Вы тут

Убачыла свет новая кніга пісьменніка Алеся Бадака


Свет убачыла новая кніга пісьменніка Алеся Бадака, якую аўтар днямі прэзентаваў у «Акадэмкнізе». Выданне — цэлая палітра аповесцяў, апавяданняў і эсэ, якія дазваляюць чытачам правесці час у кампаніі цікавых герояў, атрымліваючы задавальненне ад сюжэтаў, дыялогаў і беларускай мовы.


Кніга выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», і яе можна лічыць прэзентацыяй найлепшых твораў, якія ў розныя гады выходзілі ў беларускіх і замежных перыядычных выданнях. Тут змешчаны дзве аповесці, «Нелюдзімы» і «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», дзесяць апавяданняў, сярод якіх, напрыклад, «Душа твая светлая», «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын», «Тэорыя вінаватасці», «Ідэальны чытач» — дарэчы, аднайменную назву атрымала і кніга. Сам жа аўтар, калі разважае пра свайго чытача сёння, кажа:

— Мой чытач — той, які не чытае кніжкі ў метро, хоць, прызнаюся, сам іх там чытаю, больш за тое, электронныя. Я спампоўваю кнігу і чытаю пяць-шэсць старонак у дарозе, а потым ужо, калі мне цікава, знаходжу гэтую кнігу ў кнігарнях і набываю папяровую версію, каб прачытаць да канца. І мне чытач уяўляецца чалавекам, які мае магчымасць браць кнігу ў рукі дома і паглыбляцца ў яе, нікуды не спяшаючыся, задумваючыся над сказамі, словамі. Таму што, калі літаратура сапраўдная, не настолькі важны і сюжэт, і чым гісторыя заканчваецца, — адзначае Алесь Бадак.

Падчас прэзентацыі гаварылі пра сучасную класіку, аўтар разважаў пра майстроў слова, якія падабаюцца яму, пра тое, што ён думае пра сучасную крытыку і ці проста ў наш час сярод мноства кніг знайсці сваю, якая зацікавіць... Алесь Мікалаевіч дзяліўся гісторыямі пра тое, як пісаліся творы з новай кнігі, якімі водгукамі і гісторыямі ўжо паспелі «абрасці», напрыклад, за перыяд свайго жыцця ў перакладах на рускую і туркменскую мовы. Дарэчы, такога кшталту размовай з чытачом пра закуліссе пісьменніцкай паўсядзённасці з'яўляецца і раздзел кнігі «Запіскі на хаду». І гэта дае ўнікальную магчымасць адкрыць для сябе аўтара ўпадабаных твораў з новага ракурсу, нібы пагаварыць з ім пра жыццё, можа, адчуць нават, насколькі блізкія альбо не вашы думкі пра нейкія рэчы, задумацца пра важнае ў сабе і навокал. «Сутнаснае значэнне паэзіі можна лепш за ўсё зразумець не тады, калі яна ёсць, а тады, калі яе няма. Няма не вакол, а ў нас саміх. Таму што вонкава паэзія паўсюль. Не толькі ў кнігах, не толькі ў словах... І калі мы перастаём яе бачыць, адчуваць, успрымаць — гэта не значыць, што яе стала менш у свеце. Гэта значыць, што яе стала менш у нашых душах» — чытаеш і адразу хочацца спыніцца, азірнуцца, падумаць...

— Творчасць Алеся Мікалаевіча для нашага выдавецкага дома вельмі значная, таму што Алесь Бадак не вельмі часта выдаецца. І тут фактычна сабрана проза як мінімум за дваццацігоддзе. Тут і тыя творы, якія прайшлі апрабацыю перакладамі на іншыя мовы. Вельмі шмат ёсць ацэнак гэтых твораў з боку крытыкаў, прычым самага рознага кшталту. Напрыклад, апавяданне «Уцёкі на край дажджу» мела шырокі розгалас. Яно друкавалася ў часопісе «Наш сучаснік». І гэта гаворыць пра тое, што творы пісьменніка запатрабаваны. Што мне асабіста падабаецца ў гэтай кнізе як чытачу, дык гэта тое, што ў прозе Алеся Мікалаевіча заўсёды ёсць інтрыга, адчуваецца, што за напісаным стаіць высокая чытацкая культура. Бо, чытаючы нечыя творы, мы заўсёды параўноўваем іх з творамі іншых пісьменнікаў. І хочацца сказаць, што на маёй умоўнай паліцы гэтая кніга будзе стаяць побач з кнігамі Канстанціна Паўстоўскага, Янкі Брыля, Міхася Стральцова. Перакананы, што яна стане для чытача падзеяй, — сказаў падчас прэзентацыі дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч.

Кніга і першая яе прэзентацыя адбыліся. А які лёс у «Ідэальнага чытача», толькі час пакажа. Таму лепш проста пайсці ў кніжную краму на ўласную сустрэчу з новай кнігай. Нішто не пераконвае лепш, чым той момант, калі ты гартаеш старонкі, чытаеш напісанае і проста разумееш: адгукаецца альбо не. Дарэчы, набыць творы любімых пісьменнікаў з дапамогай «Акадэмкнігі» можна і дыстанцыйна, скарыстаўшыся паслугай адпраўкі кніг па ўсёй Беларусі праз сістэму «Кніга — поштай». Чытайце, бо гэта робіць нас лепшымі!

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: І слова адгукнецца ў чытачы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.