Выбіраць паміж фестывалем народных промыслаў і музычна-спартыўным святам на беразе вадасховішча каля быхаўскай вёскі Чачэвічы давядзецца ўжо ў гэтыя выхадныя. Але, як кажуць арганізатары мерапрыемстваў, сумаваць не будзеце нідзе.
У сталіцы шапавалаў Дрыбіне будзе магчымасць набыць валёнкі, папоўніць запасы мёду, паспытаць гарбату з гаючых зёлак на «жывой вадзе», паласавацца рыбнымі стравамі і пабачыць яшчэ шмат чаго іншага не менш прыемнага. Майстры запросяць на майстар-класы, дзе навучаць усіх ахвотных асновам старадаўніх рамёстваў. Будзе магчымасць з першых вуснаў пачуць сакрэты дрыбінскіх шапавалаў, промысел якіх лічыцца нацыянальнай каштоўнасцю краіны. Фестываль пройдзе пад акампанемент 30 творчых калектываў Беларусі і Расіі, а завершыцца вялікім шоу агню экстрым-тэатра «Берсек», канцэртам беларускай спявачкі Іскуі Абалян і феерверкам.
Не менш цікавая праграма свята «Вялікая бард-рыбалка», дзе збіраюцца зварыць аж паўтары тысячы літраў юшкі! Будзе магчымасць папарыцца ў лазні і атрымаць карысную інфармацыю ад лепшых парыльшчыкаў Беларусі, Расіі і Украіны, пагуляць у пляжны футбол, наведаць кулінарныя майстар-класы і фотавыставы. Прыхільнікаў аўтарскай песні чакае шмат цікавых сустрэч з вядомымі бардамі. Прыедзе нават скандальна вядомы Псой Караленка з Масквы. А галоўнае, у рыбаловаў будзе магчымасць на справе даказаць, хто з іх самы спрытны і ўдачлівы. У спаборніцтвах па лоўлі рыбы звычайным аматарам складуць канкурэнцыю барды. Арганізатары абяцаюць нават вандроўку на верталёце, каб з вышыні птушынага палёту ўбачыць усю прыгажосць Чыгірынскага вадасховішча.
Трэба адзначыць, што ўсе дрыбінскія мерапрыемствы бясплатныя, а вось уваходны квіток на бард-рыбалку каштуе 30 000 рублёў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».