Вы тут

Магілёў запрасіў на свята вядучыя калектывы лялечных тэатраў Беларусі


Заўтра вечарам на сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра адбудзецца нашумелы спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек «Пансіён «Бельведэр». Ён праходзіць у рамках тэатральных сустрэч «Лялькін куФЭр», які ўрачыста стартаваў у панядзелак у Магілёўскім абласным тэатры лялек. Фэст толькі нарадзіўся, ён — яшчэ зусім кволае дзіця. Але ёсць жаданне зрабіць яго не менш вядомым, чым знакаміты магілёўскі міжнародны маладзёжны форум «М.@rt.кантакт». Эксперты лічаць, што для гэтага ёсць усе шанцы.


Пра пачатак фестывалю ў горадзе гучна заявілі музыканты вядомага магілёўскага калектыву Jazz Cіty Band. Яны з уласцівай для іх экспрэсіяй ігралі на прыступках тэатра лялек у панядзелак вечарам. Тэатр знаходзіцца на самай ажыўленай вуліцы горада — Першамайскай, хутка вакол яго ўтварыўся натоўп. Людзі глядзелі, усміхаліся, здымалі на відэа. «Веліканы» на хадулях пад вясёлую музыку забаўлялі дзяцей і дарослых, запрашаючы ў чароўны свет тэатральнага лялечнага фестывалю, які нараджаўся літаральна на вачах. І нагода прыемная. Тэатру лялек сёлета спаўняецца 45 гадоў, і ён вырашыў стварыць на свой прыгожы юбілей прыемны сюрпрыз гораду.

— Брэст, Мінск, Гомель, Віцебск прыедуць у Магілёў. Гэта свята для дзяцей, іх бацькоў, бабуль і дзядуль, — паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Магілёўскага тэатра лялек Уладзімір Андрэенка. — Тэатр — гэта добры настаўнік, выхавальнік, бо ўдзельнічае ў фарміраванні дзіцячага мыслення. За 45 гадоў нашага існавання пастаўлена 100 спектакляў.

У тэатральнай афішы шмат цікавага. Тут і Мінскі абласны тэатр з Маладзечна «Батлейка» са спектаклем «Шматкі па закавулачках» паводле вясёлых твораў любімага і дзецьмі, і дарослымі Рыгора Остэра, і заслужаны калектыў Брэсцкага тэатра лялек з гісторыяй каня «Халстамер», і заслужаны калектыў з Віцебска «Лялька» з іх імправізацыяй «Казка пра казку», і Гомельскі тэатр з іх «гармоніяй усеагульнага вар'яцтва» па байцы Жана дэ Лафантэна...

Гаспадары падораць гледачу дзве свае пастаноўкі. З адной з іх, уласна кажучы, і пачаўся фестываль. Гэта казка пра «самы маленькі самалёт на свеце». У нядзелю фэст закрываецца яшчэ адным яскравым спектаклем, які два гады таму строгае журы «М.@rt.кантакту» ацаніла як падзею форуму — «Кандыд, або Аптымізм» паводле Вальтэра ў пастаноўцы Ігара Казакова. Спектакль быў адзначаны на фестывалях у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Варшаве.

— Магілёўшчына славіцца багатымі тэатральнымі традыцыямі, — адзначыў падчас прэс- канферэнцыі начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок. — Тэатр лялек следам за Магілёўскім абласным драмтэатрам атрымаў ганаровае званне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. Гэта адзнака работы ўсяго калектыву — і артыстаў, і рэжысёраў, і адміністрацыі. Магілёў і Бабруйск наогул можна лічыць тэатральнымі гарадамі, бо ўсе тры нашы абласныя тэатры — драматычны, драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча, а цяпер яшчэ і тэатр ляле,к маюць свае форумы. Чарговым стане традыцыйны фестываль беларускай драматургіі ў Бабруйску, які пройдзе з 12 да 16 лістапада. Потым — «М.@rt.кантакт». Сёлета мы праводзілі яго ва ўсечаным варыянце, але спадзяёмся, што налета на яго прыедуць, як і прадугледжана статутам, тэатры з іншых краін. Умовы для ўзнікнення фестывалю лялек таксама з'явіліся не сёння. Тэатр прапануе шмат чаго цікавага, гэта проста неабходна папулярызаваць. Мы бачым цікавасць да пастановак, аншлагі ў зале, прызнанне гледача. Спадзяюся, што гэты тэатральны фэст, які сабраў найлепшыя лялечныя пастаноўкі з усёй краіны, таксама вырасце да брэндавага міжнароднага.

Дырэктар тэатра Уладзімір Андрэенка ў гэтым не сумняваецца:

— Мы не адзін год супрацоўнічаем з творчымі калектывамі Санкт-Пецярбурга і Масквы. Дзяржаўны лялечны тэатр Санкт-Пецярбурга быў гатовы ўжо цяпер прыехаць да нас на фестываль. Ёсць жадаючыя супрацоўнічаць з Варшавы. Так што перспектывы для развіцця дзіцячага тэатральнага мастацтва вельмі добрыя.

І яшчэ адна добрая навіна. Спектакль магілёўскага тэатра лялек «Самы маленькі самалёт на свеце» будзе паказаны ў Губернскім тэатры ў Маскве на вялікім міжнародным дзіцячым фестывалі.

— Ён увайшоў у лік тых 33 спектакляў, якія фонд Сяргея Бязрукава выбраў з 300, — паведаміў Уладзімір Андрэенка. — Гэты спектакль некалькі гадоў таму ўзяў Нацыянальную тэатральную прэмію ў Мінску і быў названы найлепшым спектаклем краіны. 27 верасня мы пакажам яго маскоўскаму гледачу. А 16 верасня з «Кандыдам, або Аптымізмам» будзем удзельнічаць у фестывалі «Белая вежа».

Магілёўскі тэатр лялек быў створаны ў снежні 1976 года пры гарадскім Доме культуры. Праз некалькі гадоў ён перабраўся ў гістарычны будынак у цэнтры Магілёва. У 2009 годзе была зроблена маштабная рэканструкцыя тэатра, побач з старым корпусам паявіўся новы, што дазволіла атрымаць у тым ліку і новую больш прасторную глядзельную залу. Дарэчы, частка спектакляў тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт» праходзіць менавіта на гэтай сцэне.

— Напаўняльнасць залы — каля 90 %, — удакладняе дырэктар. — І гэта прытым, што па краіне — 75-80 %. Мы рады, што ў нас атрымліваецца адцягваць увагу дзяцей ад інтэрнэту. Нашы спектаклі дапамагаюць выхоўваць любоў да бацькоў, продкаў, Радзімы.

Былая глядзельная зала ў старым будынку таксама выкарыстоўваецца. Гэта зона для самых маленькіх гледачоў — ад двух гадоў да чатырох. Дзеці знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад дэкарацый і артыстаў, што дазваляе стварыць ілюзію прысутнасці ў казцы. Тут жа з вялікім поспехам ідзе і монаспектакль «Сіняя-сіняя» ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая Сцешыца — ён працуе ў тэатры з 1993 года. Кажуць, што калі глядач не заўважае артыста за лялькай, то гэта вельмі добры артыст — у яго атрымалася ажывіць ляльку. Мікалай Сцешыц якраз з іх ліку.

Самае таямнічае месца ў тэатры — гэта тое, дзе нараджаюцца лялькі: планшэтныя, палачныя, пальчаткавыя... Характар ляльцы падорыць работа артыста, а вось «цела» — мастакі-бутафоры. Цяпер, напрыклад, у майстэрні ствараюць герояў да пастаноўкі новага рэжысёра тэатра Цімура Карэпіна — «Маленькі прынц».

— Мы працуем, каб больш людзей прыцягнуць у чароўны тэатральны свет, — кажа Цімур. — Пры гэтым прапануем, а не навязваем. Трэба, каб усё адбывалася па добрай волі. І фестываль — якраз добрая магчымасць пасябраваць.

У першы дзень фэсту ў тэатры лялек хваляваліся, напэўна, усе. Артысты ў грымёрцы апраўдваліся: гэта ж не звычайны паказ, а фестывальны. Але ўсё атрымалася выдатна. Рэжысёр-пастаноўшчык Цімур Карэпін падрыхтаваў сюрпрыз — невялікі перформанс у жанры пластыкі рук. Перад паказам пастаноўкі для гледачоў прайшла відэапрэзентацыя спектакляў тэатраў-удзельнікаў.

Да прыёму гледачоў адкрыўся і дзіцячы буфет — дапамагла Магілёўская фабрыка марожанага. Наогул спонсары паклапаціліся, каб гледачы на фестывалі адчувалі сябе як найбольш камфортна. Дабрадзеі — магілёўскія прадпрыемствы «Магатэкс», «Дамачай», «Бабушкіна крынка».

— У нас ёсць усё, што падабаецца дзецям і дарослым, — гарбата, кава, бутэрброды, папкорн, кексікі, — усміхаецца прадавец Таццяна.

Яна, дарэчы, шматдзетная маці, выхоўвае шасцярых дзяцей. З гонарам кажа, што Ордэн маці ёй уручаў сам Прэзідэнт.

Так што выпадковых людзей у магілёўскім тэатры лялек няма. Напэўна, таму ён і карыстаецца поспехам у гараджан і гасцей горада.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Новы фестываль нараджаецца

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.