Вы тут

Ігар Сергеенка: сапраўдны настаўнік дае не толькі веды, але і перадае свой прафесійны вопыт


Сапраўдны настаўнік дае не толькі веды, але і перадае свой прафесійны вопыт, заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергеенка ў час урачыстага сходу і святочнага канцэрта, прысвечаных Дню настаўніка, у Палацы Рэспублікі, перадае БелТА.


«Я вітаю сёння ў гэтай зале ўсіх тых, хто працуе на ніве адукацыі: ветэранаў працы, якія доўгія гады свайго жыцця аддалі выхаванню пакаленняў, і маладых, якія ўступілі сёння ў прафесію настаўнікаў, выхавальнікаў, работнікаў дзіцячых садоў, школ, ліцэяў, гімназій, устаноў прафесійнай адукацыі, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў і ўсіх кіраўнікоў навучальных устаноў, якія прыехалі з розных куткоў нашай краіны, з розных абласцей. Вы прадстаўляеце сёння розныя калектывы, але вас аб’ядноўвае адно — любоў да прафесіі, якая стала прызваннем на ўсё жыццё. Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з вашым прафесійным святам — Днём настаўніка. Сёння, знаходзячыся ў гэтай зале разам з вамі, успамінаюцца школьныя, студэнцкія гады — самыя цудоўныя, успамінаюцца настаўнікі, якія давалі пуцёўку ў жыццё», — сказаў Ігар Сергеенка.

Паводле яго слоў, сапраўдны настаўнік дае не толькі веды, але і перадае свой прафесійны вопыт. «Я ўпэўнены, што ў гэтай зале сабраліся менавіта такія людзі. Літаральна месяц таму на педагагічным савеце кіраўніком дзяржавы былі пастаўлены новыя, дастаткова складаныя, амбіцыйныя задачы перад сістэмай адукацыі, якія нам трэба будзе вырашаць разам з вамі. І я ўпэўнены, што вы гэтыя задачы вырашыце. Таму што ваша пазіцыя, стаўленне да справы, краіны правераны часам, у тым ліку і падзеямі мінулага года. І мы сёння ў сваю чаргу павінны быць упэўнены ў тым, што будучыня нашых дзяцей знаходзіцца ў надзейных руках, у руках сапраўдных педагогаў, настаўнікаў, адданых патрыётаў сваёй краіны», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Сергеенка таксама зачытаў прывітанне Прэзідэнта.

Як адзначыла ў сваю чаргу настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі нумар 10 горада Маладзечна Святлана Русальская, яна працуе ўжо амаль 10 гадоў і не было ні дня, каб яна расчаравалася ў той прафесіі, якую выбрала. «Таму што кожны дзень прыносіць нейкія новыя адкрыцці. З сучаснымі дзецьмі ўвесь час трэба рухацца наперад. Таму расцём разам з імі кожны дзень», — сказала яна.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі Паліна Сарокіна ўпэўнена, што ў працэсе выхавання дзяцей самы актыўны ўдзел павінны прымаць бацькі. «Дзеці дашкольнага ўзросту па сваёй натуры даследчыкі, яны пастаянна хочуць даведацца пра нешта новае. І нам, выхавальнікам, важна гэта падтрымліваць, дапамагаць спазнаваць тое новае і цікавае, да чаго яны імкнуцца. З нашага боку вядзецца ўзаемадзеянне з бацькамі. Важна праводзіць розныя мерапрыемствы сумесна з бацькамі: экскурсіі, паходы ў бібліятэку, музычныя, спартыўныя мерапрыемствы. Гэта вельмі важна», — падкрэсліла Паліна Сарокіна.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк нагадаў, што на асенняй сесіі дэпутаты разгледзяць у другім чытанні новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. «Важнейшы акцэнт кодэкса, што самае галоўнае — гэта выхаванне, сістэма каштоўнасцей — гэта тое, што стварае грамадзяніна і патрыёта. І таму ў нашым выпадку гэта не адарваны працэс ад жыцця, інтарэсаў нацыі і дзяржавы, а працэс, які будзе даваць магчымасць атрымліваць высокакваліфікаваныя кадры, якія разам з тым будуць разумець, што ў іх ёсць краіна, радзіма і адказнасць перад гэтай краінай. Вось гэта самае важнае і фундаментальнае», — канстатаваў парламентарый.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.