Вы тут

Каманда КВЗ «Дзеці Цьюрынга»: Нашы апетыты растуць


«Беларусы — самыя ўплывовыя людзі ХХІ стагоддзя». «На сёння ў нас ёсць дзве задачы. Па-першае, мы павінны прайсці ў адну чацвёртую. А, па-другое, нам як беларусам важней выйсці да мора, таму першачарговая задача на сёння — затапіць Прыбалтыку, а больш канкрэтна — Літву». «Заўтра мы з вамі прачнёмся ў адной вялікай краіне — у адной Беларусі», «Прызнайцеся, што вы нават і падумаць не маглі, што ваша новая канстытуцыя — беларуская». Гэтыя жарты ўжо папоўнілі залатую калекцыю класікі КВЗ.


Каманда факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ «Дзеці Цьюрынга» не толькі здолела прабіцца ў Вышэйшую лігу Клуба вясёлых і знаходлівых, але і літаральна «парвала залу» ў сваёй першай гульні, здзейсніўшы мару многіх КВЗэшнікаў, — «злавіла паравоз» — доўгія авацыі, якія не спыняюцца, а толькі нарошчваюць тэмп. Прычым не аднойчы. А гэта дарагога варта. Мы сустрэліся з двума прадстаўнікамі каманды (сабраць разам усіх праблематычна), каб пагутарыць пра тое, што не відаць звычайнаму гледачу тэлеэфіру гульні. Нашымі суразмоўцамі сталі Марк ВЯЛІЧКА (капітан) і Аліна КАРПОВІЧ.

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ.

— Ваш шлях у Вышэйшую лігу аказаўся надзвычай кароткі, асабліва калі ўлічыць, што каманда была ўтворана толькі ў 2017 годзе. Хто, дарэчы, быў ініцыятарам?

АЛІНА: — «Дзеці Цьюрынга» выраслі са студэнцкіх капуснікаў. У Беларускім дзяржаўным універсітэце ёсць традыцыя — першакурснікі павінны зладзіць свой. Іх задача — напісаць штосьці смешнае пад кіраўніцтвам сваіх куратараў, студэнтаў больш старшых курсаў. Вось так мы ўсе і пазнаёміліся. Андрэй Шляхаў быў куратарам ва Улада Дзейкуна, Улад з Ягорам Тоўсцікам — куратарамі ў Марка, Улад быў куратарам таксама і ў мяне. Мы перазнаёміліся, усё гэта збіралася, як снежны ком: у нашай камандзе ёсць прадстаўнікі розных курсаў ФПМІ, магістратуры і выпускнікі факультэта.

МАРК: — Яе склад практычна не змяняўся з моманту ўтварэння. Я гуляў у КВЗ са сваёй аднакласніцай Арынай Сцепанцовай яшчэ ў школе. Калі мы паступілі ва ўніверсітэт, то вырашылі, што трэба сабраць каманду і пагуляць у КВЗ ужо тут. Я паклікаў тых, з кім ладзіў капуснік. Аліну, напрыклад, запрасіў у каманду, каб яна спявала, бо ўмее гэта рабіць. Бессэнсоўны набытак (смяецца. — Аўт.), бо пазней высветлілася, што спяваць мы не будзем...

— Жартаваць адно з аднаго — гэта ў вас традыцыя?

МАРК: — Калі б Аліна ўмела жартаваць, то гэта была б, напэўна, традыцыя (зноў смяецца)... А калі сур’ёзна, то ўсе жарты мы ствараем разам. У КВЗ ёсць каманды — «галовы», якія гавораць: выступаюць на сцэне, а ўсе тэксты для іх пішуць аўтары. А мы не толькі выходзім на сцэну, але і самі пішам, а потым гэта паказваем.

У нас няма рэжысёраў, ёсць толькі гукарэжысёр, які адказвае за ўсю музычную частку, відэарад, карацей, за ўсе медыя падчас нашага выступлення. Прычым у конкурсе «Размінка» ён выходзіць нам на дапамогу. На сцэне прадстаўлены шэсць чалавек, і столькі ж працуюць на агульны поспех за ёй: шукаюць рэквізіт, вырашаюць арганізацыйныя пытанні. Мы вельмі кампактная каманда. Так, нам пашчасціла трапіць у Вышэйшую лігу КВЗ, не выступіўшы ні ў Прэм’ер-лізе, ні ў Першай... У 2019 годзе мы сталі чэмпіёнамі Лігі Масквы і Падмаскоўя і ўладальнікамі кубка Адкрытай лігі КВЗ БДУ. А ў Вышэйшую лігу адабраліся па выніках фестывалю ў Сочы, дзе бралі ўдзел 457 зборных. Як гэта ўспрынялі іншыя каманды, якія доўга і ўпарта спрабуюць трапіць у «вышку»? Шчыра скажу, што нейкага негатыву мы не адчулі ні ад кога. Наадварот, да нас падыходзілі і віншавалі тыя, з кім мы ўвогуле не былі знаёмыя.

— Вы сказалі, што касцяк каманды складаюць студэнты. І як вам удаецца сумяшчаць сваё хобі з вучобай?

МАРК: — З розным поспехам. Я, напрыклад, зараз яшчэ здаю зімовую сесію. Не таму, што я такі непаспяховы студэнт, а таму, што пастаянна адсутнічаў. Напрыклад, мы правялі ў Маскве дзесяць дзён да здымак 1/8 фіналу. У студзені былі на фестывалі «КіВін» у Сочы. А ў мяне яшчэ і выпускны курс, таму наперадзе чакае абарона дыплома. Насамрэч, нашмат складаней сумяшчаць КВЗ і работу. Бо акрамя вучобы мы ўсе працуем у ІТ-кампаніях. Нясём адказнасць і перад работадаўцамі, і перад камандай, з якой разам шчыруем на праекце.

— Гульня ў КВЗ — дарагое задавальненне. ІТ-бізнес вас не хоча падтрымаць?

МАРК: — Я думаю, што аўдыторыі ў КВЗ і ІТ-індустрыі не супадаюць. Многія беларускія кампаніі працуюць з замежнымі заказчыкамі, якім гэта проста нецікава. З камерцыйнага пункту гледжання такое спонсарства ім нічога не дасць, калі толькі хто-небудзь не паклапоціцца пра сваю іміджавую гісторыю. Мы ад такой дапамогі дакладна б не адмовіліся. Універсітэт нам, канешне, дапамагае, але нашы выдаткі нашмат большыя, і мы ўкладваем у сваё хобі тыя грошы, якія зарабляем па-за вучобай.

— На першай гульні ў Вышэйшай лізе вы ўпэўнена заявілі: «БДУ вяртаецца». Але за апошнія дваццаць гадоў КВЗ вельмі моцна змяніўся. І калі раней дастаткова было проста добра жартаваць, то цяпер большасць камандаў ладзяць на сцэне тэатралізаванае шоу з вялікай масоўкай і багатым рэквізітам, запрашаюць «зорак» і нават цэлыя харавыя калектывы. Як вы збіраецеся ім супрацьстаяць? І чый стыль вам найбольш блізкі?

МАРК: — Я лічу, што ў КВЗ па-ранейшаму дастаткова проста якасна жартаваць. Доказ таму — поспех у гульні каманды «ДАЛС» («Дэтэктыўнае агенцтва «Луннае святло»), дзе на сцэне былі ўсяго два чалавекі. Без усялякіх шоу выступалі таксама «Барцы», «Камызякі», «Кефір» і тая ж «Руская дарога», якая размахнулася з хорам толькі ў сваім апошнім фінале.

АЛІНА: — Мне вельмі падабаюцца «Плюшкі Яраслава Мудрага»: класная каманда, якая брала не масавасцю, а жартамі і нечаканымі паваротамі ў гумары. Ёсць каманды чэмпіёнскія, а ёсць народныя.

МАРК: — Галоўнае, каб было смешна, а праз якую прызму гэта падаецца, няважна. Няма рэцэпта, як каманды становяцца народнымі і чаму іх пачынаюць любіць гледачы. Мяркую, чым больш ты гуляеш, тым больш раскрываешся, і глядач ужо любіць артыста на сцэне, а не вобразы, якія той увасобіў. Але для гэтага трэба вельмі шмат выступаць, каб цябе палюбілі як «Уральскіх пельменяў» ці двойчы чэмпіёнаў — зборную КВЗ БДУ.

І ўсё ж такі КВЗ моцна змяніўся. Цяпер вельмі высокая шчыльнасць гумару — трэба выдаваць жарт кожныя дзесяць секундаў. На сцэне ўсе размаўляюць жартамі. У тэлеэфіры апошнім часам з’явілася мноства гумарыстычных шоу. Чалавек можа проста зайсці на «Ютуб» і паглядзець пяцісекунднае смешнае відэа. Глядач прывыкае спажываць гумарыстычны кантэнт так, каб было смешна пастаянна, а пакажы яму выступленні старых камандаў КВЗ, яны скажуць: а з чаго там смяяцца? Я ўпэўнены, што цяпер больш дынамікі і разнастайнасці. Так, у КВЗ няма эпатажу, ніхто не здзекуецца з гасцей у студыі, але гэта раней ён быў аазісам гумару, а зараз у яго з’явілася шмат канкурэнтаў.

— Ад беларускай каманды ўсе чакаюць жартаў пра Беларусь. Як доўга, на ваш погляд, можна эксплуатаваць гэту тэму, каб заставацца цікавым гледачу?

МАРК: — Канешне, нельга бясконца жартаваць над тым, што беларусы — самыя ўплывовыя людзі ў свеце. Але ж ніхто не сумняваецца, што мы прыехалі з Беларусі, і калі ў цябе ёсць свой, невыдуманы бэкграунд, то, хутчэй за ўсё, на гэтым можна ехаць доўга. Але мы ніколі не будзем жартаваць са злосцю, бо мы любім сваю краіну і дрэнны жарт пра Беларусь нас абражае. Пажартаваць пра тое, што беларускае Міністэрства замежных спраў уваходзіць у ТОП самых аранжавых, — гэта ж не крамола, ніхто, спадзяюся, на нас не пакрыўдзіўся. Мы жартавалі ў музычным фрыстайле пра тое, што ўсе заўтра прачнёмся ў адной вялікай Беларусі, але ёсць палітычныя пытанні, якія датычацца нашай незалежнасці, і мы насамрэч не збіраемся аб’ядноўвацца з Расіяй. І выходзіць на сцэну і казаць, як гэта будзе добра, мы таксама не будзем.

— Любой гульні папярэднічаюць прагляды рэдактараў. Скажыце, ці моцна пацярпеў матэрыял, з якім вы прыехалі заваёўваць Вышэйшую лігу?

МАРК: — Першапачаткова наш музычны конкурс быў прысвечаны толькі аб’яднанню Беларусі і Расіі, і там не было другога блока пра далучэнне да Беларусі ўсіх краін свету. Аляксандр Васільевіч Маслякоў сказаў, што ў сярэдзіне нумара пачынаеш верыць, нібыта ўсё так і ёсць, і калі чалавек будзе блукаць па каналах і трапіць на сярэдзіну гэтага нашага выступлення, то ён не зразумее, што адбываецца. Таму мы дапісвалі ўжо ў Маскве палову нашага музычнага нумара. А ў «візітоўцы» нічога змяняць не давялося.

— «Галустян, Харацьян — гэтыя беларусы ўсе на адзін твар», — жартавалі вы. Пра склад журы вам паведамляюць загадзя?

МАРК: — Прысутнасць Харацьяна была пад пытаннем, нам дакладна паведамілі, што ён будзе, прыкладна за дзень да гульні, таму гэты жарт з’явіўся ў фрыстайле літаральна ў апошні момант. На жаль, тэлеэфір не перадае таго, што адбывалася ў зале. Былі моманты, калі я сам сябе не чуў: літаральна крычаў тэкст, але не чуў. А жарт «Аляксандр Васілевіч, прабачце, але цяпер быць прэзідэнтам і паўсюль вазіць свайго сына — ужо не ваша фішка» ніхто ў зале не пачуў, таму што працягвалі смяяцца з папярэдняга жарта. Калі мы на прагоне паказалі яго Аляксандру Васільевічу, той адкінуўся і засмяяўся ў голас. Добра, што хоць у тэлеэфіры жарт не захлынуўся, бо на ўсіх нас замацаваныя мікрафоны і гук для тэлекарцінкі «прайшоў».

— Конкурс «Размінка», як цяпер конкурс «Сітуацыя», дзе трэба праявіць дасціпнасць, хуткую рэакцыю і імправізацыю, часта з’яўляецца вырашальным для перамогі каманды. «Руская дарога» згуляла яго бліскуча і выраўняла сваё адставанне ад вас. Як вы думаеце, а ці можна натрэніраваць пачуццё гумару?

МАРК: — «Размінка» — гэта калектыўная работа ўнутры кола. Канешне, мы трэніруемся, бо ёсць схемы, па якіх ствараюцца жарты, і чым часцей ты гуляеш у размінку, там лепш у цябе атрымліваецца. Гэта конкурс, дзе трэба быць расслабленым. А калі ты выходзіш на сцэну ў «вышцы» першы раз, расслабіцца вельмі праблематычна. Складана імправізаваць, калі адчуваеш скаванасць. Трэба ўмець абстрагавацца ад таго, што патрэбны вынік, і проста гуляць у свае задавальненне, і тады ўсё атрымаецца. У «Рускай дарогі» была вялікая перавага ў гэтым конкурсе, бо для іх гэта ўжо чацвёрты сезон і, адпаведна, яны маюць вялікі досвед.

АЛІНА: — Мы шмат рыхтаваліся, прыдумвалі розныя сітуацыі. Глядзелі гумарыстычнае шоу «Не спаць», якое калісьці выходзіла на ТНТ: там таксама быў падобны конкурс з рэквізітам.

— У першай жа гульні лёс звёў вас з любімай многімі камандай «Руская дарога», якая вярнулася ў Вышэйшую лігу па чэмпіёнства. Наколькі ўпэўнена вы адчувалі сябе побач з імі на сцэне?

АЛІНА: — Было класна выступаць з «Рускай дарогай» у 1/8. Ніякай эмацыянальнай падаўленасці ў нас з гэтай нагоды не было.

МАРК: — Гэта самая любімая наша каманда ў гэтым сезоне, і тое, што мы трапілі з імі ў адну гульню, калі мелі вельмі моцны матэрыял і ўсе шанцы выйграць, было прыкольна. Складаней нам будзе далей, калі мы зноў з імі перасячомся.

— У Вышэйшай лізе сёлета гуляе яшчэ адна яркая беларуская каманда з Магілёва «Доктар Хаўс». Аматарам КВЗ у нашай краіне хацелася б, каб абедзве каманды прасунуліся як мага далей у гульні. Ці гатовыя вы сапернічаць з землякамі?

МАРК: — Я бачу праблему толькі ў тым, што нашы жарты могуць перасякацца. Таму каманды наўрад ці паставяць у адну гульню. Мяркую, што або хто-небудзь з нас пакіне гульню па ходзе сезона, або мы вылецім разам, або сустрэнемся адно з адным толькі ў фінале.

АЛІНА: — Калі нас ставіць у розныя гульні, то шансы, што іх паглядзіць большая колькасць гледачоў, павышаюцца. Я лічу, што гэты год увогуле вельмі ўдалы для беларускага КВЗ: дзве каманды трапілі ў Вышэйшую лігу, адна — у Прэм’ер-лігу, яшчэ дзве гуляюць у Міжнароднай лізе КВЗ.

— Пасля вашага першага выступлення інтэрнэт літаральна выбухнуў. Адны пішуць «Брава, дзеці! Але толькі давайце і ў наступнай чвэрці атрымайце адны пяцёркі! Апантана хочацца працягу!» Але ёсць і скептыкі, якія кажуць, што шмат з таго матэрыялу, з якім вы перамаглі, раней дэманстравалася ў Лізе Масквы і Падмаскоўя...

МАРК: — Менавіта таму ўсе каманды ідуць да Вышэйшай лігі так доўга, каб потым паказаць там найлепшае са створанага. А па якіх крытэрыях адбіраць у «вышку»? Калі ты ўжо напісаў штосьці годнае, што заслугоўвае ўвагі, значыць, можаш напісаць штосьці яшчэ. Абсалютна ўсе навічкі Вышэйшай лігі выкарыстоўваць найлепшае з таго, што ў іх ужо было раней.

— Але вы ўзнялі такую планку, што самі максімальна ўскладнілі сабе задачу на будучыню. Ці зможаце вы паўтарыць свой поспех? Гэта пытанне хвалюе ўсіх...

МАРК: — Задачу-мінімум мы выканалі — трапілі ў «вышку». Хоць яшчэ год таму ў нас была больш сціплая задача — за два гады трапіць у «прэм’ерку». Калі ехалі на фестываль у Сочы, вельмі хацелі туды адабрацца, але потым нашы апетыты пачалі расці. Ужо пасля першага выступлення замахнуліся на «вышку». Зараз наша задача — дайсці да паўфіналу. Галоўнае — прайсці адну чацвёртую, абараніць дыплом, а там ужо летам будзе больш часу для прыдумвання новых хадоў і жартаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота са старонкі каманды ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.