Вы тут

Мужчын- педагогаў — у Чырвоную кнігу?


Як вядома, настаўнікам года-2014 стаў Віктар Эдуардавіч Жук, малады выкладчык гісторыі з сярэдняй школы № 11 горада Маладзечна.

Прачытаў аб гэтым і задумаўся.

Нейкі парадокс атрымліваецца.

Усё часцей і часцей на конкурсах прафесійнага майстэрства настаўнікаў перамагаюць менавіта мужчыны, хоць колькасць іх у школах з кожным годам, на жаль, становіцца ўсё меншай.

Не ідуць мужчыны ў школу, і прычын тут аж некалькі.

Але пра іх — ніжэй. Спачатку крыху гісторыі.

У ХІХ стагоддзі прафесія настаўніка была выключна мужчынскай, як, дарэчы, і многія іншыя (урач, інжынер, адвакат, не кажучы ўжо пра ваенных). І была гэтая прафесія не толькі вельмі прэстыжнай і паважанай, але і даволі высокааплачваемай. Мяркуйце самі...

Па школьным статуце 1828 года настаўнік прыходскага вучылішча атрымліваў чын 14-га класа і разам з гэтым асабістае дваранства.

У 1890 годзе Маскоўскае земства плаціла народным настаўнікам (а гэта была самая нізкая іх катэгорыя) па 300 рублёў за год, прыбаўляючы кожныя 3 гады па 50 рублёў, так што настаўнік з 12-гадовым стажам атрымліваў ужо 500 рублёў (у тры разы больш, чым кваліфікаваны рабочы). А Пецярбургскае земства ўстанавіла мінімальны аклад настаўніка пачатковай школы ў 480 рублёў, а тым, хто скончыў гімназію, настаўніцкую семінарыю альбо вышэйшыя педагагічныя курсы — 600 рублёў.

Настаўнікі ж гімназій атрымлівалі ў разы больш і маглі даслужыцца аж да чыну стацкага саветніка (амаль генеральскі). І не дзіўна, што іх жонкі не толькі не працавалі, але і служанак для хатніх спраў наймалі.

Усё змянілася пасля рэвалюцыі, калі было аб'яўлена раўнапраўе жанчын з мужчынамі ва ўсім, у тым ліку і ў выбары прафесій. І пайшлі жанчыны працаваць не толькі настаўніцамі ў школы, але і на заводы, і нават у забоі кайлом махаць.

Але аж да Вялікай Айчыннай вайны колькасць мужчын-настаўнікаў была даволі вялікай. Ды толькі шмат іх загінула за чатыры трагічныя гады, так што ў пасляваенны час колькасць прадстаўнікоў «моцнай паловы» ў школах ужо не дасягала пяцідзесяці працэнтаў. І з таго часу з кожным годам станавілася ўсё меншай і меншай...

А што цяпер?

Тэндэнцыя прасочваецца ўжо падчас вучобы ў педагагічных ВНУ. Колькасць юнакоў там ад нуля (пачатковыя класы і дашкольнае выхаванне) да дзесьці 30% (фізіка, матэматыка)... І не факт, што кожны хлопец пасля атрымання дыплома або абавязковай адпрацоўкі (калі вучыўся на бюджэтнай форме) застанецца ў школе. А многія нават самі ў армію просяцца, каб толькі са школы збегчы (там год адслужыць — тут два адпрацаваць).

Чаму так? Заробак нізкі?

Так, заробкі ў многіх нашых настаўнікаў, на жаль, адны з самых нізкіх па краіне. А мужчыны, такая ўжо традыцыя, хочуць быць сапраўднымі «галоўнымі ў сям'і», у тым ліку і па заробку. Таму і не імкнуцца ў школу.

Дык што, справа толькі ў невысокім заробку?

Не будзем спяшацца з высновамі.

Яшчэ адна прычына нізкай матывацыі маладых людзей да педагагічнай прафесіі — адсутнасць кар'ернага росту. Пачынаючы працаваць інжынерам на вытворчасці альбо менеджарам у гандлёвай фірме, мужчыны міжволі мараць пра больш прэстыжныя і фінансава забяспечаныя пасады. А што настаўнік? Да каго, уласна кажучы, ён можа даслужыцца? Да завуча ці дырэктара школы (сярод апошніх, дарэчы, працэнт мужчын значна вышэйшы, чым у цэлым сярод настаўнікаў)? Але ж гэта таксама па вялікім рахунку «тупіковая» пасада. І не вельмі зайздросная, калі шчыра...

І гэта не толькі ў нас.

Калі ўзяць, напрыклад, ЗША, то там, як ні дзіўна, таксама назіраецца падобная карціна. Па звестках Бюро статыстыкі, колькасць мужчын у амерыканскіх школах не так даўно складала ўсяго толькі 24% ад агульнай колькасці настаўнікаў. У некаторых штатах паказчык быў крыху вышэйшым, дзесьці — яшчэ больш нізкім... І гэта пры тым, што мужчыны-настаўнікі ў сярэднім атрымлівалі ў год каля 45 тысяч долараў. Па нашых мерках — вельмі прыстойны заробак, па амерыканскіх — не. Асабліва для мужчын. І галоўнае — няма перспектыў для кар'ернага росту. А значыць, непрэстыжна для мужчыны-амерыканца быць настаўнікам. Урачом — так! Юрыстам — цудоўна! Бізнесменам... Тут, як атрымаецца, але можна рызыкнуць — раптам пашанцуе?.. А вось настаўнікам... Не прагарыш адназначна, але і не разбагацееш. А гэта неяк не па-амерыканску, бо мара сярэднестатыстычнага амерыканца — «злавіць фартуну за хвост»!

А ў школу фартуна гэта нават носу не кажа, там яе і не ўбачыш, не тое, каб злавіць...

У еўрапейскіх школах, дарэчы, працэнт настаўнікаў-мужчын таксама не вельмі высокі (праўда, у розных краінах ён свой), так што праблема гэта не толькі наша. Хоць у нас яна ў апошні час асабліва абвастрылася.

Не ідуць мужчыны ў школу, хоць плач! Не хочуць «сеяць разумнае, добрае, вечнае». А тых мужчын, якія сёння ўсё ж гэтым займаюцца, хутка давядзецца ў Чырвоную кнігу заносіць. Як выміраючы від. Або думаць, як гэты «від» захаваць.

Генадзь АЎЛАСЕНКА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.