Вы тут

Алена Міхалоўская: Галоўнае — насуперак усім абставінам застацца сабой


Кажуць, сіла жанчыны ў яе слабасці, але вядучая «Нашых навін» на АНТ Алена Міхалоўская — дакладна прыклад моцнай асобы, прафесіянала, які здольны трансфармавацца, і чалавека, які не ведае і не адчувае ўзросту. Пятнаццаць гадоў у журналістыцы, шматгадовы вопыт працы ў кадры не расчаравалі яе ў выбраным шляху. І тут сакрэт просты: па-першае, нічога выпадковага не бывае; па-другое — толькі ты сам вырашаеш, у якім кірунку рухацца, і нарэшце — мы можам усё, калі ёсць родныя людзі, якія ў нас вераць...


Далучылася да «кампаніі»

— Сёлета вы атрымалі «Тэлевяршыню» як найлепшая вядучая штодзённай інфармацыйнай праграмы. Якія былі ў вас пачуцці і роздумы з гэтай нагоды?

— Кожны чалавек недзе ў душы спадзяецца на ўдачу і прафесійныя перамогі. Калі Леанарда Ды Капрыа ўручылі «Оскар», то я пажартавала, што і я, значыць, далучуся да яго кампаніі. Спраўдзілася!.. І калі аб'явілі, што я перамагла ў намінацыі «Найлепшая вядучая штодзённай інфармацыйнай праграмы», то гэта было нечакана і разам з тым жадана. Пасля ўзнагароджання да мяне падыходзілі калегі і казалі, што як бы ні ставіліся да конкурсу і яго вынікаў, але мая перамога заслужаная.

— А можаце ўспомніць часы вучобы, калі толькі пачыналі асвойваць сённяшнюю прафесію?

— На факультэце журналістыкі БДУ я вучылася на завочным аддзяленні. І ў нас усё праходзіла, як і ў большасці студэнтаў: жылі ад сесіі да сесіі. Прыдумлялі нейкі свой алгарытм, каб пазбегнуць пераздач. А паміж гэтым у кожнага ў жыцці адбываліся важныя перамены, бо хтосьці выходзіў замуж, іншыя станавіліся бацькамі, і калі мы сустракаліся, то мелі магчымасць дзяліцца сваімі навінамі.

Я была дастаткова стараннай студэнткай, аднак нават не думала, што застануся ў прафесіі, буду працаваць па спецыяльнасці і траплю на тэлебачанне.

— Спачатку вы апынуліся ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя»...

— Той перыяд я прайшла, калі яшчэ была студэнткай і трэба было недзе працаваць. Змагла знайсці месца ў выдавецтве ў аддзеле гісторыі Беларусі. Памятаю ўсе тамы «Савецкай энцыклапедыі», якую мы рэдагавалі... Аднак менавіта людзі, з кім працавала поплеч, стваралі незвычайную атмасферу. Мае старэйшыя таварышы былі вельмі цікавымі асобамі — разумнымі, інтэлігентнымі, гатовымі ў любы момант прыйсці на дапамогу. Ад іх чула мноства павучальных гісторый з жыцця. І я вельмі ўдзячная лёсу за сустрэчы з такімі людзьмі.

— Потым была праца на радыё, на беларускім тэлебачанні і ад'езд у Маскву. Там пасля кастынгу вам адразу прапанавалі працу. Ганарыліся ў той момант, што ў вас за плячыма беларуская школа журналістыкі?

— Прысутнічала такое пачуццё. Бо мяне заўважылі і разгледзелі. Як бы пафасна тое ні прагучала, але я была ў тым крэсле на кастынгу, маё аблічча ў кадры і маю працу ацэньвалі. І я зразумела, што мы самі не з гліны злепленыя.

Ніякай руціны!

— Памятаеце, неяк вы сказалі, што з пазіцыі гледача сённяшнім маладым журналістам вы не давяраеце. У чым, на ваш погляд, прычына, і як ратаваць становішча?

— Ведаеце, я яшчэ застала выдатных рэжысёраў, гукарэжысёраў і іншых спецыялістаў, з якімі проста пабыць побач і пачуць іх парады было за шчасце. Ім я вельмі ўдзячная, што ўсе яны былі ў маім жыцці і дапамаглі мне фарміравацца як прафесіяналу. І, можа, гэта маё суб'ектыўнае ўспрыманне, але што датычыцца маладых, то зараз шмат тых, хто адкрыта займаецца самалюбаваннем. Раз з'явіўся на тэлеэкране, і ты на вяршыні. А раней з'яўленне на экране было толькі першым крокам, калі ты разумеў, што ўсё толькі пачынаецца і наперадзе цябе чакае вялікая праца над сабой. Цяпер жа ўсё наадварот успрымаецца, нібы гэта пік кар'еры і ты ўжо ўсё ўмееш...

Але нельга забываць, што глядач павінен давяраць табе настолькі, каб не ўзнікала жадання пераключыцца на іншую праграму. Ён усе дробязі памятае, і камера цябе нібы сканіруе. Там не схаваеш сваёй няшчырасці, акцёрства.

— Калі вярталіся з Масквы, ці была ўпэўненасць, што зможаце адчыніць перад сабой любыя дзверы?

— Вярнуўшыся, я зразумела, што не святыя гаршкі лепяць. І ні тут, ні там ніхто зорак з неба не хапае. Дакладна ведала адно — як спецыяліст абавязкова знайду сабе прымяненне. Прыемна вяртацца з багажом новых ведаў і ўжо не глядзець знізу, а быць на адным узроўні з калегамі-прафесіяналамі.

— Як тэлевядучая вы спрабавалі сябе ў розных жанрах і фарматах. Цяпер зноў працуеце з навінамі. Не ўзнікае адчування руціны?

— Быць вядучай навін — гэта элітны ўзровень у тэлежурналістыцы, і тут ты як прафесіянал па-за канкурэнцыяй. Я сапраўды спрабавала сябе ў розных жанрах і разумею, што проста выдатна, калі спецыяліст здольны трансфармавацца. Зараз ужо год працую ў «Нашых навінах» на тэлеканале АНТ і цалкам задаволена. Унікальная асаблівасць маёй прафесіі ў тым, што нічога не паўтараецца! Кожны эфір — гэта новыя перажыванні, эмоцыі і ніякай руціны.

Не марнуйце энергію

— Жыццё ў расійскай сталіцы змяніла, мабыць, ваша стаўленне не толькі да прафесіі, але і да сям'і...

— Той час быў сапраўдным выпрабаваннем. Прычым, калі я атрымала запрашэнне на працу, то не пагадзілася з першага разу. Адмовіўшыся, я вельмі здзівіла масквічоў, але для сябе проста вырашыла: калі гэта мой шанц, то мне зробяць прапанову зноў. І праз месяц так і адбылося.

Параілася з сям'ёй, і вердыкт быў адназначны: трэба паспрабаваць, каб потым не шкадаваць.

Было цяжка жыць на два гарады і перажываць радасці, горасці, святы на адлегласці ад сям'і. Добра, што сёння ёсць «скайп» і можна штодня быць на сувязі... А там, калі ты з'язджаеш у іншы горад, у іншую краіну, і гэта Масква, дзе ў цябе наогул няма ніякіх знаёмых, то адчуваеш сябе мурашкай. І ў адносінах з мужам для такога кроку неабходны давер. У нас часцей думаюць: як гэта ён цябе адпусціў? А ў Маскве мне жанчыны
казалі: мужыка трэба берагчы, як ты не пабаялася яго пакінуць? Ведаю, што майму мужу тут некаторыя спачувалі, бо лічылі, што я яго кінула з дзецьмі і паехала ў Маскву ў пошуках лепшага жыцця. І гэта смех скрозь слёзы, бо толькі мы ведаем, што давялося перажыць. Аднак набыты вопыт дазволіў кожнаму з нас зрабіць высновы і цяпер на многія рэчы мы глядзім значна прасцей. Ніхто ўжо не высвятляе адносін з-за таго, ці прыгатаваныя катлеты і чыя чарга выносіць смецце. Не варта распыляцца і марнаваць жыццёвую энергію не на тое і не на тых.

— У вас дзве дачкі. Нехта з іх праяўляе цікавасць да вашай прафесіі?

— Пакуль ніхто з іх не заводзіў пра гэта гаворку. Толькі я час ад часу кажу, што не хацела б, каб мае дзеці працавалі ў журналістыцы. Гэта не самая лепшая прафесія для жанчыны. Ёсць шмат магчымасцяў для маладых людзей, і мне здаецца, мае дочкі змогуць больш паспяхова рэалізавацца ў іншых сферах.

— Што лічыце самым неабходным для будучыні сваіх дзяцей?

— Самае галоўнае, каб мае дочкі сустрэлі сваіх адзіных, з кім яны будуць шчаслівымі ў каханні. Бо я нават у сваім акружэнні бачу шмат прыкладаў самастойных і паспяховых жанчын, але яны адзінокія. А вельмі важна, каб побач быў чалавек, які дазволіць жанчыне адчуць сябе слабай. І, безумоўна, мне важна, каб яны былі ўпэўненымі ў заўтрашнім дні.

— А самі якія каштоўныя ўрокі засвоілі, калі азірнуцца на жыццё з пазіцыі сённяшняга дня?

— Я досыць балюча перажываю здрады блізкіх людзей, якія, на жаль, здараліся. Аднак разумею, што да жыцця варта ставіцца мудра.

Ёсць адна выдатная прымаўка: калі ў цябе няма таго, што ты любіш, то любі тое, што маеш.

Памятаю, неяк раніцай ехала на эфір і паскардзілася таксісту, маўляў, як цяжка рана ўставаць. А ён мне сказаў: раніца — гэта выдатна, асабліва калі разумееш, што аднойчы яна для цябе не наступіць. Таму трэба шанаваць кожнае імгненне і цаніць тое, што мы маем. Бо галоўнае, каб блізкія нам людзі былі здаровыя і мы насуперак усім абставінам змаглі застацца самімі сабой.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.