Вы тут

Не спяшайцеся асуджаць — паглядзіце на сябе!


Часта людзі сталага ўзросту любяць прыгаворваць: «Вось у наш час моладзь была зусім іншая». А я лічу, што моладзь заўсёды адпавядае таму часу, у якім жыве. А ўжо якая яна, добрая ці кепская, у большай частцы залежыць ад нас — дарослых.


Калі ў сям’і і ў школе вучаць рабіць добрыя справы, любіць блізкага, клапаціцца пра маленькіх, з павагай адносіцца да пажылых людзей, не крыўдзіць жывёл, тады і маладое пакаленне, убіраючы ў сябе ўсё гэта, будзе толькі радаваць нас. Ну, а калі ўсё пусціць на самацёк, патураць любімаму чаду, многае дазваляць, не рабіць заўвагі, не тлумачыць, што добра, а што дрэнна, то вынік будзе сумны.

Прывяду два прыклады.

Аднойчы я ішла па вуліцы з цяжкімі пакетамі. Адзін з іх надарваўся знізу, і ўсё, што там было, вывалілася на асфальт. Нахіліўшыся, я стала збіраць рэчы, не звяртаючы ўвагі на мінакоў. І тут пачула голас: «Давайце, я вам дапамагу». Гэта была маладзенькая дзяўчына, якая не змагла раўнадушна прайсці міма. Відаць, што ў сям’і ёй прывівалі добрыя рысы характару. Вялікі дзякуй за тое яе бацькам.

А вось другі прыклад. Каля ліфта стаяла пара пажылых людзей з веласіпедам і вялікімі цяжкімі сумкамі. Расчыніліся дзверы ліфта, і я толькі збіралася прапанаваць ім сваю дапамогу, як здарылася непрадбачанае. З вуліцы ў пад’езд убегла дзяўчына. Размаўляючы па тэлефоне і не звяртаючы ўвагі на пажылых людзей, яна хуценька заскочыла ў ліфт і стала пасярэдзіне, тым самым перашкаджаючы старым паставіць свае рэчы. Я зрабіла — у далікатнай форме — дзяўчыне заўвагу, прапанавала на хвіліну выйсці з ліфта, на што тая адрэагавала вельмі бурна: «А я не павінна ехаць?!» Я пастаралася ёй патлумачыць, што спачатку трэба паставіць веласіпед і сумкі пажылых людзей, а ўжо потым зайсці ўсім астатнім, бо ліфт грузавы і ўсе памесцяцца. Дзяўчына спакойна пагадзілася, і мы з ёю нават дапамаглі старым даставіць груз да іх кватэры...

Думаю, дзяўчына не вінавата ў тым, што так сябе павяла. Проста ёй ніхто раней не растлумачыў, як адносіцца да іншых людзей. Часам мы пачынаем незаслужана вініць моладзь і наракаць, што вось раней яна была «не такая». Але гэта не так! Колькі разоў маладыя людзі на ганку дома адчынялі мне дзверы і трымалі іх, пакуль я не зайду ў пад’езд. А калі былі цяжкія сумкі, даносілі іх да ліфта, хоць пра гэта я не прасіла. Проста ў іх было добрае сэрца і чулая душа. І ў тым (я лічу) заслуга іх бацькоў і школы. Бо ў аднабаковым напрамку вынікаў дабіцца цяжка. А яшчэ заўважала, як маладыя людзі, убачыўшы чалавека, што ляжыць на лаўцы ці на зямлі (у адрозненне ад дарослых, якія лічаць, што ён выпіў, і праходзяць міма), заўсёды пацікавяцца, што з ім здарылася, як ён сябе адчувае, а пры неабходнасці выклічуць хуткую дапамогу. Што ізноў даказвае: наша моладзь «залатая». Маладыя дзяўчаты і юнакі часта і міма бяздомных жывёл не могуць прайсці. Або да сябе забіраюць, або адвозяць у ветлячэбніцу, каб аказаць дапамогу, а потым стараюцца знайсці ім добрых гаспадароў. Гэта таксама з маіх назіранняў. А многія дарослыя праходзяць міма, нават не паглядзеўшы ў той бок.

А калі маладыя людзі робяць дрэнныя ўчынкі, неадэкватна сябе паводзяць, грубіяняць, дэбашыраць і г. д., то гэта не іх віна, а віна тых дарослых людзей, якія знаходзяцца побач з імі. І перш чым судзіць маладых, абмяркоўваць і даваць якую-небудзь ацэнку, спачатку давайце паглядзім на сябе.

Таццяна ЧЭКЕД

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.