Вы тут

Аўтар праекта «Элегантнасць па-за ўзростам» Аксана Барысевіч: Не важна, колькі жанчыне гадоў, — яна заўсёды імкнецца да прыгожага


Жанчыны прыгожыя ў любым узросце. Толькі з выхадам на пенсію некаторыя пра гэта забываюць. Праект «Элегантнасць па-за ўзростам» закліканы нагадаць усім, што лічбы ў пашпарце — гэта не стан вашай душы, а прыгажосць — не абавязкова юнацтва. Аўтар праекта Аксана Барысевіч выкладае курсы па стылі і этыкеце для сталічнага Цэнтра актыўнага даўгалецця. І студэнткі не перастаюць яе натхняць...


— Як нарадзілася ідэя даваць урокі стылю для жанчын 50+?

— Ужо сёмы год я працую псіхолагам у Мінскім універсітэце трэцяга ўзросту. Там я часта бачу цудоўных, прыгожых ад прыроды жанчын. І разумею, што ўсё сваё жыццё яны прысвячалі сям'і, дзецям, унукам, кар'еры, вучобе... Але хацелася б, каб яны звярнулі ўвагу на сябе.

Былі і асабістыя прычыны, што пабудзілі заняцца гэтай тэмай. У маім жыцці тады надышоў час пераасэнсаванняў: я страціла бацькоў, калі яны толькі выйшлі на пенсію. Усё адбылося так раптоўна, што адразу перавярнула маё жыццё. Памянялася стаўленне да людзей гэтага ўзросту. Я напісала аўтарскія курсы па стылі і псіхалогіі, якія паступова ператварыліся ў праект «Элегантнасць па-за ўзростам».

Мы паўдзельнічалі ў конкурсе сацыяльных праектаў Socіal Weekend, дзе атрымалі падтрымку ад Швейцарскага Чырвонага Крыжа, і пачалі ўвасабляць ідэю ў жыццё. Самай малодшай вучаніцай стала 50-гадовая дама, а самай старэйшай было 80. Калі праект адбыўся ў Мінску, я вырашыла прывезці яго і ў іншыя гарады Беларусі. Пабывала з прэзентацыяй у Бабруйску, Пінску і родным Слоніме.

— Пра што жанчыны даведаюцца падчас курса?

— Мы шмат часу ўдзяляем базаваму гардэробу. Звычайна ў жанчын элегантнага ўзросту ўжо склаўся гардэроб, але калі паўстае пытанне «Што надзець?», бывае цяжка падабраць вобраз. Таму неабходна «скарбонка» ўніверсальных рэчаў. З адной сукенкай можна зрабіць шэсць вобразаў, змяняючы аксесуары і абутак.

Асаблівую ўвагу мы звяртаем на візуальную карэкцыю фігуры. Яе не трэба ўвесь час выпраўляць — трэба правільна падабраць адзенне. Мы ўвялі заняткі па харэаграфіі, гэта вельмі карысна для постаці і пластыкі. Дамы сустракаюцца з экспертам па ўзроставым макіяжы: мы ўсе карыстаемся касметыкай, але з часам робяцца патрэбныя і іншыя сродкі, і іншая тэхніка нанясення.

Для мяне важна і тое, як жанчына зменіцца ўнутрана. Мае студэнткі, акрамя навучання, разам ходзяць у тэатры і на выстаўкі, падарожнічаюць і адкрываюць для сябе новыя ўражанні.

— Вы называеце ўзрост сваіх студэнтак «элегантным». Чаму менавіта гэтае азначэнне?

— Элегантнасць — гэта не толькі пра стыль адзення, гэта і пра адукаванасць, манеры, уменне падаць сябе. Я не прымаю вызначэння «пенсіянеры», «пажылыя», «старыя». Яны ператвараюць маіх студэнтак у няўпэўненых у сабе, слабых людзей, што абсалютна не так.

— Ці ёсць асаблівасці ў рабоце з жанчынамі элегантнага ўзросту?

— Вучаніцы патрабуюць увагі і павагі да свайго меркавання, з імі цяжка спрачацца. Але для мяне важны пазітыў, які зыходзіць ад гэтых жанчын. Мы вучымся адна ў адной. А якія шыкоўныя парады яны даюць па гаспадарцы і выхаванні дзяцей! Многія дзеляцца сваімі гісторыямі, жыццёвым і прафесійным вопытам.

Усё гэта арганічна ўпісваецца ў нашы ўрокі. Некаторыя расказвалі, як выжывалі пасля вайны, як перашывалі ўборы і стваралі прыгажосць з нічога. Калі 80-гадовая жанчына прыходзіць на занятак у шыкоўным модным паліто, якое пашыла сама... Гэта цудоўна! Нашы жанчыны не перастаюць мяне натхняць.

— Якія «памылкі стылю» часта робяць жанчыны 50+?

— Некаторыя любяць начапіць на сябе шмат аксесуараў. Калі я бачу гэта, успамінаю нелюбімае мной слова «прыбірацца». Яно недарэчы, калі гаворка ідзе пра жанчыну. Так кажуць пра навагоднюю ёлку, якую трэба густа ўпрыгожыць. Але і на жанчынах можна ўбачыць шмат масіўных кольцаў, караляў, ланцужкоў і завушніц, што крыху расчароўвае. На шчасце, гэтая тэндэнцыя сыходзіць, але я заўсёды нагадваю, што ўпрыгажэнняў на целе павінна быць не больш за тры.

Кідаецца ў вочы, калі жанчыны спрабуюць за кошт адзення, макіяжу, аксесуараў і прычоскі «маладзіцца». Ім гэта не трэба, бо досыць падкрэсліць вартасці, якія ў іх ужо ёсць. Прыгажосць у 18, у 30 і ў 60 розная, але ў кожнай пары ёсць сваё хараство. У дзяцінстве мы корпаліся ў сабе: вушы не такія, нос не падабаецца, валасы прамыя — закруціць, кучаравыя — выпраміць. Але ў пэўным узросце мы прымаем і любім сябе такімі, якія мы ёсць.

Вядома, часам трэба «асвяжыць» вобраз — напрыклад, змяніць стрыжку ці колер валасоў. Але без фанатызму. Бо часам знешнія змены падштурхоўваюць да унутраных. Падумайце: што б вы хацелі прыўнесці ў сваё жыццё?

— Што павінна быць у гардэробе ў кожнай жанчыны?

— Для пачатку я параіла б усім правесці інвентарызацыю. Часта атрымліваецца, што ў нас ёсць 15 блуз і ўсяго адна пара туфляў. Ці шэсць спадніц. Мяне гэта заўсёды здзіўляла: навошта жанчыне столькі спадніц? Пакіньце тры і камбінуйце з блузамі, жакетамі і кашулямі.

У кожнай дамы павінны быць спадніца-аловак і класічныя штаны. Пераважная колеравая гама — чорны, цёмна-сіні, шэры. Выдатна, калі ў вас ёсць сукенка-футляр, але не варта забываць, што ў ёй адсутнічаюць рукавы. А мае студэнткі закрываюць плечы. У гэтым выпадку можна надзець жакет, накінуць паланцін або хустку.

Калі купляеце жакет — раю браць аднатонны, каб яго можна было спалучаць са спадніцай, штанамі і іншым адзеннем. Мужчынскія кашулі можна камбінаваць практычна з усім, смела выкарыстоўвайце іх. Таксама раю ўкласці грошы ў адзін добры кашаміравы світар, каб ён быў зручны і падыходзіў да стварэння некалькіх вобразаў адначасова. Але яго трэба старанна даглядаць і не надзяваць пад верхнюю вопратку.

Добрая пара туфляў — гэта бяспройгрышны варыянт пакупкі. Пара цёмных і пара бэжавых. Ну і вядома, вы не пашкадуеце, калі ўкладзяце грошы ў якасную сумку.

— Якія сучасныя трэнды вам імпануюць?

— Мяне радуе, што апошнім часам больш людзей у сферы моды даюць рэкамендацыі дамам элегантнага ўзросту — у тым ліку беларускія кампаніі, якія звяртаюць увагу на жанчын 50+.

Напрыклад, мы супрацоўнічаем з «Калінкай». Адзін з практычных заняткаў курса праводзім у іх краме. Кожнай студэнтцы выдзяляецца 30—40 хвілін для стварэння вобраза, кансультанты дапамагаюць падабраць адзенне, мы займаем адну з прымерачных і эксперыментуем.

Яшчэ любім брэнд адзення Volha. Мы сябруем са стваральніцай праекта, студэнткі з задавальненнем заказваюць у яе адзенне. Бо заўсёды камфортна ў рэчах, якія шыюць для цябе і пад цябе.

— Ці ёсць тэндэнцыі, якія здаюцца вам недарэчнымі?

— Модныя колеры — іх заўсёды трэба выбіраць з асцярогай. З сезона ў сезон дызайнеры прыўносяць у калекцыі новыя яркія адценні. І казаць, што гэтая яркасць будзе дарэчы для жанчын 50+, я не стала б. Адразу выключаем з гардэробу ўсе неонавыя колеры.

Мае студэнткі вельмі любяць чорны, я таксама. Але ён можа падкрэсліваць недахопы, якія з'яўляюцца з узростам: пігментныя плямкі, маршчынкі і сасудзікі. Выключаць гэты колер не варта: усе нюансы можна выправіць, калі размясціць бліжэй да твару яркі аксесуар — напрыклад, брошку або хустку.

— Якіх рэкамендацый прытрымлівацца вясной і летам?

— Гэта пара абнаўленняў і лёгкасці ў вобразе. Не баімся арыгінальна выкарыстоўваць шалікі і хусткі. Надвор'е пераменлівае, але не абавязкова надзяваць аб'ёмную рэч — можна завязаць паланцін, і гэта будзе выглядаць стыльна.

Пажадана, каб цёмныя тоны прысутнічалі толькі ў ніжняй частцы вобраза. Верх — пастэльныя тоны. Абутак таксама не «цяжкі». Абцас павінен быць невысокі і ўстойлівы.

— Вы даяце кансультацыі мужчынам?

— Мужчыны часта пытаюцца, калі я напішу курс і для іх. Гэтая ідэя даўно займае мяне. Цяпер я даю разавыя кансультацыі знаёмым і сваім студэнткам, якія звяртаюцца па парады для мужоў. Я развіваюся ў гэтым кірунку, многае вывучаю пра мужчынскі стыль і спадзяюся, што хутка змагу напісаць паўнавартасны курс.

— Што стане наступнай мэтай праекта «Элегантнасць па-за ўзростам»?

— Фокус на іншыя сацыяльныя групы. Напрыклад, мяне цікавіць інклюзія. Выдатна разумею, што людзі трэцяга ўзросту таксама ўваходзяць у гэтую катэгорыю, таму атрымліваю спецыяльную адукацыю для работы ў гэтай сферы. Паспяховым стаў вопыт правядзення майстар-класаў для онкапацыентак. Гэта яшчэ раз даказвае: не важна, які ў жанчыны дыягназ і колькі ёй гадоў, — яна заўсёды імкнецца да прыгожага.

Віталіна Бандаровіч

Фота дадзена Аксанай Барысевіч

Загаловак у газеце: Элегантнасць — па-за ўзростам!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.