Вы тут

Чым парадуюць у новым навучальным годзе школьныя сталовыя?


— На працягу лета мы распрацоўвалі новае школьнае меню, — расказала журналістам дырэктар Камбіната школьнага харчавання горада Мінска Надзея Лукашэвіч. — З мінулага года ўзялі на сябе абавязацельства — абнаўляць школьнае меню кожную чвэрць, улічваць сезоннасць і перавагі дзяцей і бацькоў, каб ахоп школьным харчаваннем быў як мага большы. І сёлета будзем рабіць гэтак жа. Ужо распрацавана меню першай чвэрці. Яно не толькі для школ, але і для Ліцэя МУС, устаноў з кругласутачным знаходжаннем, кадэцкага вучылішча, гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка.


У меню першай чвэрці засталіся стравы, што прыйшліся дзецям даспадобы, такія як «шашлычок школьны» з філе кураняці, перапёлчыны яйкі, тварожна-шакаладная запяканка. Пры гэтым з'явяцца і новыя стравы: «Мітболы сытныя», «Курачка пікантная», «Біфштэкс цудоўны», «Кракет асаблівы», запяканка «Здаравёнак» і каўбаскі «Абібок». А меню буфетнай прадукцыі папоўніць новы ягадны пірог: з пясочнага цеста з прымяненнем працёртай ягады.

Па словах Надзеі Лукашэвіч, навучэнцам 5—11-х класаў абед прапануюць на выбар — з супам ці без яго. «У кожнай нашай школе мы гэты выбар забяспечваем, — запэўніла яна. — Камбінат школьнага харчавання адгукнуўся і на запыт зрабіць стравы больш прывабнымі, духмянымі і пікантнымі. Таму сёлета кухары будуць прымяняць не толькі зяленіва пятрушкі, але і папрыку».

Надзея Лукашэвіч паведаміла, што ў новым навучальным годзе працягнецца акцыя «Чыстая талерка», якая стартавала летась: «За з'едзеную поўнасцю ежу прапануем дзіцяці сімвалічны прыз. Мы заўважылі, што ў дні, калі праходзіць акцыя, школьнікі ядуць больш ахвотна, вельмі ўважліва ставяцца да ежы і ў нас практычна на нуль зведзены адходы».

Дарэчы, калі раней галоўнай прычынай, з якой дзеці адмаўляліся есці ў школе, паводле анкетавання, быў вонкавы выгляд кухараў, то цяпер гэта прэтэнзіі да якасці ежы і таго, што ежа падаецца на стол халоднай.

— З вонкавым выглядам кухараў праблема вырашылася, сёння, напрыклад, абавязковым патрабаваннем пры раздачы ежы з'яўляецца выкарыстанне аднаразовых пальчатак, — заўважае загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава. — А вось якасць страў залежыць і ад адказнасці кухараў, і ад сыравіны, якая набываецца. З няякаснай сыравіны атрымаць якасную і смачную страву немагчыма.

Для дзяцей мае значэнне ўсё: як аформлена памяшканне, дзе яны харчуюцца; сервіроўка сталоў, які посуд пры гэтым выкарыстоўваецца.

Ала Малахава ўпэўнена, што выбар страў у школьнай сталовай павінен быць. Трэба хоць бы мінімальна ўлічваць смакавыя прыхільнасці дзяцей. «Дзеці нашы сёння не галодныя, у іх павышаныя патрабаванні да разнастайнасці харчавання, яны хочуць, каб ім прапаноўвалі сучасныя стравы. Калі ў меню прысутнічае нейкая страва, якая пастаянна адпраўляецца ў адходы, ніякая агітацыя не дапамагае і дзеці ўпарта яе ігнаруюць, значыць, яе трэба замяніць. Чаму павінен быць выбар? Калі дзіця, напрыклад, не есць рыбу дома, то не будзе яе есці і ў школьнай сталовай. Значыць, мы выкідаем грошы на вецер: або дзяржаўныя, або бацькоўскія. Такое нельга дапускаць. Трэба працаваць па меню заўтрашняга дня з магчымасцю выбару. Увогуле меню павінна быць дынамічным.

А вось наконт перспектыў з'яўлення ў школе вегетарыянскага меню Ала Малахава катэгарычная: «Сапраўднае вегетарыянства — вельмі дарагое задавальненне, таму што прадукты, якія выключаюцца з рацыёну, трэба паўнацэнна замяняць. А ў нас часцей за ўсё проста адмаўляюцца ад тых ці іншых прадуктаў. Таму і педагогам, і ўрачам-педыятрам неабходна размаўляць і пераконваць бацькоў у тым, што пераводзіць дзяцей на вегетарыянства — недапушчальна. У 18 гадоў няхай яны самі вырашаюць для сябе пытанне, ці падыходзіць гэта ім. Калі дзіцяці патрабуецца асаблівая дыета, педыятр павінен тое вызначыць, даць рэкамендацыю і ў школе яе выканаюць. Больш мы ніякіх адхіленняў ад прыкладных рацыёнаў у школе не дапускаем».

Пытанне наконт таго, ці могуць бацькі адмовіцца ад школьнага харчавання, узнімаецца з году ў год. Тлумачэнні з такой нагоды даваліся неаднаразова. «У нас няма ніякага прыгоннага права і прымусовай сістэмы арганізацыі харчавання для навучэнцаў, — падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Можна адмовіцца ад школьнага харчавання без тлумачэння прычын, але бацькам трэба самім паклапаціцца аб карысным і збалансаваным харчаванні для свайго дзіцяці. Калі яны гатовыя самастойна арганізаваць паўнацэннае, здаровае харчаванне, я не думаю, што будуць нейкія праблемы з адміністрацыяй. І ніякіх даведак ад педыятра прадастаўляць не трэба».

«Калі дзіця не хоча харчавацца ў школьнай сталовай, мы не прымушаем, а гаворым аб тым, што для здароўя дзіцяці лепш атрымліваць гарачае харчаванне, якое адпавядае ўсім прынцыпам здаровага харчавання», — тлумачыць Ала Малахава.

Альтэрнатыўны варыянт — школьны буфет, дзе прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі. Напаўненне школьных буфетаў заканадаўча ўрэгуляванае. «Раней рэгулявалася нават колькасць найменняў аднаго і таго ж прадукту, але з часам ад гэтага адмовіліся, — заўважыла Ала Малахава. — У нас прапісана, што ў асартыменце павінны быць розныя бутэрброды, халодныя закускі, кісламалочныя прадукты, узбагачаныя макра- і мікранутрыентамі, садавіна і г. д. Могуць быць сухія злакавыя сняданкі. Асартымент буфета павінен адпавядаць прынцыпам здаровага харчавання. У дачыненні да кандытарскіх вырабаў і прысмакаў дзейнічае жорсткае абмежаванне: у буфетах можа быць не больш за 10 найменняў прадукцыі прамысловай вытворчасці.

Па словах Алы Малахавай, прысмакі ў прынцыпе не могуць прызначацца для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, таму што яны не адпавядаюць прынцыпам здаровага харчавання.

Што да прадукцыі ўласнай вытворчасці, яна можа рэалізоўвацца ў неабмежаванай колькасці. Тым больш што пры выпечцы звычайна выкарыстоўваюць розныя карысныя начынкі: яблыкі, капусту, курагу і г. д. «У дадзеным выпадку асартымент мы не абмяжоўваем, нягледзячы на тое, што гэта мучны выраб. Справа ў тым, што ён не ўтрымлівае гідрагенізаваныя тлушчы, забароненыя ў харчаванні дзяцей. Наша прамысловасць грашыць тым, што выпечка (пячэнне і іншая прадукцыя) утрымлівае такія тлушчы, гэта значыць, што яна гатуецца на маргарыне. А ў нас усё гатуецца на раслінным алеі або сметанковым масле», — растлумачыла Ала Малахава.

Акрамя таго, у буфетах дзейнічаюць абмежаванні па продажы піцы, смажанак, сасісак у цесце і падобных вырабаў. «Адзін з гэтых відаў прадукцыі можа рэалізоўвацца ў буфеце не часцей за два разы на тыдзень», — дадала спецыяліст санэпідслужбы. Яна падкрэсліла, што бацькам таксама трэба сачыць за тым, што іх дзеці купляюць у буфеце, ці карысная гэта ежа.

У новым навучальным годзе харчаваннем будуць ахоплены па краіне 1 млн 85 тысяч навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У садах будуць харчавацца каля 391 тысячы выхаванцаў. «Да пачатку навучальнага года былі праведзены планавыя рамонтныя работы, заменена ўстарэлае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, кухонны інвентар і посуд. Аб'екты грамадскага харчавання ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі будуць функцыянаваць у штатным рэжыме, іх больш як шэсць тысяч. У мэтах забеспячэння навучэнцаў збалансаваным, здаровым харчаваннем у рэгіёнах распрацоўваецца прыкладны двухтыднёвы рацыён харчавання. Навучэнцам усіх катэгорый прадастаўляецца адзіны рацыён харчавання, незалежна ад таго, хто аплачвае харчаванне: бацькі або дзяржава», — праінфармаваў Аляксандр Кадлубай.

Што датычыцца грашовых нормаў расходаў на харчаванне, то яны залежаць ад тыпу ўстановы адукацыі і часу знаходжання ў ім выхаванца. Нядаўна яны павялічыліся ад 9 да 13 працэнтаў. Напрыклад, ва ўстановах дашкольнай адукацыі — на 10 працэнтаў, сярэдняй адукацыі — на 11 працэнтаў. «Кошт харчавання ў звычайных садках выхаванцаў ва ўзросце ад аднаго да трох гадоў пры знаходжанні ва ўстанове 10,5 гадзіны складае 3,2 рубля ў дзень, у санаторных садках і групах для дзяцей 3—7 гадоў са знаходжаннем 12—24 гадзіны — 6,5 рубля», — расказаў Аляксандр Кадлубай.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.