Вы тут

Сёння адзначаецца Міжнародны Дзень пажылых людзей


У структуры насельніцтва яны складаюць не менш за 15 %, і як і ва ўсіх развітых краінах, у нас штогод расце іх доля. Каля 2,5 мільёна беларусаў атрымліваюць пенсіі, пры гэтым каля 24 % пенсіянераў працягваюць працаваць. Якія меры сацыяльнай падтрымкі сёння даступныя і запатрабаваныя ў пажылых людзей, а таксама пра тое, што перашкаджае мужчынам «дагнаць» жанчын па працягласці жыцця, расказалі спецыялісты.


Больш за 600 тысяч пенсіянераў працягваюць працаваць

Яшчэ 10 гадоў таму пажылых людзей у краіне было 13 %. Але працягласць жыцця, у прыватнасці, на еўрапейскім кантыненце, расце, і наша краіна — не выключэнне. Таму з кожным годам доля людзей сталага веку павялічваецца.

— Павелічэнне колькасці пажылых людзей закранае ўсе бакі нашага жыцця. Гэта не толькі сістэма аховы здароўя і сацыяльнай абароны, але і ўстановы культуры, спорту і турызму, адаптацыя і даступнасць транспарту. З улікам гэтай праблематыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацавала праект Нацыянальнай стратэгіі «Дастойнае даўгалецце — 2030», — расказвае намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Адным з немалаважных аспектаў жыцця пажылога чалавека з'яўляецца матэрыяльны дабрабыт. Каля 2,5 мільёна беларусаў атрымліваюць пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці. Сярэдні памер працоўнай пенсіі — 473 рублі 82 капейкі.

— Нягледзячы на розныя сацыяльна-эканамічныя змены, выплата пенсій вядзецца рэгулярна ва ўстаноўленыя дні, — падкрэслівае намеснік міністра.

Выплачваюцца і надбаўкі па ўзросце — пенсіянерам, якія дасягнулі 80 гадоў, інвалідам 1-й групы. Больш за 600 тысяч пенсіянераў у Беларусі працягваюць працаваць (а гэта 24 %). Каля 10 тысяч пажылых людзей штогод атрымліваюць або штомесячную, або аднаразовую дапамогу. Апошняя налічваецца пасля звароту ў органы сацыяльнай дапамогі, калі сталы чалавек мае патрэбу ў дарагіх леках, аперацыі. Памер такой дапамогі дасягае 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (цяпер ён складае 256 рублёў 10 капеек).

— Сацыяльныя службы не чакаюць, пакуль чалавек звернецца сам, а абследуюць умовы жыцця адзінокіх людзей сталага веку. Штогод такім чынам наведваюць каля 200 тысяч чалавек. За першы квартал гэтага года абследаваны 140 тысяч адзінокіх пажылых людзей. Дапамога, якая ім патрабуецца і аказваецца найчасцей, — рамонт даху, электраправодкі і газавага абсталявання, — расказвае Аляксандр Румак.

Дарэчы, у структуры сацыяльных службаў у краіне дзейнічае 71 гаспадарчая брыгада, якая аказвае паслугі па доглядзе прысядзібных участкаў, і 148 мабільных брыгад, якія выязджаюць для аказання сацыяльных паслуг на аўтамабілі. Акрамя таго, маецца 1200 стацыянарных і нестацыянарных пунктаў па аказанні сацыяльных паслуг. Пераважна такія брыгады і пункты размешчаны ў сельскай мясцовасці, дзе доля пажылога насельніцтва вышэйшая, чым у гарадах.

Аднымі з самых запатрабаваных у пажылых людзей з'яўляюцца паслугі дома. Сёння іх атрымлівае 95,5 тысячы беларусаў. І штогод колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе дома, расце прыкладна на 1 %.

— Сацыяльны работнік наведвае пажылога чалавека два-пяць разоў на тыдзень. Ёсць і паслугі сядзелкі, калі стары чалавек не можа пра сябе паклапаціцца. Пры пяціразовым наведванні па дзве гадзіны ў дзень кошт паслугі складае каля 30  рублёў у месяц. Такую суму аплачваюць тыя пажылыя людзі, якія маюць дзяцей. Адзінокія і малазабяспечаныя вызваляюцца ад аплаты. Праўда, каля 80 % нашых падапечных маюць дзяцей — тыя аплачваюць паслугі сацработніка, — адзначыў Аляксандр Румак.

Далечванне і аздараўленне ў санаторыі — без чаргі

Свае карэктывы ў работу сацыяльных службаў сёлета ўнесла распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. У сувязі з гэтым была прыпынена дзейнасць аддзяленняў дзённага знаходжання. Тым часам актыўна вялася дастаўка прадуктаў, лекаў і іншых неабходных тавараў.

— Мы разгарнулі такую работу ў сакавіку, інтэнсіўна дзейнічалі ў красавіку-маі. Сацработнікі і валанцёры працавалі штодзённа без выхадных. І цяпер гэта дзейнасць не спынена, заяўкі па-ранейшаму прымаюцца, — паведаміў Аляксандр Румак.

Намеснік міністра звярнуў увагу, што з 20 мая адзінокія пенсіянеры, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю, з медустаноў пры жаданні маглі адразу паехаць на двухтыднёвае далечванне ў санаторый. Чатыры здраўніцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прымалі такіх людзей (санаторыі «Ясельда», «Белая Вежа», «Беразіна» і «Вяжуці»). Такое далечванне прайшлі 475 чалавек. А з ліпеня на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне ў гэтыя санаторыі пенсіянеры, якія перанеслі СОVІD-19, маглі паехаць без чаргі.

Што пагаршае якасць жыцця ў старасці?

Адным з важных аспектаў якасці жыцця пажылога чалавека з'яўляецца стан яго здароўя.

— Сённяшнія тэхналогіі, у тым ліку імплантацыя суставаў, аортакаранарнае шунціраванне, трансплантацыі дазваляюць павялічыць працягласць жыцця. У жанчын яна дасягае 78 гадоў. У мужчын, на жаль, больш чым на дзесяць гадоў менш — 64, — кажа галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч. — І карані гэтай праблемы — у дзяцінстве. Калі чалавек курыў 50 гадоў, а ў старасці кінуў, то чакаць, што ўсе негатыўныя наступствы адразу знікнуць, не трэба. Але пры гэтым калі ў 60 гадоў кінуць курыць, то рызыка раптоўнай каранарнай смерці зніжаецца на 25 %. На жаль, такія фактары рызыкі, як курэнне, ужыванне алкаголю, маларухомы спосаб жыцця пакуль не даюць мужчынам «дагнаць» жанчын па працягласці жыцця.

Герантолаг падкрэсліла, што ёсць пяць-шэсць хранічных захворванняў, якія істотна пагаршаюць якасць жыцця ў сталым узросце. Сярод іх — хваробы сістэмы кровазвароту, у першую чаргу, хранічная сардэчная недастатковасць, а таксама цукровы дыябет. Вялікую праблему ствараюць і хваробы апорна-рухальнага апарату. Яшчэ адна бяда, з якой сутыкаюцца пажылыя людзі, — дэменцыя. Колькасць яе выпадкаў расце, што таксама з'яўляецца наступствам павелічэння працягласці жыцця.

— У 10 % пажылых людзей назіраецца раннія праявы дэменцыі. Яны захавалі самакрытыку і могуць звярнуцца па дапамогу. Існуюць методыкі для прафілактыкі і спынення развіцця дэменцыі. Наступная фаза — калі людзі не захавалі крытычнага стаўлення да сябе і патрабуюць догляду. Іх блізкія сутыкаюцца з праблемай: яны вымушаны пакінуць работу, каб дапамагаць такому чалавеку, — адзначае Людміла Жылевіч.

Аляксандр Румак паведаміў, што з гэтага года ўнесены змены ў пералік сацыяльных паслуг пажылым людзям. З'явіліся магчымасці, у першую чаргу для людзей з дэменцыяй, дастаўляць іх на дзень у сацыяльную ўстанову, напрыклад, аддзяленне дзённага знаходжання, а на ноч забіраць у сям'ю, каб пажылы чалавек заставаўся ў дамашніх умовах, і ў той жа час атрымліваў кваліфікаваныя догляд і дапамогу.

Алена КРАВЕЦ

Фота: odessa-life.od.ua

Загаловак у газеце: Катэгорыя шэсцьдзясят плюс

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.