Вы тут

Алё, народ на провадзе


Адкрыта ўсё...
Ды мне туды не трэба!

Даўно гэта было. Мой сынок вучыўся ў Харкаве ў ваенным вучылішчы. І сам, і яго сябры-курсанты вельмі ж любілі мае салодкія піражкі. Дык я, бывала, напяку іх на ўсіх, наладую ў адмысловую пасудзіну — і на самалёт. Раніцай — туды, вечарам — назад. І хутка, і зручна, а ўжо колькі радасці... Ну, уявіце: сын, як віхор, улятае ў пакой для сустрэч, абдымае мяне, падхоплівае на рукі, пачынае кружыць: «Мама, мама прыехала!..» І толькі пасля гэтага ўжо ставіць на падлогу — так бы мовіць, вяртае на зямлю — да размоў, да піражкоў. Хіба ж на такое забудзешся?.. Ды ніколі ў жыцці! Як, дарэчы, і адзін з пералётаў...

Неяк восенню выбралася я ў госці да сына. Лячу, як заўсёды, як мае быць... Але ж праз нейкі час заўважаю, што палёт зацягнуўся: як быццам, прызямліцца ўжо час, а мы ў паветры. Чаму гэта? Нервуемся, хочацца спытаць... А ў каго? Кабіна пілотаў, вядома ж, наглуха зачынена, сцюардэс чамусьці няма...

Адна, праўда, потым з'яўляецца, кажа, што Харкаўскі аэрапорт не прымае, там дрэннае надвор'е, а таму наш самалёт садзіцца ў... Варонежы.

Што тут пачалося — не перадаць! У кожнага ж свае сем'і, абставіны, планы... Сувязі з зямлёй ніякай...

Нехта плача, нехта крычыць... А толку што: самалёт жа не аўтобус — з яго, дзе захочаш, не выйдзеш. Варонеж — значыць Варонеж.

Селі мы там. І, відаць, не адны, бо ў будынку аэрапорта не тое што чалавеку стаць, яблыку не было дзе ўпасці!

Вось і мы там «тусуемся» — нервы палім, думаем, што рабіць: дадому вяртацца — далёка, да Харкава — бліжэй. Але ж на чым да яго дабрацца? Сталі шукаць варыянты. Я, напрыклад, даехала туды толькі назаўтра раніцай і ледзьве жывая...

Што трохі падбадзёрыла — сына пабачыла, піражкамі пачаставала...

Час выпраўляцца дамоў...

Цягніком, думаю, буду калыхацца ўсю ноч. Самалётам жа хутчэй. Але ж я ўжо навучаная: тэлефаную ў Гомель, пытаюся, як там надвор'е. Кажуць: «Цудоўнае!»

Усё, значыць, бяру білет на самалёт, лячу і ўжо, можна сказаць, не мару, а ўвачавідкі бачу, як вось зараз скончыцца гэтае няўдалае падарожжа, як прыеду дамоў, прыму душ, лягу ў свой мяккі ложак...

Так мне ад гэтага добранька, так светла, так радасна... Я не адразу разумею, што там гучыць. Наш самалёт садзіцца ў... Барыспалі?!

Божухна, што ж гэта? Куды нас зноўку занесла? Чаму? Надвор'е ж, казалі, добрае...

Эмоцыі праз край, як той казаў! Аднак — і зноў жа — іншага выйсця няма: збіраем манаткі і панура цягнемся ў аэрапорт.

Карціна там — Варонеж адпачывае: нават у дзверы зайсці няможна. Таму ўвесь наш гурт па цемры вядуць у нейкі не тое клуб, не тое кінатэатр. І ўжо там — халодныя, галодныя, злыя ад поўнай невядомасці, што далей, мы сядзім аж... да абеду наступнага дня. Бо якраз тады нам аб'яўляюць, што самалёт на Гомель усё ж паляціць!

Думаеце, што мы супакоіліся? Якое там! Нават падняўшыся ў паветра, баяліся, што зноў ляцім не туды. Бо спяваў жа Высоцкі: адкрыта ўсё, хоць нам туды і не трэба...

Бог, мусіць, пачуў нашы малітвы: селі ў Гомелі!

Як я сябе адчувала, вярнуўшыся дамоў, перадаць не бяруся!..

І гэта ж мы тады яшчэ не чулі ні пра якія авіякатастрофы. Калі б нешта падобнае ды, крый Божа, зараз? Слабанервовых, баюся, маглі б не далічыцца.

Раіса Васільева,

г. Гомель.

Пашлі дурнога...

У тое лета ў маіх сяброў, сужэнцаў Валодзі з Марыяй, урадзілі трускалкі. Прычым урадзілі так, што і самі яны ад'еліся, і пачаставалі ўсіх, і варэння наварылі, а ягады ўсё не канчаюцца.

— Ты ж амаль штодня ў райцэнтр на машыне гайсаеш, —  казала Марыйка мужу. — Прыхапіў бы вядзерца... Глядзіш, і прадаў бы.

Валодзя, ну вядома ж, не хацеў гэтым займацца: бараніўся, як мог, але аднойчы жонка ўлучыла момант — паставіла ў машыну вядро з клубніцамі. Ну, што тут будзеш рабіць: уладзіўшы ўсе свае справы, пад'ехаў гаспадар да гарадскога рынку, выйшаў з грузавіка, каля ног тое вядро паставіў. І сам стаіць — пазірае.

— Колькі просіш? — запытала ў яго нейкая кабета.

— Дзесяць, — адчаканіў Валодзька лічбу, названую жонкай.

Нешта буркнуўшы сабе пад нос, кабета паплыла далей.

Што здзівіла, іншыя людзі рабілі акурат таксама: пыталіся кошт і праходзілі міма. А таму за паўгадзіны Валодзю збрыдзела быць гандляром, і ён, пачуўшы чарговае «колькі?», не вытрымаў, сказаў сваё:

— Дзесяць...

А праз паўзу дадаў:

— ...Разам з вядром!

...Дахаты ён вярнуўся, можна сказаць, шчаслівы.

— Прадаў?! — весела папыталася жонка.

— А як жа!

— За колькі?

— За дзесяць, як ты і казала.

— Вось добра... А вядро наша дзе?

— Дык з вядром і прадаў.

— Авохці мне! Ну, ці ж не дурань? Ці ж ты не ведаў, што вядро — пустое — каштуе даражэй? — зашумела на Валодзю гаспадыня.

І не хутка сціхла: уляцела мужыку! Але ж з таго часу ён нікому і нічога больш не прадаваў: жонка не прасіла.

Анатоль З.,

г. Мінск.

Якая справа, такая і слава

Услед за гумарыстам Задорнавым я казала і буду казаць: жыццё на рацэ больш разнастайнае, больш адметнае. Рака вучыць... Ды хоць бы рыбу лавіць. А ўжо колькі прыгод тады!

Пра адну з іх расказаў наш вядомы «казачнік» Пётр: калі ён не брэша, то і я не збрашу.

Гадоў 50 таму рыба ў нас лавілася проста: падчас нерасту паганяе рыбнагляд — і ўсёй бяды. А пасля таго лодак на вадзе, можна сказаць, безліч. Маладзейшыя мужыкі больш на «абшыванках» выплываюць, старэйшыя — на чаўнах (іх і рабіць трэба з розумам, і плаваць — таксама, бо перакуліцца, што раз плюнуць).

Дык вось. Неяк каля Мурачоўкі (гэта рукаў Дняпра) спецыяльная служба паглыбляла дно і рабіла ўсё, як належыць. Гэта значыць, заклала зарад, падпаліла шнур. Пабег агеньчык і...

Як на тое ліха, у гэтыя ж імгненні, — човен з-за кустоў... Дзед Леўка ў ім... І нічагусенькі ўжо не зробіш... Не спыніш, не адменіш... Рванула! І рванула так...

Човен, казалі, падскочыў над вадою метры на два, сам стары — на чатыры, а кепка дзедава — на ўсе шэсць! Дзед крутануўся нібы «ераплан»: узлёт (рукі-ногі ў розныя бакі), потым — пераварот і пікай у ваду.

Мужыкі, што былі на беразе, аслупянелі: усё, маўляў, канцы дзеду Леўку!..

«Ага, счас», як любіць казаць усё той жа Задорнаў. Дзед, нібы паплавок, вынырвае (!) і хуценька грабе да берага.

Мужыкі да яго — распытваюць, абмацваюць... Дзед нікому нічога не кажа... І, падобна, не чуе — рвецца дамоў, ідзе — без старонняй падтрымкі...

Але ж рака тады апусцела: і тыдзень, і два няма на ёй дзеда Леўкі. Мужыкі сталі пагаворваць, што зараз ён і да берага не падыдзе...

Яшчэ раз тыя «ага» і «счас». У хуткім часе пейзаж аднавіўся: выплыў стары на сярэдзіну рэчкі! Нехта з радасці жартаваць: «Во, дзед, табе страху было! Не хутка ачомаўся...» На што Леўка спакойна сказаў: «Міл чалавек, я ж такі дзве вайны прайшоў, розныя кананады зведаў. Гэта ў параўнанні што? Ды проста пукаўка! А чаму так доўга не выплываў? Дык новы човен дзёўб».

Пасля гэтых слоў нашы мужыкі сталі паважаць дзеда Леўку яшчэ болей...

Хоць ён, зрэшты, і так чалавекам паважаным быў. У пойме Дняпра нават назва ёсць «Леўкаў борак».

Соф'я КУСЯНКОВА,

в. Лучын,

Рагачоўскі раён.

Дзіця падманваць не будзе

Вырашыла я неяк упрыгожыць нашу грубку-ляжанку, а заадно — для ўнука розных звяроў намаляваць. Набрала фарбаў, пэндзляў, вады і, здаецца, прыступіла б ужо да работы, але ж Сашу, думаю, нецікава будзе глядзець, як нехта малюе, яму ж і самому захочацца. А таму дастала я з шуфляды васковыя крэйдачкі, дала дзіцяці: хай, думаю, далучаецца...

Малы, бачу, з ахвотаю. Удваіх, значыць, і шчыруем, ніхто нікому не замінае, абое стараемся. Я дык не на жарт захапіўшыся...

А хлопчыку (яму двух гадоў яшчэ не было), адчуваю, ужо надакучыла на адным месцы сядзець: пачынае круціцца, голас падаваць. Гляджу я на яго і — спачатку — нічога не разумею: Саша не малюе, але ж і крэйдачак у яго няма — ні ў руках, ні побач...

— Дзе яны падзеліся? — пытаюся ў малога.

— У зівоціку, — адказвае той.

— Як гэта — у жывоціку?! Ты іх што — з'еў?

— Не, — лыпае вачыма дзіця.

— Дык дзе ж яны?

— У зівоціку.

— Пакажы язычок.

Слухаецца, паказвае: там нічога такога, усё чысценькае.

— Можа, ты іх за грубку закінуў? — пытаюся.

— Можа...

Узяла качарэжку, з-за грубкі выграбла ўсё, што толькі магла: крэйдачак там няма. Тады я зноў за сваё: «Сашачка, дзе?» І малы таксама ізноў: «У зівоціку».

Гора мне! Не дагледзела дзіця: трэба выклікаць «хуткую». Плачу, але ж пры гэтым цямлю яшчэ, што даўно не садзіла малога на гаршчок...

Здымаю штонікі і...

Не паверыце: камень з душы, бо з іх, з тых самых штонікаў, высыпаюцца... крэйдачкі, якія прыхаваў мой мастак... Трэба разумець, да чарговых «эцюдаў»?

Галіна Цумарава

в. Стары Пруд, Чэрвеньскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.