Вы тут

Плата за працу — шчырыя ўсмешкі, або Знайсці патрэбны ключ


Уступіць у Маладзёжны парламент роднага горада і стаць яго старшынёй, арганізаваць каманду і разам з ёй запусціць мноства праектаў, пабываць на сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады, асвоіць тонкасці работы валанцёра, стажыравацца ў дзіцячым фондзе ААН ЮНІСЕФ, працаваць аператарам, мантажорам, SММ-спецыялістам і здолець зрабіць гэта ўсяго за два гады. Спіс здаецца нерэальным. Але маладзечанскі падлетак Нгуен Ба Куанг Ле змог дасягнуць пастаўленых мэт і разам з творчай моладдзю падымае валанцёрскую «цаліну» Беларусі.


Шлях Ле ў сацыяльную сферу пачаўся з уступлення ў Маладзёжны парламент:

— Аднойчы ад сяброўкі даведаўся аб тым, што ў нашым горадзе ёсць група хлопчыкаў і дзяўчынак, якія імкнуцца зрабіць свой уклад у развіцце грамадства. Я падумаў, што мог бы прапанаваць шмат ідэй і зрабіць гэты рух больш актыўным.

Яго ініцыятывы аднагодкі ацанілі і абралі на пасаду старшыні парламента. З новым становішчам прыйшло і разуменне таго, што ён будзе весці сваю каманду толькі наперад. Музыкант Дэвід Фінк казаў, што весці народ лягчэй, чым зрушыць яго з месца. Як жа наш герой заваяваў давер? У дзяцінстве маленькаму Ле тлумачылі важнасць адказнасці за сябе і сваё акружэнне. Гэта стала падмуркам для развіцця яго лідарскіх якасцяў. Юнак лічыць, што лідар у першую чаргу думае не пра сябе, а пра каманду і ніколі не ставіць сябе вышэй за астатніх. Самай важнай якасцю для кіраўніка называе ўменне чуць іншых. Прысутнічаў і страх, што не атрымаецца аб'яднаць дзяцей з розных школ, розных узростаў, але нездарма кажуць, што справа майстра баіцца.

Юныя парламентарыі стварылі нямала праектаў. Напрыклад, падпісалі і адправілі паштоўкі ветэранам падчас Рэспубліканскай акцыі «Дзякуй за Перамогу!». Значнай стала ініцыятыва па зборы цацак і кармоў для братоў нашых меншых.

— Я памятаю ўсмешлівыя твары пажылых людзей, якія прыходзілі ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік», каб атрымаць падарункі для сваіх гадаванцаў, — успамінае юнак. — Людзі распавядалі, як цяжка пракарміць хатніх жывёл на адну пенсію, паказвалі фотаздымкі коцікаў і сабачак. Ад іх падзякі стала вельмі цёпла на душы. Як жа гэта класна, як жа гэта крута — атрымліваць столькі задавальнення ад адной усмешкі!

У сацыяльных сетках TіkTok і Іnstagram падлеткі запусцілі міні-праект «Паразмаўляем»: здымалі тэматычныя відэа, у якіх з гумарам тлумачылі значэнне цікавых беларускіх слоў. Сумесная здымка reels дапамагла яшчэ больш згуртавацца юным парламентарыям. Пазней Ле стаў госцем Міжнароднага сходу Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, на якім прапанавалі паўдзельнічаць у міжнародным праекце «Лічбавая зорка». У Дзень Незалежнасці юныя парламентарыі ўсталявалі таблічкі з QR-кодамі каля гістарычных месцаў горада. Нельга не адзначыць поспех створанага да Дня Перамогі відэапраекта «Жураўлі»: хлопцы і дзяўчаты прыдумалі ідэю, касцюмы, запісалі кавер і ў выніку занялі першае месца на Рэспубліканскім конкурсе «Ты ў эфіры».

Дзень за днём юнакі і дзяўчаты рэалізоўвалі свае ідэі, і неўзабаве іх заўважыла адміністрацыя раёна. Маладзёжны парламент запрашалі на розныя сустрэчы, канферэнцыі, што дало вялікую матывацыю. Нгуен Ба Куанг Ле стаў інтэрв'юерам на цырымоніі ўзнагароджання раённага мерапрыемства «Чалавек года», эфір з яго ўдзелам трансляваўся на канале мясцовага тэлебачання. Не менш важнай заслугай юнак лічыць атрыманне ўдзячнага ліста за актыўны ўдзел у жыцці горада ад старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыя Горлава.

Пераломным для Ле стаў момант сыходу з Маладзёжнага парламента. Хлопец прызнаецца, што яго каманда правяла каласальную работу, але яму хацелася дапамагаць людзям на новым узроўні. Тады актывіст пазнаёміўся з Дзіцячым фондам ЮНІСЕФ. Яго дзейнасць у гэтай арганізацыі пачалася з удзелу ў інтэрактывах і анлайн-канферэнцыях «V-talks». На адным мерапрыемстве была афлайн-частка — плогінг-забег, падчас якога валанцёры арганізавалі акцыю па зборы смецця ў Заслаўі. Праз некаторы час у Іnstagram-канале арганізацыі размясцілі спіс самых актыўных удзельнікаў за мінулы год. У ім быў і Нгуен Ба Куанг Ле.

Неўзабаве юнак стаў каардынатарам праекта «Топ-валанцёр» і з гэтага часу займаецца стварэннем кантэнту для арганізацыі, удзельнічае ў трэнінгах, сустрэчах, здымках, пляцоўках, акцыях. Напрыклад, наведаў фестываль «Школа, свабодная ад булінгу» ў рамках сумеснай праграмы фонду і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта «Булінг? Не ў маёй школе». Удзельнікі абмеркавалі правілы і абавязкі, якія варта было б увесці ва ўстановах адукацыі, каб знізіць узровень цкавання. З гэтай праблемай штогод сутыкаецца больш за 70 працэнтаў дзяцей і падлеткаў, у тым ліку і наш герой, прадстаўнік іншай нацыянальнасці.

— На мяне звярталі ўвагу з-за колеру скуры, разрэзу вачэй, — расказвае Ле. — Каб справіцца з такой праблемай, раю ў складаныя моманты абстрагавацца. Мне пашанцавала, што побач была мая сям'я, бацькі заўсёды служылі прыкладам паважлівага стаўлення да навакольных.

Усім вядома, што шлях да зор пракладзены праз церні. Калі ў хлопца апускаліся рукі і немагчыма было зразумець, што рабіць далей, Ле ўспамінаў свой дэвіз «Усё, што ні робіцца, — да лепшага, бо любая падзея — гэта бясцэнны досвед». Аднойчы, калі валанцёрылі на фестывалі, да іх падышоў мужчына і спытаў, колькі грошай яны атрымаюць за работу.

— Мы адказалі, што займаемся гэтым бясплатна і добраахвотна. А платай за нашу працу з'яўляюцца словы падзякі і шчырыя дзіцячыя ўсмешкі. Валанцёрства — гэта новы кірунак дзейнасці ў нашым грамадстве, і людзі мала ведаюць пра яго сутнасць, таму мая галоўная задача — папулярызаваць гэты рух, — гаворыць юнак.

Тым, хто хоча пайсці па слядах Ле, ён рэкамендуе ніколі не баяцца пачынаць:

— Калі вы хочаце рабіць дабро, то бярыце і рабіце. А калі на вашым жыццёвым шляху сустракаюцца дзверы, якія вы не можаце адчыніць, трэба проста знайсці патрэбны да іх ключ.

Пра аўтара

— Ужо дзесяць гадоў на выдатна вучуся ў школе, удзельнічаю ў конкурсах і арганізоўваю мерапрыемствы. Алімпіядным прадметам выбрала грамадазнаўства, бо збіраюся паступаць на факультэт журналістыкі БДУ (інфармацыя і камунікацыя).

Нярэдка баўлю час за маляваннем, гэта прыносіць расслабленне і задавальненне. Гэтаму я вучылася ў мастацкай школе. Таксама пішу нататкі падчас заняткаў у аб'яднанні па інтарэсах «Школа журналістыкі»: расказваю пра цікавых людзей і значныя падзеі.

Каб развіваць вусную і пісьмовую мову, шмат чытаю. Апошняя прачытаная кніга Джона П. Стрэлекі апісвае маё стаўленне да будучых грандыёзных планаў: «Жыццё — вось дзівосная гісторыя, Джон. Проста справа ў тым, што некаторыя людзі не ўсведамляюць, што яны і ёсць аўтары і могуць пісаць яе так, як захочуць», — па-філасофску скончыла аповед пра сябе 16-гадовая Паліна.


У «Чырвонцы. Чырвонай змене» — чарговая падборка найлепшых работ конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ»

Як і абяцалі, працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра нашых юных і маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы ў самых розных яе праявах, патрыятызму, захавання гістарычнай памяці, унёску саміх іх у справы сённяшняй маладзёжнай палітыкі. Словам, спектр кірункаў магчымых матэрыялаў быў даволі шырокі, чым і скарысталіся нашы карэспандэнты, даслаўшы свае пробы пяра ў самых розных жанрах. Знаёмцеся з чарговымі аўтарамі і сачыце за далейшымі выпускамі маладзёжнага дадатку! Яшчэ крыху — і мы назавём імёны пераможцаў конкурсу!

Паліна ШЫНКЕВІЧ, вучаніца 11 класа гімназіі № 6 г. Маладзечн

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.