Вы тут

СМАЧНА ГЛЯДЗЕЦЬ!


Фільмы з цыкла пра традыцыі беларускай кухні выглядаюць не менш смачна, чым самі стравы

На Беларускім відэацэнтры рэжысёр Аляксей Раковіч зрабіў вось ужо чатыры фільмы, прысвечаныя гісторыі беларускай кухні — "Мясныя прысмакі", "Супы і сытыя стравы", "Бульбяныя прысмакі" і "Хмельныя напоі". Глядзяцца гэтыя фільмы сапраўды "смачна": у іх не толькі распавядаецца пра спрадвечныя традыцыі харчавання беларусаў розных саслоўяў у розныя часы, але і самі серыі цыкла, кожная з якіх мае працягласць трохі больш за 20 хвілін, зроблены з душой.

1374656033408_1

Тут пастараліся і аператар Сяргей Торбік, і аўтары сцэнарыя Таццяна Шахавец і Алесь Белы, і мастак па касцюмах Дар'я Раманава, і графікі Максім Носаў і Юлія Васільева, Кірыл Блахін, Таццяна Сіплевіч. І кансультант Таша Капаценка. Акурат па яе ініцыятыве да праекту і быў прыцягнуты вядомы знаўца старадаўняй беларускай кухні Алесь Белы. Рэжысёр Аляксей Раковіч вельмі дакладна падабраў тыпажы і беларускія характары, выбраўшы на іх ролі нашых вядомых акцёраў. Так, у розных серыях з'яўляюцца Генадзь Аўсяннікаў, Анжэла Караблёва, Мікалай Рабычын, Аляксандр Кашпераў, Васіль Грынь, Павел Харланчук, Канстанцін Міхаленка ды іншыя. Прычым гэта персанажы не аднаразовыя і не выпадковыя. Некаторыя з іх пераходзяць з серыі ў серыю.

1374656034612_2

— Гэта таксама была адна з мэт праекта, — распавядае дырэктар Беларускага відэацэнтра Юрый ІГРУША, — запрасіць вядомых беларускіх акцёраў менавіта для стварэння галерэі беларускіх партрэтаў. І хоць гэта не дарагі праект, акцёры пагаджаліся працаваць толькі таму, што разумелі яго важнасць. Пытанне грошай не стаяла на першым месцы.

А праект сапраўды падаецца вельмі значным. Магчыма, гэта нават першая спроба стварыць гэткую кінагісторыю беларускай кухні. Кожная серыя — гэта не проста кніга рэцэптаў, хаця і без рэцэптаў не абыходзіцца. Ігар Сідорчык, чытаючы закадравы тэкст, распавядае, як, напрыклад, гатаваць беларускую верашчаку, вантрабянку, зразы, шупеню, бацвінне, крупнік (густы наварысты суп, асноўная ежа для сялян і збяднелай шляхты на працягу многіх стагоддзяў), граматку, бульбянік, дранікі ды бульбяную кішку. Расказвае падрабязна і грунтоўна, раскрываючы нават некаторыя старажытныя сакрэты кулінарнага майстэрства.

1374656034873_3

Паралельна з гэтымі рэцэптамі існуюць героі. У кожнай серыі яны трапляюць у нейкую сітуацыю, у якой даводзіцца распавесці пра паходжанне і прыгатаванне той ці іншай стравы. Напрыклад, на шляхецкім вяселлі самавітыя шляхцюкі размаўляюць пра беларускае піва. А ў іншай серыі простыя сяляне ў звычайным шынку абмяркоўваюць, адкуль жа ўзялася бульба на Беларусі. І разам з агульнавядомымі фактамі мы чуем нейкія легенды і прыдумкі, характэрныя для свайго часу ў той ці іншай мясцовасці Беларусі і нават для таго ці іншага саслоўя. У кожнага свая бульба, перафразуючы вядомы выраз. У фільмах пастараліся максімальна раскрыць "характар" кожнай стравы з розных бакоў.
— Над праектам працавала некалькі розных спецыялістаў, — тлумачыць Юрый Ігруша. — Гэта наогул вялікая калектыўная праца. Мы не хацелі нейкай суб'ектыўнасці. На маю думку, атрымалася больш-менш аб'ектыўная беларуская кулінарная сітуацыя ў гістарычным разрэзе. Нам важна было перадаць атмасферу і культуру харчавання розных часоў на Беларусі — нават дзеянне ў фільмах адбываецца ў розныя гістарычныя перыяды. Тым больш што розныя саслоўі харчаваліся па-рознаму. І гэта не значыць, што адны харчаваліся дрэнна, а іншыя добра. Уся ежа была карысная аднолькава. Але пры фізічнай працы трэба адна ежа, а пры разгульным ладзе жыцця акцэнты надаваліся іншым рэчам. Але тым не менш рацыянальнасць харчавання была ва ўсім.

1374656036701_4

Усе старадаўнія рэцэпты і байкі ў фільме суправаджаюцца цудоўным відэарадам. Вось мы бачым нацюрморт з агародніны, якая хутка пойдзе на прыгатаванне культавай стравы беларусаў — бацвіння. Суседзі за любоў жыхароў Вялікага Княства Літоўскага да бацвіння нават называлі іх бацвіняжамі. Вось мяса ды грыбы, якія пойдуць на зразы, дранікі, вантрабянку ды пячыста з свойскай птушкі. У выніку атрымліваюцца такія апетытныя стравы, ад якіх ідзе гарачая пара, што так і хочацца хутчэй бегчы на кухню ды паспрабаваць прыгатаваць тое простае ды аўтэнтычнае, але неверагодна смачнае і карыснае, чым харчаваліся нашы продкі.

— Насамрэч, кіно — гэта вялікая ілюзія. Тое, што відаць на сервіраваным стале ў кадры, не заўжды існавала ў рэальнасці ў такім жа выглядзе, — распавядае дырэктар Белвідэацэнтра. — Эфект багатага стала ствараўся і пры дапамозе кадрыравання. А наогул гатаваць нам дапамагаў рэстаран "Камяніца". Вядома, уся ежа была ў невялікай колькасці. Але ў выніку на экране з гэтага атрымалася багатае застолле.

Асобна варта адзначыць працу аператара Сяргея Торбіка. У тым ліку і дзякуючы яму на экране мы бачым такую "смачненькую" карцінку. А тое, як працаваў Сяргей для Белвідэацэнтра, было ўпершыню.

— Здымалася гэта ўсё на фотаапарат Саnоn. Здаецца, просты інструмент, а насамрэч здымаць на яго складаней, чым на відэакамеру, — гаворыць Юрый Віктаравіч, — Таму што ён не зусім прыстасаваны для прафесіянальных здымак. Галоўнае, чаму ім карыстаюцца — якасць выявы, якую ён дае. Але ў ім няма многіх сэрвісаў. Маладыя людзі, засвоіўшы дасканала гэты інструмент у працы, апярэджваюць нават дасведчаных аператараў. Таму што засвоіць лічбавыя тэхналогіі — гэта адно, а вось умець правільна пераносіць іх у мантаж і працаваць з імі на мантажы — тут могуць пачацца праблемы. "Лічба" мае шэраг асаблівасцяў. Фотаапарат дрэнна панараміруе, ён дае лёгкі зрыў пры панараме. І абыходзіць гэтыя сітуацыі таксама трэба ведаць як. Пашырэнне фотаапарата — каласальнае, але апрацоўваць гэтую выяву на мантажы нашмат складаней. Калі ёсць нейкая зацемненасць, "выцягнуць" яе нашмат складаней. Апрацоўцы гэтая выява паддаецца менш, чым выява з лічбавай відэакамеры.

1374656036506_5

Нягледзячы на ўсе складанасці здымак на фотаапарат, беларускія спецыялісты справіліся цудоўна. І наогул гэта сёння вельмі папулярна ў свеце — "здымаць на фоцік". Можна прыгадаць, напрыклад, вядомы серыял "Доктар Хаус", які таксама знялі цалкам на фотаапарат. Карацей, у выніку "Гісторыя беларускай страўні" насычана не толькі цікавымі гістарычнымі звесткамі, рэцэптамі ды беларускімі тыпажамі, але і чароўнымі краявідамі і ракурсамі. Напрыклад, сцэны палявання шляхты ў "Мясных прысмаках" або сцэны, калі герой Паўла Харланчука — вандроўнік і лірычная натура — едзе ўздоўж пшанічнага поля, на якім беларускія дзяўчаткі ў нацыянальных строях убіраюць снапы. Вельмі паэтычныя, сонечныя, аптымістычныя кадры. Дужа каларытныя краявіды: здымкі адбываліся ў тым ліку ў "Дудутках", Заслаўскім музеі-запаведніку, Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Суправаджаецца фільм этнічнай музыкай гуртоў "Троіца", "Стары Ольса", "Юр'я", "Гаротніца" ды "Yоkі". Атмасфера — самі разумееце.

Паглядзець "Гісторыю беларускай страўні" можна па тэлеканале "Беларусь-3".

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.