды містыка. Бывае, здымаешся — выдатны акцёрскі калектыў, добра працуюць цэхі, выдатная абстаноўка. А выходзіць глупства нейкае. А бывае, праз пень-калоду робяць — там недазнялі, там недаагучылі — а ў выніку добры фільм атрымліваецца.

— Як вам працавалася з нашай зямлячкай Сашай Борціч?

— Вельмі добра! Мне наогул шанцуе. Дзіўна казаць «нашы-вашы», калі такіх адрозненняў на рабоце не існуе. У нас залатое кам'юніці. Здымалі «Інтэрны» — палова грымёрнага цэха беларусы. Аператарскія групы, візажысты з «Беларусьфільма» часта змяняюцца з расійскімі, даючы адзін аднаму адпачынак. У нас адбываюцца пастаянны абмен, кругаварот і вытворчы булён.

— «Халоп» для вас быў роляй для кашалька або для душы? І як часта вы згаджаецеся на ролі дзеля грошай?

— Ласкай Божай у мяне атрымліваецца сумяшчаць. Я не магу не думаць пра кашалёк, таму што я бацька сямейства. Было б дзіўна, калі б я займаўся выключна самавыяўленнем. Але было б яшчэ больш дзіўна, калі б я прасіў толькі грошы, без якой-небудзь спробы самарэалізавацца. Заўсёды імкнуся знайсці здаровы кампраміс. Мабыць, у маёй біяграфіі няма праектаў толькі дзеля грошай. Як і няма праектаў толькі дзеля самавыяўлення, акрамя, хіба што, аднаго з першых — «Нагі».

— Маглі б вы каго-небудзь са сваіх дзяцей у выхаваўчых мэтах адправіць у вёску ХІХ стагоддзя?

— Лягчэй пабіць. Навошта грошы марнаваць? (Смяецца. — Аўт.) Узяў рэмень шырокі, каб не скалечыць, — і па ляжках. А гэты... цэлую вёску будаваў. У багатых свае дзівацтвы.

Дзіця — яно ж, як звярок, да пэўнага ўзросту. Караць часам трэба. У гэтым няма нічога дрэннага, калі не страчаная логіка пакарання, і яно разумее, за што атрымлівае. Але выхоўваць трэба незласліва. Хоць у мяне не такія дзеці. Бывае ўсякае, аднак мы ўмеем дамовіцца.

— У фільме галоўны герой — распешчаны малады чалавек. Што вы думаеце пра сучасную моладзь, якая яна?

— Добрая. Я мяркую па сваіх дзецях і іх кампаніі, па хлопцах, з якімі працую на пляцоўцы і якіх бачу на вуліцы. У нас моладзь адэкватная. Засталося нешта вельмі добрае, што было яшчэ ў часы СССР, але і з'явіўся пазітыўны еўрапейскі ўплыў, і гэта выдатная сумесь. Яны ў меру інтэлігентныя, таварыскія, адказныя, умеюць расстаўляць прыярытэты. Вядома, ёсць выключэнні з усяго, але, увогуле, яны ўмеюць пераадольваць складанасці і думаць пра наступствы. Задумваюцца аб прафесіі, а цяпер гэта складана. Ім максімальна ўскладнілі магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі, ад гэтага тысячы праблем. Пры ўсім гэтым яны не агрэсіўныя. Як і ў кожным пакаленні, ёсць свае недахопы і мінусы. Але мне падабаецца наша моладзь.

— Нарабіла шуму гісторыя з эратычнымі сцэнамі Крысціны Асмус у фільме «Тэкст». Ці ёсць усё ж мяжа ў кінематографе, якую нельга пераступаць?

— Вядома, ёсць, я сам бы ў жыцці не дазволіў сваім дзецям здымацца ў такіх сцэнах. Калі б у мяне пыталіся, зразумела. І па задніцы б ім надаваў, калі б даведаўся, што падобнае адбывалася. Я не бачыў фільм! І не буду глядзець. Гэтыя сцэны — памылка. Бязглуздыя апраўданні, што там анучкі празрыстыя накладваюць і нічога не адбываецца, — гэта лухта сабачая.

Але Крысціна мой сябар. А я істота слабая і часта неаб'ектыўная. Я буду абараняць яе, нават калі яна памыляецца. Таму што ведаю яе як наіўнага рамантыка: яна не распусная сама па сабе. Памятаю Крысціну па рабоце ў «Інтэрнах», і мне цяжка ўявіць, што яна стала амаральным чалавекам. Можа, яна ўзмужнела за гэты час, але дакладна засталася прыстойнай і сумленнай. Усе маюць права на памылку.

— А як вы ставіцеся да фемінізму?

— Я не разумею, навошта жанчынам змагацца за тое, каб, напрыклад, насіць цяжкія рэчы? Навошта наогул змагацца за нешта, калі мы іх абагаўляем? Жанчына — гаспадыня ўнутранага свету грамадства. Калі мужчына прыходзіць дадому, ён павінен падпарадкоўвацца ўстаноўкам і правілам жанчыны, таму што яна лепш ведае, як усё працуе ўнутры. Мужчына — гаспадар знешняга свету. Калі жанчына выходзіць туды, ёй лепш слухацца мужчыну, каб не патрапіць у пастку або няёмкую сітуацыю.

— Што галоўнае ў шлюбе?

— Яго разуменне. Усведамленне, што ёсць істота, якая стала часткай цябе. З цягам часу муж і жонка праходзяць усе стадыі. Ад сексуальнага партнёрства — праз сяброўства, прывыканне, прыціркі — да самага важнага моманту, калі ты ўжо не можаш аддзяліцца ад сваёй жанчыны. Да піку, да несыгранай ноты, калі ў слухачоў ад захаплення займае дух. Шлюб — гэта нота, якую ніхто не пачуў, але яна самая галоўная.

— Як звычайна сустракаеце святы?

— У нейкі момант я зразумеў, што мы перасталі атрымліваць задавальненне і захапленне ад свят. Ці то гэта ўзроставае, ці то нешта змянілася ў нас... Але мы не хацелі, каб так працягвалася, чараўніцтва трэба было вярнуць. Таму дамовіліся з нашымі сябрамі-святарамі слухаць на Новы год літургію. Кажуць, як год пачнеш, так і скончыш. А боская літургія — гэта самае важнае і велічнае, самае прыгожае, з чым можна ўсёй сям'ёй увайсці ў новы год. Таму 31 снежня да дзесяці-адзінаццаці мы прыходзім у храм, які наведваем ужо чвэрць стагоддзя. Збіраюцца нашы сябры, іх дзеці. Літургія заканчваецца а палове першай. Потым мы едзем дадому, а там усё як заўсёды: аліўе, фільм Эльдара Разанава, потым паездка да бацькоў...

Калі мы пачалі сустракаць Новы год так, атрымалася вярнуць гэтае захапленне, свята стала не проста пярэстым, але і асэнсаваным. З тых часоў прытрымліваемся гэтай традыцыі, усё праходзіць аднолькава выдатна. Цяпер, праўда, звыклы ход трохі змяняецца: моладзь паволі пачынае зрушваць нас з вялікага пакоя на кухню. Гоняць нас глыбей у логава, у іх свая атмасфера. Але нам гэта вельмі падабаецца.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.