Вы тут

Чарговыя пяць спектакляў, якія можна паглядзець анлайн і бясплатна


Купалаўскі тэатр абвясціў, што таксама вяртаецца ў рэальнае жыццё. Пастаноўкі будуць іграцца на яго сцэне ўжо з 15 чэрвеня — першай сімвалічна стане «Паўлінка», з якой калектыў традыцыйна пачынае новы сезон. Тэатр абяцае прытрымлівацца мер бяспекі: зала Галоўнай сцэны будзе запаўняцца прыкладна на траціну, гледачы будуць сядзець адно ад аднаго на дыстанцыі, а перад спектаклямі і пасля іх будзе праводзіцца дэзынфекцыя памяшкання. Мяркуючы па ўсім, такое рашэнне — раней аналагічнае прыняў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — адпавядае грамадскаму запыту. Тым не менш меры самаізаляцыі ўсё яшчэ актуальныя, таму мы прапануем чарговыя пяць спектакляў для прагляду на экране, каб у тэатр вы ўсё яшчэ хадзілі анлайн.


«Жызэль, альбо Вілісы» ў Вялікім тэатры оперы і балета

«Месца хопіць усім», — кажа Вялікі ў запрашэнні на анлайн-трансляцыю сваёй пастаноўкі славутага фантастычнага балета Адольфа Адана, якая адбудзецца а сёмай гадзіне 14 чэрвеня. Вілісы — гэта прывіды нявестаў, якія памерлі да вяселля, а «Жызэль» — гісторыя пра смерць ад кахання, амаль літаральна. Паводле сюжэта простая сялянка Жызэль ходзіць на спатканні з Альбертам — графам, пераапранутым у сялянскае адзенне. Закаханы ў дзяўчыну ляснічы Ганс выкрывае сапраўдную сутнасць Альберта, у выніку чаго аказваецца, што граф ужо заручаны. Не вытрымаўшы ўзрушэння, Жызэль памірае. У другім дзеянні Альберту, які прыйшоў на магілу каханай, мусяць адпомсціць вілісы, але дух Жызэлі, дэманструючы сваё безумоўнае каханне, яго выратоўвае. «Жызэль, альбо Вілісы» будзе дэманстравацца ў пастаноўцы народнага артыста СССР Мікіты Далгушына — гэта пятае ўвасабленне балета на сцэне Вялікага, здзейсненае ў 2012 годзе. Запіс быў зроблены ў сакавіку 2020-га, галоўныя партыі тут танцуюць Яна Штангей, Ягор Азаркевіч, Аляксандра Чыжык і Антон Краўчанка. Трансляцыя запісу адбудзецца на YouTube-канале тэатра.

«Ноч кратоў» у тэатры «Нантэр-Амандзье»

Авангардны парыжскі тэатр «Нантэр-Амандзье» выклаў у агульны доступ запісы спектакляў свайго мастацкага кіраўніка Філіпа Кена, між іншым, аднаго з галоўных герояў сучаснай парыжскай тэатральнай сцэны. Гэта «Меланхолія цмокаў» і «Ноч кратоў», якія нават можна назваць культавымі. Сталыя персанажы Кена, вялізныя футровыя краты, ледзь не жывуць сваім жыццём і выходзяць за межы аднаго спектакля ў рознага кшталту праекты і перформансы. «Ноч кратоў» 2016 года — пастаноўка без слоў, але з вельмі настойлівымі гукамі. Яна стварае закрытую і даволі своеасаблівую прастору і насяляе яе цудоўнымі з глядацкага пункту гледжання істотамі. «Пластычны сусвет — прыдуманая Філіпам Кенам пячора кратоў — стварае паэтыку падзямелля на мяжы паміж жудаснай атмасферай пекла і шчасцем абароненага ад мітусні прытулку». Спекталь ідзе гадзіну пятнаццаць, не патрабуе субцітраў і не дае адарваць ад сябе вачэй.

«Эліксір кахання» ў тэатры «Ла Манэ»

Паколькі надвор'е стала сапраўды гарачае, дарэчным будзе прагляд «палкай» оперы Гаэтана Даніцэці «Эліксір кахання», пастаўленай у бельгійскім «Ла Манэ», альбо Каралеўскім тэатры манетнага двара. Тэатр быў заснаваны ў 1700 годзе і нават сыграў ролю ў палітычнай гісторыі Бельгіі — у 1830 годзе падчас выканання опернай арыі менавіта з яго сцэны прагучаў заклік «Да зброі!», што стала пачаткам Бельгійскай рэвалюцыі, а тая, у сваю чаргу, прывяла да абвяшчэння незалежнасці Бельгіі. Да 30 чэрвеня на сайце «Ла Манэ» можна паглядзець некалькі яго пастановак, што ўяўляюць сабой цалкам сучасныя, драйвовыя работы па класічных творах, — «Лаэнгрын» Рыхарда Вагнэра, «Залаты пеўнік» Мікалая Рымскага-Корсакава ці моцартаўская «Чароўная флейта». І, нарэшце, «Эліксір кахання» Гаэтана Даніцэці, дзе оперныя спевакі ў купальніках, сланцах, парэа, панамах ды сонечных акулярах разыгрываюць камедыю, у якой адзін лекар-прайдзісвет выдае бутэльку віна за эліксір кахання. У запісах можна настроіць англійскія субцітры.

Спектакль Cіrco Ambulante «Тэатра Нацый»

Пастаноўка Андрэя Магучага зараз даступная ў анлайн-кінатэатры Okko, які стала паказвае не толькі добрыя фільмы, але і добрыя тэатральныя спектаклі. Cіrco Ambulante варты ўвагі, па-першае, таму, што яго пастаноўшчыкам з'яўляецца адзін з найвядомейшых у Расіі авангардных тэатральных рэжысёраў і шматразовы лаўрэат прэміі «Залатая маска». Па-другое, таму, што мастаком тут выступае стваральнік інжынернага тэатра АХЕ Максім Ісаеў, а над дэкарацыямі для гарадка на вулканічным востраве трэба было пашчыраваць. Нарэшце, адну з роляў тут выконвае актрыса Лія Ахеджакава. І ўсё гэта пра нейкі невядомы свет, сумесь сацыялізму і дзіўнай фантазіі — тут горы смецця, закрыты металургічны завод і адкрыты мясакамбінат. Пакінуць востраў жыхары могуць хіба на самалёце, але накапіць на дарагі білет здольны не многія, а тыя, хто ўсё ж накапіў, з'ехалі і не вярнуліся. І вось у гэтым гарадку з'яўляецца мара — стаць сусветным цэнтрам клаўнады. Спектакль пастаўлены ў «Тэатры Нацый» у 2012 годзе.

«Сон у летнюю ноч» у тэатры «Глобус»

«Сон у летнюю ноч» у «Глобусе».

Лонданскі «Глобус» з панядзелка будзе два тыдні паказваць шэкспіраўскую камедыю «Сон у летнюю ноч». Спектакль утрымлівае ў сабе любоўныя жарсці, норавы бацькоў, магію лясных духаў, дзіўныя ператварэнні, танцы, пацалункі і смех. Гэта кайфовае і яскравае відовішча: «Глобус» даўно не ставіць «акадэмічнага» Шэкспіра, а стварае на аснове яго твораў актуальныя і эфектныя работы. Тут магчымыя рэчы, што не асацыююцца з эпохай класічнага драматурга (напрыклад, гей-пацалункі альбо чарнаскурыя акцёры), затое гэта спектаклі, што адлюстроўваюць сённяшні свет. Мы ўжо расказвалі: сучасны тэатр «Глобус» быў адбудаваны амаль што на месцы і на ўзор тэатра, акцыянерам і непасрэдным аўтарам якога быў сам Уільям Шэкспір. Сёння ён запрашае гледачоў толькі ў цёплую пару года і, вядома ж, шчыльна працуе з творамі класіка. Спектаклі, якія «Глобус» паказвае анлайн, суправаджаюцца англійскімі субцітрамі.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Смерць ад кахання, футровыя краты і шоу па Шэкспіру

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.