Вы тут

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся вельмі жорстка кантраляваць працэс імпартазамяшчэння


Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся вельмі жорстка кантраляваць працэс імпартазамяшчэння. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў на сустрэчы з губернатарам Самарскай вобласці Дзмітрыем Азаравым, перадае БелТА.


«Мы рады таму, што мы ў поўным аб’ёме запатрабаваны на расійскім рынку. Сёння пытанне ўжо не стаіць, як прадаць, як гэта было раней. Сёння стаіць пытанне, як задаволіць попыт перш за ўсё нашай Расіі, велізарнай краіны, па тых таварах, якія мы вырабляем. Задача нашага ўрада — ні ў якім разе не адмовіць ні па адным з напрамкаў, не пакінуць кантракты незадаволенымі. Мы аб гэтым шмат у апошнія дні вялі размову і з Прэзідэнтам Расіі, гаворачы аб імпартазамяшчэнні. Гэта пытанне нумар адзін. І мы дамовіліся, што вельмі жорстка будзем кантраляваць гэты працэс імпартазамяшчэння», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што як у Беларусі, так і ў Расіі часам схільныя да цяганіны і бюракратызму: «Усё вызначым, усё намецім, што трэба вырашыць, а потым як пачнём рэалізоўваць — атрымліваюцца цуды. Мы гэтыя цуды бачым і, я яшчэ раз падкрэсліваю, з Прэзідэнтам Расіі гэта вельмі жорстка прааналізавалі. Аж да таго, што былі дадзены адпаведным асобам распараджэнні».

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, у чым сутнасць пытання. Так, у Беларусі ў рамках сумеснай праграмы імпартазамяшчэння былі намечаны да рэалізацыі 15 праектаў. «Ну і пачалося. Вось, 10 праектаў — гэта тое, што Расіі патрэбна. А пяць праектаў — гэта могуць тавары пайсці кудысьці на знешнія рынкі з Беларусі. Гэта нібыта нецікава (Расіі. — Заўвага БелТА). Але малайчына Пуцін, ён кажа: „Нам усё цікава, таму што для таго, каб прадаць у трэціх краінах, на знешніх рынках, тавар трэба ў Беларусі вырабіць, а там больш за палову камплектуючых з Расійскай Федэрацыі“. Дык у чым нявыгада?! — заўважыў Прэзідэнт. — І было рашэнне, гэта вы павінны ўлічыць, што без усялякіх агаворак тыя паўтара мільярда, пра якія я гаварыў, па імпартазамяшчэнні (на Беларусь выдзеленых з рэсурсаў Расіі), яны павінны быць неадкладна рэалізаваны».

«У адваротным выпадку мы прывядзём да таго, што спародзім унутраную нездаволенасць людзей і паўторым тое, што было пры распадзе Савецкага Саюза. Памятаеце, з-за пральных парашкоў і кавалка хлеба мы спарадзілі нездаволенасць людзей. А потым нікчэмныя палітыкі дадалі, і краіна, велізарная імперыя, развалілася. І вось мы цяпер пажынаем гэты плён. Таму гэтых памылак дапускаць ні ў якім разе нельга», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.