Вы тут

Лукашэнка — жыхарам сяла: Вы з’яўляецеся апорай стабільнасці нашай дзяржавы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў храм Іаана Прадцечы у вёсцы Шаршуны Мінскага раёна, які быў асвечаны сёння раніцай. Унікальны для Беларусі храмавы комплекс у візантыйскім стылі, які ўключае ў сябе царкву, прычтавы дом, дзіцячую пляцоўку і месца для адпачынку вернікаў, пабудаваны за два гады на сродкі вядомага расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева. Заказчыкам будаўніцтва выступіла замежнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «СертусАвія».


«Перш за ўсё дазвольце павіншаваць вас з гэтым светлым днём, з гэтым добрым часам — у нашай краіне з’явілася яшчэ адно цёплае, утульнае месца, і я вельмі спадзяюся, што мы заўсёды будзем прыходзіць сюды, каб падумаць пра будучыню, згадаць усё добрае мінулае і зрабіць правільныя высновы наперад», — звярнуўся ў храме Аляксандр Лукашэнка да вернікаў.

Прэзідэнт выказаў падзяку Міхаілу Гуцарыеву за ўзятыя абавязкі па будаўніцтву не толькі храмавага комплексу, але і іншых сацыяльных ды вытворчых аб'ектаў.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што за апошнюю чвэрць стагоддзя ў краіне пабудаваныя больш за паўтары тысячы культавых будынкаў, і гэта работа працягваецца.

«Абсалютна ўпэўнены, што наша зямля, дзякуючы вось гэтай падзвіжніцкай дзейнасці заўсёды будзе знаходзіцца пад аховай Госпада, — дадаў ён. — У гэтым канкрэтным месцы я яшчэ раз упэўніўся, якая цудоўная ў нас зямля. І мы павінны абавязкова яе захаваць». 

Ён выказаў пажаданне, каб храмавы комплекс быў напоўнены людзьмі: «Калі праходзіце міма, проста завітайце, падумайце пра добрае».

Яшчэ адно пажаданне Прэзідэнта датычылася ўсіх жыхароў вёскі ў краіне: «Вельмі хачу, каб наша сяло квітнела. Мы нямала зрабілі, але мы толькі ў пачатку шляху. Вы, напэўна, асабліва ў апошні час адчулі, што такое жыць на сваёй зямлі, што такое сваё. І павінен вам сказаць, калі б не было вас, жыхароў сяла, нам было б яшчэ цяжэй».

«Менавіта вы з’яўляецеся асновай, апорай стабільнасці нашай дзяржавы, я вам бязмерна за гэта ўдзячны. Калі новае пакаленне вельмі хоча паспрабаваць новага жыцця — няхай. Але мы з вамі павінны пражыць гэтае жыццё ў спакоі і міры, асабліва старыя нашы. Ім хапіла, асабліва пасля вайны», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падарыў шаршуноўскаму прыходу ікону Прасвятой Багародзіцы.

«Яшчэ адна лампада духоўнасці запаленая на нашай беларускай зямлі», — сказаў у вітальным слове Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. 

Ён адзначыў немалую заслугу і кіраўніка дзяржавы ў аднаўленні і пабудове новых храмаў у краіне. 

«Каб духоўны складнік наш развіваўся, каб адраджалася вера наша, духоўнасць, каб мы жылі больш правільна, больш набожна, з любоўю і падтрымкай адзін аднаго, многае, несумненна зробленае, але яшчэ шмат належыць зрабіць, — дадаў уладыка. — Але ў нас ужо ёсць цудоўная магчымасць тут, у гэтым храме ўзмацніць малітву за нашу святую Беларусь, за наш народ, за нашу будучыню, і каб мы, як дзеці аднаго Айца Нябеснага, радавалі Яго і прыносілі плён добрымі справамі».

Мітрапаліт Веньямін падарыў Прэзідэнту ікону Пакрава Прасвятой Багародзіцы, якую Аляксандр Лукашэнка вырашыў таксама пакінуць у новым Свята-Іаанаўскім храме.

«Тут недалёка, праз паўтара кіламетры, быў храм, які знеслі бальшавікі ў 1919 годзе, — адказаў на пытанне журналістаў пра выбар месца для будаўніцтва царквы Міхаіл Гуцарыеў. — Ёсць і знакавае месца, праз 50-100 метраў — магіла танкістаў. Чатыры маладыя чалавекі загінулі ў 1944 годзе падчас вызвалення Беларусі. Яны згарэлі ў танку. І мне падалося правільным, калі б храм з’явіўся насупраць іх магілы. Непадалёк адсюль знаходзіцца і школа. Кожную раніцу дзеці будуць ісці міма царквы. Гэта і былі асноўныя параметры выбара месца. Магчыма, больш мэтазгодна было пабудаваць яе на ўзгорку, гэта было б прыгажэй, але мне падаецца, што так, як зроблена, — больш правільна».

Бізнесмен дадаў, што і ў выбары месцы для храма, і ў некаторых іншых пытаннях яго будаўніцтва і аздаблення браў ўдзел кіраўнік дзяржавы. 

Мітрапаліт Веньямін уручыў Міхаілу Гуцарыеву ордэн Кірылы Тураўскага I ступені ў знак падзякі за асабісты ўклад ў справу будаўніцтва храма.


Яго ўзвядзенне было распачата ў 2018 годзе. Мінулам летам Прэзідэнт на сустрэчы з Міхаілам Гуцарыевым дзякаваў бізнесмену за яго дабрачынную дзейнасць у Беларусі, у тым ліку і за ўзвядзенне праваслаўнай святыні.

Сёлета ў маі для яе былі асвечаны крыж і званы.

Храм мае незвычайную для нашых земляў архітэктуру, якая ўласцівая старажытна-візантыйскаму стылю: даволі шырокі купал (12 метраў у дыяметры) тут спалучаецца з высокім (каля 30 метраў) будынкам.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.