Вы тут

Мікразяленіва: даніна модзе ці рэльная карысць?


У свеце з'явіўся новы трэнд у галіне здаровага харчавання — вырошчванне і ўжыванне ў ежу мікразяленіва. Галоўная яго добрая якасць — яно даступнае ў любую пару года.


Што гэта?

Гэта маладыя парасткі агароднінных або караняплодных, радзей травяністых культур. Вышыня іх не большая за 5-15 см, яны маюць мініяцюрныя сцяблінкі з семядолямі, а часам і пару першых сапраўдных лісцікаў. Ураджай збіраецца ў залежнасці ад сорту і віду расліны, але не пазней, чым праз 12 дзён пасля сяўбы.

У якасці мікразяленіва вырошчваюць як традыцыйнае зяленіва — салату, цыбулю, кроп, пятрушку, кінзу і іншыя вострыя травы, так і расліны, якія ў якасці зяленіва выкарыстоўваюцца рэдка — радыску, дайкон, буракі, або не выкарыстоўваюцца ў гэтай якасці наогул — амарант, сланечнік, нут, капусту, зялёную грэчку і іншыя.

У чым карысць?

— У склад дадзенага суперфуду ўваходзяць вітаміны груп А, В, С, Е, К, РР, мікра- і макраэлементы — магній, калій, кальцый, ёд, жалеза, фосфар, эфірныя алеі, раслінныя бялкі, флаваноіды, караціноіды, антыаксіданты, вялікая колькасць хларафілу, — пералічвае ўрач-інтэрн аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Гурыновіч.

Дакладны склад мікразяленіва залежыць ад яго віду. Напрыклад, людзі з праблемамі стрававання могуць атрымліваць клятчатку з мікразяленіва, а не з сырой гародніны, больш складанай у ператраўліванні. Крэс-салата спрыяе паляпшэнню зроку, брокалі выводзіць таксіны з арганізма, зяленіва грэчкі мае павышаную канцэнтрацыю руціну, які забяспечвае здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы, а маладое лісце радыскі павышае пругкасць скуры.

Такое зяленіва не апрацоўваюць тэрмічна: лічыцца, што пры награванні яно страчвае частку карысных уласцівасцяў. Часцей за ўсё яго ядуць сырым: дадаюць у салаты, супы, смузі, выкарыстоўваюць у якасці асноўнага гарніру да мяса і рыбы, ім дапаўняюць бутэрброды і закускі.

Асноўнае адрозненне мікразяленіва ад звычайнага — павышаная канцэнтрацыя вітамінаў і іншых нутрыентаў. Менавіта на ранняй стадыі развіцця маладыя парасткі ўтрымліваюць больш каштоўных пажыўных рэчываў, закладзеных у фазе фарміравання насення.

Як вырасціць?

Вырошчванне мікразяленіва — цікавы і займальны занятак, які не патрабуе шмат часу і істотных затрат. Усё, што для трэба, — пачак спецыяльнага насення і пажыўны субстрат. У якасці субстрату можна выкарыстоўваць спецыяльныя дыванкі, намочаную вату, вільготныя папяровыя ручнікі, пілавінне або гідрагель. Грунт рэдка выкарыстоўваецца для вырошчвання такіх парасткаў, бо ён забруджвае іх і павялічвае рызыку размнажэння бактэрый.

Самы просты спосаб — прарошчванне на марлі: складзіце марлю ў некалькі пластоў, пакладзіце на дно талеркі і добра намачыце. Насенне змясціце ў шклянку з вадой і пакіньце на 3-5 хвілін. Затым размяркуйце вільготныя семечкі па марлі, накрыйце шкляным вечкам або поліэтыленавай плёнкай і змясціце на падаконніку. Увільгатняйце насенне раніцай і ўвечары пры дапамозе пульверызатара. Калі з'явяцца першыя парасткі, зніміце вечка ці плёнку і праз 10 дзён (у залежнасці ад віду мікразяленіва) зразайце сцяблінкі і атрымлівайце карысныя для вашага арганізма вітаміны і рэчывы!

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.