Вы тут

Каманда БДУІР прабілася ў фінал чэмпіянату свету па праграміраванні


Паўфінал Паўночна-Усходняга еўрапейскага рэгіёна каманднага Чэмпіянату свету па праграміраванні ACM ICPC прайшоў у Санкт-Пецярбургу. Традыцыйна паўфінальныя спаборніцтвы прымаў у сваіх сценах Універсітэт ІТМО. Усе ахвотныя маглі назіраць за прамой трансляцыяй спаборніцтваў, а таксама за разборам задач і цырымоніяй закрыцця.


Выступленне каманды студэнтаў факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР Belarusian SUIR #1, за якую выступалі Андрэй Воўчак (капітан), Андрэй Собаль і Аляксей Вісцяж,  трымала ў напрузе ўсіх балельшчыкаў. Сваю першую задачу хлопцы здалі толькі праз паўгадзіны, прычым з другой спробы. Наступная паддалася ім у канцы першай гадзіны. Але далей праграмісты ўвайшлі ў смак. Асабліва парадавалі яны сваіх балельшчыкаў, калі на працягу адной хвіліны здалі чацвёртую і пятую задачы, што адразу вывела  каманду на другое месца. Пасля гэтага хлопцы трывала замацаваліся ў першай дзесятцы, якую не пакідалі да  "замарожвання" вынікаў. І нават няўдача ў апошнюю гадзіну спаборніцтваў не стала вырашальнай для іх. Вынікам стала 9-е месца, дыплом першай ступені і выхад у фінал.

У гэтым годзе БДУІР у паўфінале прадстаўлялі тры каманды. Каманды Belarusian SUIR #2 і  Belarusian SUIR # 3 сталі ўладальнікамі дыпломаў трэцяй ступені. Згодна з правіламі, у фінал можа прайсці ад універсітэта толькі адна каманда, якая паказала найлепшы вынік. Таму канкурыруюць паміж сабой у тым ліку і студэнты адной ВНУ.

Зборныя універсітэта трэніруюць бронзавыя прызёры чэмпіянату свету па праграміраванні Аляксей Ропан і Данііл Беражноў, кіраўнік зборных БДУІР — намеснік дэкана факультэта камп'ютэрных сістэм і сетак Аляксей Ляшчоў.

Усяго ў папярэдніх адборачных этапах Паўночна-Усходняга еўрапейскага рэгіёну ўзялі  ўдзел 1341 каманда. У паўфінальныя спаборніцтвы былі адабраны 266 студэнцкіх каманд з ВНУ Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Казахстана, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Кіргізіі, Туркменістана і Узбекістана. Менавіта гэты паўфінал называюць  “групай смерці”, таму што ў ім выступаюць самыя моцныя студэнцкія каманды праграмістаў, у тым ліку і неаднаразовыя абсалютныя пераможцы чэмпіянату свету — студэнты Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта ІТМО.

Дзякуючы высокім выніках, якія прадэманстравалі студэнцкія каманды з нашага рэгіёну ў фінале 2016 года, квота для Паўночна-Усходняга еўрапейскага рэгіёну ў фінале была павялічана да 17 каманд. У фінал прайшлі студэнты наступных ВНУ: Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Універсітэта ІТМО, Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, Уральскага федэральнага ўніверсітэта, Пермскага дзяржаўнага ўніверсітэта, БДУІР,  Вільнюскага ўніверсітэта, Новасібірскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага  ўніверсітэта, Латвійскага ўніверсітэта,  Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Самарскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта, Томскага політэхнічнага ўніверсітэта, Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Вышэйшай школы эканомікі (Расія).

Фінал самых прэстыжных у свеце спаборніцтваў па праграміраванні пройдзе ў мае 2017 года ў Паўднёвай Дакоце (ЗША). Гонар беларускай школы праграміравання будзе абараняць у ім толькі адна каманда БДУІР. На жаль, але ўпершыню за многа гадоў студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія неаднойчы станавіліся прызёрамі сусветнага першынства, не здолелі прабіцца ў фінал…

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.