Вы тут

Перабудова адукацыі: Прапановы ад Івана Шамякіна


Тэма адукацыі, народнай асветы заўжды хвалюе грамадства. А творчую інтэлігенцыю — ці не ў першую чаргу. Пісьменнікаў — асабліва. Нельга спадзявацца на пашырэнне увагі грамадскасці да мастацкай літаратуры, сучаснага літаратурнага працэса, кнігі ўвогуле, калі ў агульнаадукацыйнай школе, ва ўніверсітэцкім асяроддзі мастацкая літаратура будзе існаваць толькі на правах падчырыцы. Таму, відавочна, ва ўсе часы саміх пісьменнікаў і непакоіла тэма развіцця сучаснай школы. І не толькі тады, калі Цётка (Элаіза Пашкевіч) і Якуб Колас складалі чытанкі для дзетак...


Фота: БелТА

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь сярод іншых папер у адмысловай папцы «Прапановы творчай і навуковай інтэлігенцыі, якія паступілі ў ЦК Кампартыі Беларусі ў сувязі з падрыхтоўкай X пленума ЦК КПБ «Аб задачах партыйных арганізацый рэспублікі па выкананню рашэнняў XXVII з’езда КПСС, лютаўскага (1988 г.) Пленума ЦК КПСС аб перабудове сярэдняй і вышэйшай школы» (красавік 1988 г.) захоўваецца запіска народнага пісьменніка Беларусі, члена ЦК Кампартыі Беларусі, дэпутата Вяярхоўнага Савета БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Івана Шамякіна. Вядомы літаратар, вядомы грамадскі дзеяч, аўтарытэтны кіраўнік Беларускай Савецкай Энцыклапедыі выказаў свой пункт гледжання на многія актуальныя па тым часе праблемы. І не толькі, відавочна, зыходзячы з запыту партыйнага органа, але і па прычыне ўнутранага суперажывання за тое, што дзеецца ў сістэме адукацыі, якую ён, несумненна, ведаў не горш, чым самі яе кіраўнікі. Назіральны, уважлівы да жыцця пісьменнік, з усім сваім нераўнадушшам звяртае ўвагу партыйных кіраўнікоў да набалелага... 

Запіска Івана Пятровіча пад назвай «Прапановы аб перабудове народнай адукацыі» — дакумент датаваны 16 красавіка 1988 года — падзелена на канкрэтныя і красамоўныя часткі: «Школа»; «Профтэхадукацыя»; «Вышэйшая школа»; «Мова. Культура». Што ж прапаноўвае народны пісьменнік і член Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі?.. «1. Я думаю, што не трэба фарсіраваць пераход на навучанне з шасцігадовага ўзросту. Школа матэрыяльна не гатова для работы з такімі дзецьмі. З-за непамернай перагружанасці мала якая школа можа выдзяліць спальні, класы для гульні, добрыя спартзалы і пляцоўкі. Нават парты для такіх маленькіх не нароблены. Гэта будзе не лепшым чынам адбівацца на здароў’і дзяцей нашых, а яно і без таго не самае лепшае ў свеце. Нарэшце, наколькі мне вядома, і методыка навучання шасцігадовых даволі прымітыўная. І належныя кадры не падрыхтаваны.

2. Падтрымліваю прапанову аб раздзяленні на пэўным этапе, відаць, пасля сёмага ці восьмага класа, вучняў па іх схільнасцях — на гуманітарыяў і на тых, хто добра паспявае па прыродазнаўчых дысцыплінах — матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі. Гэта дало б магчымасць лепш рыхтаваць вучняў для паступлення ў ВНУ і ўвогуле памагло б профарыентацыі саміх вучняў і іх бацькоў. У вялікіх гарадах гэта могуць быць асобныя школы, у малых і сельскай мясцовасці — асобныя класы. Безумоўна, адразу зрабіць такое раздзяленне няпроста. Але як эксперымент гэта абавязкова трэба правесці. 

3. Ліквідаваць у школах працэнтаманію, што павысіць якасць навучання. Лічыць абавязковым 8-гадовае навучанне, а не сярэдняе. Не хоча вучыцца — няхай ідзе працаваць. Адлічэнне са старэйшых класаў школы не павінна лічыцца незвычайнай падзеяй. Гэта ўзніме дысцыпліну і вучняў, і бацькоў, павысіць патрабавальнасць настаўнікаў. 

4. Узняць значэнне фізкультуры, спорта, ваеннай падрыхтоўкі і ўвогуле ўсяго аздараўляючага комплекса. Кожная вялікая школа павінна мець свой урачэбны кабінет з шырокімі правамі ўрача». 

Іван Пятровіч, маючы на той час (за плячыма пісьменніка — 67 гадоў жыцця, дзесяцігоддзі творчай працы, сотні сустрэч з настаўнікамі, школьнікамі, ды і з рэктарамі, выкладчыкамі ўніверсітэтаў і інстытутаў!) каласальны літаратурны, грамадска-палітычны вопыт, дзяліўся сваімі ўзважанымі, грунтоўнымі меркаваннямі. Спрыяла гэтаму і сямейная атмасфера: у сям’і Івана Пятровіча чацвёра дзяцей — і ўсе з вышэйшай адукацыяй. Ды і ўвогуле адукацыя — навідавоку ва ўсяго грамадства на розных этапах гісторыі краіны, а раней — гісторыі рэспублікі. Рэфармаванне — гэта нармальны стан для сістэмы. Нават калі аглядаць структуру кіравання галіной, то ў 1950-х — на пачатку 1960-х існавала рэспубліканскае міністэрства — Міністэрства асветы БССР. З 8 жніўня 1966 г. — ужо саюзна-рэспубліканскае Міністэрства асветы БССР. 11 мая 1988 года яно было ліквідавана, а замест яго ўсталявана саюзна-рэспубліканскае Міністэрства народнай адукацыі БССР. У 1950-я гады з падпарадкавання міністэрства асветы вывелі кіраўніцтва ВНУ. Спярша кіраўніцтва БДУ і некаторымі іншымі ВНУ перадалі Міністэрству вышэйшай адукацыі СССР, а педагагічнымі навучальнымі ўстановамі па-ранейшаму кіравалі непасрэдна ў рэспубліцы. У 1959 годзе стварылі Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР. У 1960-1980-я гг. існаваў і Дзяржаўны камітэт Савета міністраў БССР па прафесійна-тэхнічнай адукацыі (яго, дарэчы, ліквідавалі таксама 11 мая 1988 г., што сведчыць пра невыпадковасць збору ў ЦК прапаноў па рэфармаванню сістэмы адукацыі). 

А вось як выказаўся народны пісьменнік ў дачыненні да профтэхадукацыі: «1. Яна ў нас, па-мойму, на правільным шляху. Баюся, што зліццё Камітэта з міністэрствамі і перадача многіх ПТУ, як плануецца, заводам, вытворчым аб’яднанням паламае адладжаную сістэму.

Упрасціць і скараціць па часе падрыхтоўку рабочых нескладаных прафесій. Добра было б арганізаваць работу так, каб вытворчыя кааператывы самі рыхтавалі сабе кадры — і моладзі і ўсіх тых, хто жадае працаваць у кааператыве». Сапраўды дзяржаўны падыход!.. Тэма працоўнага навучання і зараз з’яўляецца даволі актуальнай і архіважнай. 

Што да вышэйшай школы Іван Пятровіч выклаў наступныя ацэнкі і прапановы...«1. На маю думку патрабуе сур’ёзнага перагляду сістэма адбора — уступных экзаменаў. Цяпер яна стэрэатыпная, па-сутнасці аднолькавая для ўсіх універсітэтаў, інстытутаў, нават у мастацкіх інстытутах тройка па мове ці гісторыі выбівае таленавітага мастака, рэжысёра, акцёра, кампазітара. 

Не адважваюся даваць рэцэпты, але што патрэбны творчы падыход — не сумняваюся...» Пошук «творчага падыходу» працягваецца і зараз... А ў 1988 г. Іван Шамякін раіць: «...Можа даць, у парадку эксперыменту, некаторым ВНУ самім выпрацоўваць свае правілы прыёму? Выкладчыкі лепш ведаюць сваіх будучых выхаванцаў, чым чыноўнікі міністэрстваў, якія дагэтуль трымалі манаполію на выпрацоўку ўсіх (падкрэслена І. Шамякіным — К. Л., В. С.) правіл і методык. 

2. Расшырыць у тэхнічных вузах выкладанне гуманітарных дысцыплін. Ва ўмовах нашай рэспублікі — абавязкова гісторыя Беларусі, гісторыя нацыянальнай літаратуры і мастацтва, асновы эстэтыкі. Дамагчыся, каб дысцыпліны гэтыя чыталіся на беларускай мове». Гэтыя прынцыповыя заўвагі пісьменніка і грамадскага, палітычнага дзеяча, літаратара, які ўсёй сваёй творчасці імкнуўся выхаваць патрыёта сваёй Айчыны, так і застаюцца ў большай ступені нерэалізаванымі... Сёння, несумненна, вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню студэнцкай моладзі. Яркі прыклад — выкладанне беларускай дзяржаўнасці. Але і надалей толькі марай застаецца выкладанне «гісторыі нацыянальнай літаратуры і мастацтва» у тэхнічных ВНУ, на тэхнічных спецыяльнасцях. Тым болей — на беларускай мове. 

З прапаноў Івана Шамякіна, адрасаваных у ЦК КПБ: «МОВА. КУЛЬТУРА. 

1. Двухмоўнасць — аснова навучання на ўсіх узроўнях і развіцця культуры. Але пры гэтым трэба строга захоўваць раўнапраўнасць рускай і беларускай моў, як у навучанні, так і ў штодзённым ужытку. 

2. Беларуская мова павінна быць, побач з рускай, абавязковай для навучання з першага па дзесяты — адзінаццаты клас. Пытанне аб вызваленні кагось ад вывучэння мовы не павінна нават узнікаць, як не ўзнікае пытанне аб вызваленні ад рускай, англійскай ці французскай моў. Вызваляцца могуць хіба дзеці ваенных, якія часта перамяшчаюцца з рэспублікі ў рэспубліку. 

3. Зрабіць усё, каб беларуская, як і іншыя рэспублікі, мела нацыянальны воблік. Маю на ўвазе шыльды, вывескі, плакаты, аб’явы на транспарце, наглядную агітацыю і г. д.» 

Вельмі істотнай падаецца наступная заўвага, звязаная з тыражамі... Хіба што толькі нагадаем пра сённяшнія тыражы энцыклапедычных, даведачных выданняў. Яны, за рэдкім выключэннем, не перавышаюць тысячы экзэмпляраў. Напрыклад, трэці, заключны, том персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала» (выдадзены ў 2018 годзе, праз 30 гадоў пасля напісання запіскі Іванам Шамякіным) выдадзены накладам у 1000 экзэмпляраў. Насельніцтва нашай краіны на 1 студзеня 2018 года складала 9 мільёнаў 491 тысяча 800 чалавек... Колькасць бібліятэк, дарэчы, у сістэме толькі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2018 г. была роўнай 2 792 бібліятэкам... Вось дзеля чаго, дзеля якіх параўнанняў гэтая статыстыка: «...4. Я ўжо выказваў гэтую думку на Вашай сустрэчы з пісьменнікамі — аб „каафіцыенце карыснага дзеяння“ здабыткаў нацыянальнай культуры. Там я спасылаўся на мастацкую літаратуру — тыражы, прапаганда, чытанне нашых твораў партыйна-савецкім актывам. 

Цяпер я спашлюся на другія прыклады, блізкія мне па рабоце. 20 гадоў назад рашэннем ЦК КПСС ва ўсіх рэспубліках былі створаны Галоўныя рэдакцыі нацыянальных энцыклапедый. 

Мы, пры галоўным рэдактары БелСЭ П. У. Броўку, другія пасля Украіны, выпусцілі 12 томную універсальную энцыклапедыю на беларускай мове. Тыраж яе быў 25 тысяч экзэмпляраў. І, помню, Броўка ганарыўся гэтым тыражом. Гадоў праз дзесяць, ужо пасля смерці Броўкі, выпусцілі свой першы том 6-томнай энцыклапедыі эстонцы. Атрымаўшы гэты том, мы глянулі на тыраж і ... ахнулі: 220 тысяч. На мільён эстонцаў! Экзэмпляр на кожную сям’ю. Во гэта каэфіцыент карыснага дзеяння!

Сем гадоў працаваў вялікі калектыў БелСЭ над энцыклапедыяй „Янка Купала“. Хачу зазначыць, што гэта трэцяя персанальная ў Саюзе: першую — „Тарас Шаўчэнка“ — зрабілі ўкраінцы, гадоў пяць назад Вялікая Савецкая Энцыклапедыя выпусціла Лермантаўскую, над якой, як сказана ў прадмове, вялікі калектыў вучоных працаваў 20 гадоў. Пушкінскай дагэтуль няма, хоць над ёй працуюць ужо гадоў трыццаць. Такія энцыклапедыі могуць быць выдадзены раз у сто гадоў. На „Янку Купалу“ кнігагандаль даў заказ усяго на восем тысяч. Сумная лічба. Адна кніга на 1 200 чалавек. Гэта ўсё роўна, што ўзброіць полк адной вінтоўкай. Асабіста я і мае намеснікі літаральна на каленах прасілі міністраў культуры і асветы памагчы нам цераз бібліятэкі і школы павялічыць тыраж. Ні на адзін экзэмпляр тыраж не быў павялічаны, з чаго мы заключаем, што міністры не паварушылі мезенцамі, хоць давалі ветлівыя абяцанні. Нельга так адносіцца да здабыткаў нацыянальнай культуры! Гэта — нацыянальны нігілізм». 

Патлумачыць пытанне тыражоў адно толькі хуткасным развіццём лічбавізацыі не выпадае... Станоўча, што ў нас выйшлі персанальныя энцыклапедыі «Максім Багдановіч», «Уладзімір Караткевіч». І энцыклапедыя «Янка Купала» перавыдадзена ўжо ў трох тамах. Але так і няма энцыклапедыі «Якуб Колас», хаця яе слоўнік — з разлікам на шэсць тамоў! — быў усё ж такі складзены ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі». Вось толькі такога кніжнага выдавецтва ўжо няма... 

Сваю запіску, адрасаваную Першаму сакратару ЦК КПБ Я. Я. Сакалову, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін завяршае такімі словамі: «Увогуле разрозненасць творчых сіл, ведамстваў культуры і асветы не спрыяюць развіццю нацыянальнай культуры ў высокім сэнсе гэтых слоў. Як бы нас аб’ядноўваць? Думаю, што гэта сур’ёзная задача для партыйных органаў і Саветаў усіх узроўняў. 

Помнячы Ваш наказ — не больш пяці старонак, спыняюся на «залатой сярэдзіне». 

Разам з Іванам Пятровічам Шамякіным свае меркаванні на стан айчыннай адукацыі прадставілі ў ЦК КПБ і іншыя літаратары — Максім Лужанін, Янка Сіпакоў, Барыс Сачанка, Генадзь Пашкоў, Іван Навуменка... Зразумела, яны, гэтыя меркаванні, былі даволі рознымі, але ўсе з аўтарытэтных літаратараў выявілі сваю нераўнадушную пазіцыю, выказаліся адносна набалелага і трывожнага. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.