Вы тут

Культура бачыцца на адлегласці


Гэтымі днямі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць Першы міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры. Яго арганізатарамі з'яўляюцца НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, Міністэрства культуры краіны.

На прадстаўнічым форуме ў беларускай сталіцы сабралася больш як 330 навукоўцаў з Беларусі і замежжа. Учора яны паўдзельнічалі ў пленарным пасяджэнні, наведалі музеі Мінска. Сёння ж, падчас тэматычных секцыйных абмеркаванняў, прадстаўляюць вынікі ўласных даследаванняў у галіне беларускай мовы, літаратуры, фальклорнай спадчыны, архітэктуры, мастацтва.


Як пачуваюцца замежныя навукоўцы ў Мінску? Што яны маюць сказаць аб нашай культуры? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да ўдзельнікаў кангрэса, якія завіталі на форум з-за мяжы.

Арнольд МакМілін, прафесар Лонданскага ўніверсітэта (г. Лондан, Вялікабрытанія):

— Падчас пасяджэння секцыі я буду расказваць пра сваё бачанне творчасці маладога беларускага паэта, празаіка, перакладчыка Антона Францішка Брыля, унука класіка Янкі Брыля. Гэта вельмі таленавіты і арыгінальны творца. Мой даклад пахвальны. Спадзяюся, што гэты пісьменнік будзе і надалей працаваць на полі беларускай літаратуры.

Я ў Мінску бываю з 1960-х гадоў. Натуральна, за гэтыя гады шмат што змянілася. Я памятаю час, калі тут не было метро, і тралейбусы, што хадзілі па праспекце, былі цалкам поўныя. Я працаваў у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук і кожную раніцу хадзіў на працу з гатэля «Мінск» пешкі. Але сёння Мінск стаў вельмі сучасным, тут у кавярнях і рэстаранах добрая кава. Выдатна, што я прывёз з Лондана і добрае надвор'е.


Андрэй Мароз, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык лабараторыі фалькларыстыкі Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта (г. Масква, Расія):

— Разам з калегамі будзем прадстаўляць вынікі нашага сумеснага з беларускімі навукоўцамі праекта па вывучэнні традыцыйнай культуры беларуска-рускага памежжа. Я прадстаўлю даклад, прысвечаны абраду «Свяча». Калі цэлай вёскай, сям'ёй і нават адным чалавекам на хрысціянскія святы вырабляецца «аброк» — свечка. Яна захоўваецца шмат гадоў і штогод дапаўняецца новымі слаямі воску. У дзень вырабу яна асвячаецца ў царкве і запальваецца падчас службы. Лічыцца, што такая свечка аберагае і ўсю вёску, і кожную сям'ю ад нястач, хвароб.

Праграма кангрэса надзвычай вялікая, яна ўражвае сваёй разнастайнасцю. Гэта першае падобнае мерапрыемства ў Беларусі. Мне вельмі цікава паўдзельнічаць у працы секцыі. Калі з мінскімі, полацкімі калегамі мы падтрымліваем сувязь і час ад часу бачымся на міжнародных форумах, то з вучонымі з іншых рэгіёнаў я зусім не знаёмы. Прыемна будзе пазнаёміцца.


Міраслаў Янковяк, ад'юнкт Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, кандыдат філалагічных навук (г. Варшава, Польшча):

— Чакаю, што на секцыйных пасяджэннях у межах кангрэса будзе шмат цікавых дакладаў, якія тычацца не толькі культуры Беларусі, але і літаратуры, мовы. На форум прыехалі спецыялісты з розных краін, якія прадстаўляюць розныя навуковыя кірункі, школы. Спадзяюся, што будзе магчымасць параўнаць некалькі пунктаў гледжання, навуковых канцэпцый.

Раней я вывучаў беларускія гаворкі ў Латвіі, даследаваў гаворкі паўднёвай Пскоўшчыны, цяпер працую над манаграфіяй, прысвечанай беларускім гаворкам у Літве.

У Беларусь я прыязджаю штогод. І заўважаю, што ў краіне шмат што змяняецца: адрэстаўраваны многія помнікі архітэктуры, з'явіліся новыя будынкі і цэлыя жылыя раёны. Сталіца ідзе наперад, мадэрнізуецца.

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.