Вы тут

Лукашэнка прысудзіў дзяржпрэміі калійшчыкам, анколагам і скульптару


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня падпісаў указ нумар 18 «Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2020 года». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


У галіне навукі і тэхнікі за работу «Інавацыйныя тэхналогіі распрацоўкі радовішчаў калійных солей, развіццё высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей і стварэнне сучаснай імпартазамяшчальнай высокапрадукцыйнай тэхнікі для іх здабычы і перапрацоўкі» прэмія прысуджана генеральнаму дырэктару «Беларуськалія» Івану Галаватаму, намесніку галоўнага інжынера па горных работах — начальніку ўпраўлення горных работ Андрэю Пятроўскаму, намесніку галоўнага інжынера па перспектыўным развіцці — начальніку аддзела перспектыўнага развіцця Дзмітрыю Барбікову, намесніку дырэктара па вытворчасці Салігорскага інстытута праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю Аляксандру Канапляніку, начальніку аддзела галоўнага канструктара — намесніку галоўнага канструктара Дзмітрыю Доўнару і начальніку аддзела вымальных машын і комплексаў Вячаславу Міхаленю.

У выніку выкананых аўтарамі даследаванняў і распрацовак створаны і ўкаранёны новыя тэхналогіі вядзення горных работ па здабычы калійных солей, інтэлектуальныя сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі, асвоена вытворчасць сучаснай высокапрадукцыйнай імпартазамяшчальнай тэхнікі для горнай і хімічнай прамысловасці. Выкарыстанне новых тэхналогій вымання калійных пластоў дае магчымасць атрымліваць з нетраў больш за 80 працэнтаў запасаў калійных солей (рост на 20 працэнтаў). Сёння такога паказчыка не дасягнуў ні адзін калійны руднік у свеце (у Расіі, Германіі і Канадзе паказчык атрымання не перасягае 40 працэнтаў). У Беларусі ўпершыню прыменена тэхналогія раскрыцця запасаў калійных солей з выхадам на прадукцыйны пласт менш як за два гады (прымяненне стандартнай схемы займае да шасці гадоў), у выніку капітальныя затраты зніжаны ў дзевяць разоў.

Укараненне распрацаваных інтэлектуальных сістэм вентыляцыі руднікоў дало магчымасць зменшыць энергаспажыванне на 30 працэнтаў. Выкананы поўны цыкл стварэння сучаснай імпартазамяшчальнай тэхнікі для калійнай прамысловасці — ад навуковых даследаванняў да доследна-канструктарскіх распрацовак і серыйнай вытворчасці. Агульны эканамічны эфект ад работы склаў Br993 млн, створана больш за 700 новых рабочых месцаў для высокакваліфікаваных спецыялістаў.

За цыкл работ «Новыя метады дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў у дарослых і дзяцей» прэміі ўдастоены дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей Палякоў, яго намеснік па навуковай рабоце Сяргей Красны і намеснік па хірургіі Віктар Кахнюк, загадчык лабараторыі таракальнай анкапаталогіі Віктар Малькевіч, галоўны навуковы супрацоўнік РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Алейнікава і экс-кіраўнік РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Алег Суконка.

Аўтары распрацавалі і ўкаранілі ў практычную ахову здароўя 80 метадаў дыягностыкі і лячэння анказахворванняў у дарослых і дзяцей, пацверджаных 58 патэнтамі. Створана сістэма аказання высокатэхналагічнай анкалагічнай дапамогі насельніцтву краіны. Дзякуючы выкарыстанню новых метадаў кардынальна палепшаны вынікі дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў, што дало магчымасць знізіць смяротнасць дзяцей і дарослых ад гэтай паталогіі.

Паказчыкі пяцігадовай выжывальнасці пры пухлінах рознай лакалізацыі павялічыліся ў 1,5-3 разы. У выніку ўкаранення распрацаваных метадаў за 2000-2017 гады дадаткова выратавана больш за 12,8 тыс. чалавечых жыццяў.

Акрамя таго, у краіне створана эфектыўная дзіцячая анкагематалагічная служба, распрацаваны і ўкаранёны ў клінічную практыку найноўшыя навукова абгрунтаваныя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння. Выжывальнасць дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў са злаякаснымі новаўтварэннямі павялічылася з 54,7 працэнта ў 1995 годзе да 75 працэнтаў у 2017 годзе, па некаторых формах перавышае 90 працэнтаў. Гэта супастаўна з вынікамі вядучых сусветных цэнтраў. У лячэнні вострага лімфабласнага лейкозу Беларусь мае адны з лепшых вынікаў у свеце.

У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана дацэнту кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанціну Касцючэнку за стварэнне манумента «Брама памяці» ў мемарыяле «Трасцянец». Гэта скульптурная кампазіцыя — сімвал памяці аб загінулых. Яе вышыня 10 м, а вага — больш за 35 т. У цэнтры сюжэта манумента — змучаныя целы 29 вязняў, якія пераплятаюцца са створкамі варот і калючым дротам, што сімвалізуе жах таго, што адбываецца, і немагчымасць вызвалення. Праект «Брама памяці» ўносіць значны ўклад у фарміраванне агульнаеўрапейскай культуры памяці, а таксама ў прымірэнне і паглыбленне ўзаемаразумення паміж народамі. Бронзавая скульптурная кампазіцыя «Брама памяці» не мае аналагаў у сучасным беларускім мастацтве і з’яўляецца выдатнай прафесійнай творчай работай.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.