Вы тут

Знайсці агульную мову


Лізавета Самсановіч працуе лагапедам-дэфектолагам у дзіцячым садку № 20 Брэста. Цяпер яна цалкам задаволена сваім жыццём і адчувае, што знайшла сябе ў гэтай сферы. Праўда, калі ў старэйшых класах дзяўчына вельмі захапілася псіхалогіяй, пра спецыяльнасць лагапеда і гаворкі не было. Але, як гэта часта бывае з абітурыентамі, бацькоўскае слова адыграла вырашальную ролю.


— Мама сказала, што лепш ісці на лагапеда: там графік больш зручны, а ў будучыні для жанчыны і маці гэта важна, — успамінае суразмоўніца.

Лізавета даведалася больш інфармацыі пра спецыяльнасць і ў выніку вырашыла ўсё ж такі паспрабаваць. Да таго ж пералік дысцыплін на ЦТ пры паступленні на псіхолага і на лагапеда-дэфектолага нічым не адрозніваўся. І вось у 2016 годзе дзяўчына стала студэнткай БрДУ імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «настаўнік-лагапед, выкладчык».

Вучоба ва ўніверсітэце Лізавеце падабалася. Вялікае задавальненне і шмат ведаў атрымала ад практык у дзіцячых садках. Яна сябе і настройвала, што першае месца працы будзе абавязкова ў дзіцячым садку з малымі.

Але жыццё ўнесла свае карэктывы, і, калі прыйшоў час размеркавання, жаданых вакансій не было.

— Толькі з’явіцца вольнае месца ў дзіцячым садку — яго тут жа займаюць, — успамінае Лізавета.

У выніку атрымалася так, што першае месца працы для нашай гераіні знайшоў яе муж.

— Ён быў сацыяльным педагогам. Мы вучыліся з Уладзімірам на адным факультэце і яго размеркаваннем заняліся загадзя: знайшлі школу з неабходнай вакансіяй, — дзеліцца дзяўчына. — Там у яго спыталі, хто жонка па спецыяльнасці. Аказалася, што лагапеды ім былі таксама патрэбны.

Лізавета прызнаецца, што не хацела працаваць у школе. Аднак выбару на той момант не было. Пасля таго як дзяўчына аддала два гады школе, яна адчувала вельмі моцнае прафесійнае выгаранне.

— Дамовілася з мужам, што год не буду працаваць увогуле. Гэта была не лянота. Я адчувала, што ў мяне зусім ні на што няма сіл, — прызнаецца Лізавета.

Аднак ужо праз паўтара месяца дзяўчыне трапіла на вочы вакансія яе мары: лагапед-дэфектолаг у дзіцячым садку, ды яшчэ і побач з домам!

Зразумела, адразу было крыху хвалююча, бо гераіня не мела належнага досведу працы ў такой установе адукацыі, ды яшчэ і ў лагапедычнай групе. Аднак у калектыве да маладога спецыяліста ўсе ставіліся з разуменнем, павагай, і так, крок за крокам, суразмоўніца «ўлілася» ў работу.

— Знаёмілася паступова і старалася не паказваць дзецям сваю мяккасць. Часта яны ўспрымаюць гэта як слабасць, — дзеліцца Лізавета. — З часам устанавіла пэўныя правілы: гэта мая тэрыторыя і мае законы. Верагодна таму цяпер у мяне няма праблем з дысцыплінай.

Дзяўчына працуе ў лагапедычнай групе. Гэта азначае, што спецыяліст увесь час займаецца з аднымі і тымі ж дзецьмі. Нават яе кабінет знаходзіцца ў тым жа памяшканні, што і група.

— Калі ты працуеш «на пункце», то ў цябе рознаўзроставыя дзеці з розных груп. Ты іх бярэш на заняткі, а потым адводзіш назад, — тлумачыць Лізавета. — Я ж займаюся пастаянна толькі са «сваімі» дзецьмі з лагапедычнай групы.

Па словах дзяўчыны, у такім фармаце работы ёсць шмат сваіх плюсаў. Напрыклад, яна можа назіраць, як дзеці вымаўляюць тыя ці іншыя гукі па-за заняткамі, напрыклад падчас гульні з сябрамі. Бывалі ў яе практыцы і выпадкі, калі дзіця абсалютна не жадала ісці на кантакт. Аднак і гэта пытанне дапамагла вырашыць менавіта спецыфіка работы непасрэдна ў групе.

«Адзін хлопчык «закрываўся» падчас заняткаў, як быццам бы гуляў «у маўчанку», — расказвае дзяўчына. Тым не менш Лізавета не здавалася, назірала за гэтым дзіцем і праз нейкі час заўважыла, што хлопчык добра ўзаемадзейнічае са сваім прыяцелем у групе.

— Я прапанавала прыйсці разам з сябрам. І ён пагадзіўся, — гаворыць дзяўчына. — Пачаў наведваць мае заняткі. Спачатку ў кампаніі, а потым і самастойна.

Лізавета ўжо больш за год працуе ў дзіцячым садку. Група, якая выпусціцца сёлета, будзе яе першым «лагапедычным» вопытам. Ужо цяпер дзяўчына бачыць станоўчыя вынікі сваёй працы і ніякага выгарання не адчувае: толькі аддачу ад дзяцей і падзяку ад бацькоў.

— Я рада, што выбрала гэту прафесію. Хочацца развівацца толькі тут, — упэўнена кажа наша гераіня.

Самае цікавае, што калі зайшла размова пра мінусы ў рабоце, дзяўчына нават не знайшлася, што адказаць.

— Калі я змяніла кірунак на той, што хацела першапачаткова, усе недахопы быццам бы зніклі, — гаворыць Лізавета і тут жа з усмешкай дадае: — Хіба што рэдкія сітуацыі, калі падмяняеш выхавацеля і даводзіцца ў холад гуляць на вуліцы — гэта, мусіць, адзіны мінус.

Аднак для таго каб праца так лягла да душы, трэба ўсё ж валодаць некаторымі якасцямі. Сярод іх наша гераіня ў першую чаргу назвала любоў да дзяцей: «Гэта аснова. Не можа ісці гаворкі ні пра якую камфортную і плённую працу, калі ў вас гэта не закладзена».

Натуральна, нікуды без стрэсаўстойлівасці, камунікабельнасці і цярпення, як і ў любой іншай працы. Але, па словах гераіні, усё гэта прыйдзе, калі сама сфера дзейнасці вам будзе даспадобы. Вядома, будуць і ўзлёты, і падзенні, але калі вы бачыце сябе побач з дзецьмі, калі гатовы дзяліцца з імі сваёй энергіяй і атрымліваць шчырую аддачу ўзамен, то гэта дакладна тая спецыяльнасць, якая вам падыходзіць.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.