Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Слоўнік і лініі

У лютаўскім нумары «Маладосці» вершы Паўла Міхалькевіча. Чытаеш яго падборку — з аднаго боку, усцешваешся, з другога — вельмі сумуеш. А падставы вось якія. Для мяне ў сучаснага (у прыватнасці беларускага) паэта вельмі паказальным заўсёды з’яўляецца вакабуляр (я мог бы сказаць «слоўнік», а сказаў — «вакабуляр»: стыльна, модна, моладзева). Быццам даводжу да жартаў, а на самай справе, на жаль, сітуацыя такая, што для правільных вынікаў хапае і павярхоўнага аналізу. Але з Паўлам сітуацыя атрымалася трошкі больш цікавай. Вось ён быццам згадвае (нэймдропае) МТС, Мілавіцу, Дызер (французскі музычны сервіс) — і нават цягне ў вершы каламбурчыкі («Лета — не тое, што Джарэд, — на гэтым і скончана»). Але адзін радок разам усё расставіў на месцы, вось ён:

«Нават трапіць у твой наратыў непасільна».

Ёсць у рускай сацсеткавай паэзіі такая з’ява, завецца яна Ес Сояй: хлопчык, які піша вершы, накіраваныя на інстаграмнае мысленне, дзе прыгожая абалонка важнейшая за сэнс. І галоўны напрамак яго творчасці, зразумела, любоўная лірыка. Прыблізна ў гэтай жа, па сутнасці, прасторы знаходзяцца і тэксты Паўла: у прасторы якаснага дзявочага хіпстамоўя.

Аўтарка Таццяна Курмазія па ўсё тым жа слоўнікавым размежаванні цягнецца да ўльтратрадыцыяналісцкасці (можа, без прыстаўкі «ультра-», хаця цэлыя пласты мёртвых для паэзіі словазлучэнняў накшталт «соннага гаю», «сівой даўніны», «пяшчотнага напеву матчынага» думаюць інакш).

Шчырасцю і натуральным словам у нашых краях звычайна ратуюць аўтары, якія нарадзіліся ў гэтым міленіуме. Так і з вершамі Дар’і Калакольцавай: хаця ў іх шмат бытапісання, знаёмай, а ў нечым і прадказальнай рэчаіснасці, сама плынь слоў, праз фільтр якой паэтка праганяе свой пачуццёвы канцэнтрат, робіць з нечага — штосьці.

Асаблівай увагі заслугоўвае чарговы міні-камбэк у медыяпрастору Віталя Рыжкова ў фармаце інтэрв’ю, падчас якога чытач даведаецца пра яго працу з Віктарам Марціновічам, перакладчыцкі вопыт, рэп і нават нешта пра свой «сыход у цень». Не даведаецца толькі, калі адбудзецца паўнавартасны паэтычны камбэк. І ці адбудзецца ўвогуле.

Данііл ЛЫСЕНКА


«Гара схавала бездань між хрыбтамі…»

Лірычнай падборкай Фёдара Гурыновіча «Ціхія вершы» пачынаецца лютаўскі нумар «Полымя». Назва яе абгрунтаваная: у творах няма высокага пафасу і гучных дэкламацый, толькі адлюстраванне павольнай плыні жыцця і шляху, якім ідзе душа чалавека, убіраючы ў сябе хараство гэтага свету і смуткуючы праз неадпаведнасць таго, што адбываецца, ідылічным уяўленням. Паэзія Фёдара Гурыновіча традыцыйная: ён апісвае прыроду, прыродныя з’явы, стасункі з блізкімі, успамінае маладосць і дзяцінства. Радуе, што ў апавядальнасці не знойдзеш незадаволенасці ці шкадавання аб хуткаплыннасці часу, якімі, бывае, «грашаць» аўтары, асабліва сталага веку. Наадварот, паэт захапляецца светам і праз гэта сам з’яўляецца крыніцай святла, а ў творах калі-нікалі здзіўляе іскрынкамі дзіцячай непасрэднасці:

Чым ён зманьваў нас,

Быццам вос — да мёду,

Малады фаянс

Снежаньскага лёду?

Зусім іншая па настраёвасці і пафаснасці нізка вершаў Уладзіміра Кароткага, назва якой таксама сведчыць сама аб сабе — «Аголеная праўда». Адметна, што аўтар звяртаецца да гістарычных падзей, каб пераасэнсаваць сучаснасць. Так, яго ўвагу прыцягнула адна з лёсавызначальных падзей Лівонскай вайны (1558— 1583) — бітва пры Чашніках (альбо на Уле) 1564 года. Напярэдадні Іван Грозны захапіў Полацк і планаваў далейшае прасоўванне па землях Вялікага Княства Літоўскага… Пытанні, якія ўздымае паэт, адрасаваныя сучаснікам:

Што ж сёння ты, нашчадак слаўных продкаў,

Баішся помнік над ракой узняць?

Баішся незаслужаных папрокаў,

Што за сябе прыйшлося ваяваць…

Ёсць у нізцы Уладзіміра Кароткага і іншыя творы, якія сведчаць аб глыбіні яго філасофскіх пошукаў, калі ён у алегарычнай форме апісвае ўбачанае:

Гара схавала бездань між хрыбтамі.

Як доўга трэба ўсё ж

уверх ісці,

Каб бездані той дзіўнай

дно знайсці.

Паэзія Святланы Сцепанчук (падборка «Здаваўся раем свет») носіць настальгічны характар. Аўтару з адлегласці пражытых гадоў падаецца шчаслівым тое, што было ў маладосці, і бачыцца ў ідэалізаваным свеце: «***Ах, як было цудоўна жыць… ***…Квітнела маладосць, царыла радасць… ***…Мігнуць успаміны мінулых світанняў, // Засвеціцца ўсмешка, прагоніць самоту…» Вялікая колькась дзеяслоўных рыфмаў і слоў, якія, відавочна, патрэбныя для зададзенай колькасці складоў у радку, у нечым зніжае якасць твораў. Напрыклад, сказ «Не раз спыняла я палёт імклівы, // Каб вуснамі глытнуць жывой вадзіцы» правакуе запытацца: чым яшчэ можна глытнуць вадзіцу? Гэта не адзіны падобны прыклад.

Разам з тым, думаецца, аўтарка, схільная да пошукаў (аб чым сведчыць хаця б яе «Акраверш»), мае добрыя перспектывы творчага росту.

Проза, прадстаўленая на старонках нумара, разнапланавая. З апавяданнем, якое мае прыкметы рэдкага для айчыннай літаратуры жанру — містычнага дэтэктыва, — выступіў Уладзімір Мажылоўскі. Прыемна, што не ўсё ў творы адназначна, у лоб: на адно з галоўных пытанняў (сэнс якога вынесены ў загаловак — «Выпрабаванне») чытач павінен знайсці адказ сам. Як і ў выпадку з ранейшымі творамі Уладзіміра Мажылоўскага, сюжэт гэтага апавядання хочацца экранізаваць — ён мог бы стаць асновай псіхалагічнага трылера для шырокага экрана.

Пад назвай «Усякі дзень апошні» аб’яднаны фрагменты дзённіка Уладзіміра Ліпскага. Пісьменнік разважае над тым, што заўважае ў паўсядзённым жыцці. Ён не дае гатовых адказаў на пытанні, што яго хвалююць, але падштурхоўвае да пошуку чытачоў, якіх успрымае як суразмоўцаў. Многія расповеды кранаюць, асабліва запамінальны — пра сяброўства з дзетдомаўскім хлопчыкам Юркам Радзьковым. Каштоўнасць падобных твораў, акрамя іншага, яшчэ і ў тым, што праз многа гадоў яны могуць стаць крыніцай для вывучэння айчыннага літаратурнага працэсу.

З раманам ураджэнца Беларусі Тадэвуша Даленгі-Мастовіча (1898—1939) «Кар’ера Нікадыма Дызмы», пераствораным з польскай мовы на родную Алесем Емяльянавым-Шыловічам, пачала знаёміць рубрыка «Галасы свету» (працяг плануецца ў наступным нумары). Раман з’яўляецца вострай сатырай на грамадска-палітычнае жыццё Польшчы часоў Юзафа Пілсудскага. Менавіта праз гэты твор пісьменнік здабыў папулярнасць. Ён быў выдадзены ў 1932 годзе.

Адна з найцікавейшых публікацый нумара змешчана ў рубрыцы «Эпісталярый». Пісьмы чытачоў да Івана Мележа падрыхтавала да друку дырэктар БДАМЛіМ Ганна Запартыка. Лісты гэтыя пісьменнік атрымаў пасля выхаду ў свет першага выдання «Мінскага напрамку». Змест іх уражвае: наколькі важнай была роля пісьменніка ў тыя часы — да яго звярталіся і па параду (і з парадай), і з пытаннямі, дый проста выказвалі захапленне і ўдзячнасць.

Тадора ШПІЛЬКА


Шэрыя крыгі ў раўнамернай плыні

У павольныя і неяскравыя прыродныя перыяды камусьці хочацца чытаць адпаведную літаратуру, камусьці, наадварот, нырнуць у вір чужых эмоцый, каб забыцца пра шэрасць навокал. Разнастайная проза і даволі аднародная паэзія ў часопісе «Нёман» ствараюць своеасаблівы эфект паглыблення, узнімаюць многія ўнутраныя пытанні, якія жывуць у галаве кожнага чалавека ціха і глыбока, чакаючы, пакуль адпаведны твор мастацтва не выцягне іх на паверхню.

Паэзія ў лютаўскім «Нёмане» найдакладней апісваецца словамі «настальгічная» і «назіральная». Творы Віктара Гардзея ў перакладзе Ізяслава Катлярова і Уладзіміра Стасюка насычаны прыроднымі, найперш летнімі, вобразамі. У цалкам апісальныя тэксты прабіраюцца і разважанні. Аўтар карыстаецца класічным прыёмам супастаўлення прыродных апісанняў і стану асобы. Вершы Аляксандра Лісняка засяроджаныя на ўнутраных, асабістых разважаннях пра лёс чалавека і Радзімы, пра хуткаплынны час і маральныя ісціны. Простую форму ўпрыгожвае каларытная, часам іранічная, мова аўтара. Падборка Уладзіміра Стасюка ўтрымлівае невялікія тэксты-фіксацыі стану, у якіх праз яркія і канкрэтныя візуальныя вобразы або нематэрыяльныя сімвалы зашыфроўваюцца эмоцыі, што часам немагчыма выказаць словамі. Загалоўны верш нізкі «Нерукотворный файл моей любви» прыцягвае ўвагу спалучэннем класічнай формы і пафаснай лексікі з камп’ютарнай тэрміналогіяй, што ў комплексе выглядае нязвыкла. Дамінантнай тэмай у гэтых вершах можна назваць хрысціянскую мараль. Вершы Алы Нікіфарскай — напэўна, самая эмацыянальная частка паэтычнага «Нёмана». Усе яны — ад першай асобы, у большасці ёсць зварот на «Вы». Гэтая падборка верлібраў у параўнанні з іншымі зусім кароткая, але аўтарцы ўдаецца канцэнтраваць моцныя эмоцыі нават у чатырох радках. Найбольш цікава тое, што гэтыя эмоцыі не так проста адназначна ідэнтыфікаваць, сказаць дакладна — гэта адчай і роспач, зачараванасць і каханне, надзея або ціхая самота.

Проза ў «Нёмане» прадстаўлена дэтэктыўнай аповесцю Наталлі Канстанцінавай пад назвай «Як карміць кролікаў» і двума апавяданнямі. «Ахвярная свечка» Зінаіды Дудзюк распавядае пра жанчыну з агнём у душы настолькі моцным, што цела яе ледзь трывала. Пра жанчыну з іменем Алаіза. Яе нястомнасць і цвёрдыя прынцыпы паказаны з пяшчотай — праз прызму погляду закаханага мужа, які пакутуе ад таго, што няздольны абараніць жанчыну ад свету. Гэта эмацыянальна насычанае апавяданне з яскравымі, адназначна прамаляванымі характарамі і простым сюжэтам, галоўнае ў якім — менавіта ўнутранае складанае перажыванне. Каб чытаць апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка «Палітра настаўніка» і пранікнуцца ім як след, трэба быць абазнаным у гістарычных падзеях дзевятнаццатага стагоддзя, гісторыі мастацтва. Мастацтвам прасякнуты ўвесь тэкст — творамі, развагамі, падрабязнымі назіраннямі за рэакцыяй. Ён дае расцягнуты на некалькі гадоў эпізод з жыцця аднаго з мастакоў, каб ацаніць уплыў асобы на творчасць іншай асобы. Гэтае апавяданне цікавае менавіта вялікай дэталізаванасцю, чытаецца яно як элемент белетрызаванай біяграфіі.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.