Вы тут

Усходазнаўца Мацюнін нарадзіўся ў Віцебску


Біяграфія рускага дыпламата, пісьменніка, разведчыка, падарожніка Мікалая Гаўрылавіча Мацюніна (1849 — 1907), які нарадзіўся ў Віцебску, напоўнена многімі таямніцамі. І яе, каб напісаць поўную карціну зносін Расійскай імперыі з Кітаем і Карэяй, іншымі краінамі Азіі, яшчэ давядзецца дэталёва вывучаць.


Адзначаны самымі высокімі ўзнагародамі Расіі, Японіі (ордэн Узыходзячага Сонца 4 ступені) і Кітая (ордэн Двайнога Дракона 3 ступені 2 класа), Мікалай Мацюнін шмат што паспеў зрабіць за сваё жыццё. У 24 гады, усяго толькі ў 24 гады (!), ён з’яўляўся Пагранічным камісарам Паўднёва-Усурыйскага края. Займаў пасаду чвэрць стагоддзя. Установа гэтая была заснавана ў Прымор’і ў 1869 годзе і дзейнічала да 1917-га , фактычна — нават да 1922 года... Спалучала ў сабе функцыі памежнага кантролю з дыпламатычным прадстаўніцтвам у Маньчжурыі і Паўночнай Карэі (да 1905-1906 гадоў). Прычыны, якія падвялі да неабходнасці арганізацыі ўстановы, — поўнае разуменне ўладамі Усходняй Сібіры, што варта эфектыўна кантраляваць перасячэнне граніцы Паўднёва-Усурыйскага края кітайскімі і карэйскімі грамадзянамі. Наспела яшчэ і неабходнасць упарадкавання афіцыйных кантактаў мясцовай рускай адміністрацыі з уладамі прылеглых раёнаў Кітая і Цынскай імперыі. 

Штат новаўтворанай дзяржаўнай структуры быў самы што ні ёсць маленькі: камісар з гадавым утрыманнем у 2000 рублёў, перакладчык кітайскай мовы, перакладчык карэйскай мовы. Падначальваўся камісар ваеннаму губернатару Прыморскай вобласці, а па справах дыпламатычных — непасрэдна генерал-губернатару вобласці... Якія ж задачы паспеў вырашыць на сваёй пасадзе наш зямляк — Мікалай Гаўрылавіч Мацюнін?.. Быў пачаты улік, а таксама — візіраванне замежных грамадзян, якія прыбывалі ва Усурыйскі край. З дапамогай Усурыйскай коннай казацкай сотні пачалася барацьба з пранікненнем ва Усурыйскі край маньчжурскіх хунхузаў і незаконным пранікненнем тавараў праз дзяржаўную граніцу. Усталяваны рабочыя адносіны з адміністрацыяй пагранічных абласцей Маньчжурыі — Саньсінскага, Нінгуцінскага і Хуньчуньскага фудутунстваў. Пагранкамісар фактычна пачаў выконваць коснульскія абавязкі ў адносінах указаных раёнаў Кітая. У чэрвені — студзені 1876 гадоў было забяспечана выкананне Санкт-Пецярбурскай дамовы, згодна якой размяжоўвалася тэрыторыя Расіі і Японіі ў раёне вострава Сахалін і Курыльскіх астравоў. Летам 1877 года была праведзена першая дэмаркацыя руска-кітайскай мяжы ад вусця ракі Тумэнь да станіцы Казакевічавай. У 1886 годзе ўдалося ўладзіць тэрытарыяльную спрэчку паміж Расіяй і Кітаем (так званы Савёлаўскі крызіс; вельмі важны этап у расійска-кітайскіх зносінах). У снежні 1888 года былі ўсталяваны рабочыя адносіны з адміністрацыяй бліжніх раёнаў Карэі. Пагранкамісар у выніку выконваў яшчэ і абавязкі консула ў горадзе Кёнгхын... Пагадзіцеся, улічваючы, што ў многім гэты былі першыя крокі, зроблена нямала!..

Гісторыя дыпламатыі добра памятае, якіх сіл і намаганняў каштавалі ўсе гэтыя клопаты. Таму і невыпадковымі былі ўзнагароджванні ўраджэнца Віцебска ардэнамі Расійскай імперыі — Святога Уладзіміра 3 і 4 ступеняў, Святой Анны 2 і 3 ступеняў, Святога Станіслава 2 ступені.

Нарадзіўся Мікалай Мацюнін 2 (14) снежня 1849 года ў старадаўнім Віцебску ў сям’і старшыні Віцебскай казённай палаты Гаўрылы Паўлавіча Мацюніна. Вучыўся малады чалавек ў Імператарскім Аляксандраўскім ліцэі. Прыблізна ў адзін час з нашым земляком у гэтый прэстыжнай навучальнай установе авалодвалі ведамі міністр землеўпарадкавання і дзяржаўнай маёмасці імперыі Аляксей Ермолаў, апошні старшыня Савета міністраў імперыі Мікалай Галіцын, старшыня Савета міністраў Расійскай імперыі ў 1911 — 1914 Уладзімір Какоўцаў, рэктар Маскоўскай кансерваторыі Васіль Сафонаў... Пасля вучобы ў студзені 1870 года Мікалай Мацюнін быў прызначаны на службу ў распараджэнне генерал-губернатара Усходняй Сібіры. З мая 1870 да канца 1871 года малады чалавек займаў розныя пасады ў Якуцку. 8 красавіка 1872 года быў прызначаны выконваючым справы чыноўніка для дыпламатычнай перапіскі пры генерал-губернатары Усходняй Сібіры... І крыху болей як праз год — згаданае прызначэнне Пагранічным камісарам. Працоўнае, службовае месца знаходзілася ва ўрочышчы Новакіеўскае. Сёння — гэта пасёлак Краскіна ў Хасанскім раёне Прыморскага края... У 1880 годзе, калі ўзнік Кульджынскі крызіс, Мацюнін пераехаў у сяло Нікольскае (сённяшні Усурыйск), дзе знаходзіўся да 1882 года. З чэрвеня 1880 па жнівень 1881 года Мікалай Гаўрылавіч адначасова выконваў абавязкі начальніка Паўднёва-Усурыйскай акругі...

І калі прыйшлі новыя часіны ў зносінах паміж Расіяй і Кітаем, Расіяй і Карэяй, у зносінах з Японіяй, у памяці дыпламатаў, дзяржаўных чыноўнікаў заставалася перакананне, што Мацюнін на працягу болей як 20 гадоў выконваў ключавую ролю ў рэалізацыі знешняй палітыкі Расіі ў адносінах да яе далёкаўсходніх суседзяў. Пры гэтым заставаўся чалавекам надзіва сумленным, сціплым... Захавалася такое сведчанне ваеннага губернатара Прыморскай вобласці генерал-маёра І. Баранава: «... Пагранічны камісар Мацюнін..., пражываючы ва ўрочышчы Новакіеўскім, дзе няма ніводнага адпаведнага дома, быў вымушаны скласці сабе хацінку, на што пайшлі ўсе яго зберажэннні за 5 гадоў». А яшчэ для паездак неабходны былі добрыя коні, якіх Пагранічны камісар утрымліваў выключна за свой кошт. 

У час паездак па Кітаю Мікалай Гаўрылавіч назапасіў шмат звестак статыстычнага, ваеннага і этнаграфічнага характару. Мацюнін падтрымліваў праект будаўніцтва Кітайска-Усходняй чыгункі: «Зямля, па якой рускія пракладваюць рэйкі, канешне, стане рускай зямлёю». Ведаючы псіхалогію жыхароў суседніх памежных рэгіёнаў, Мацюнін не выключаў і нападу туземных насельнікаў на будаўнікоў чыгункі. Што і сапраўды здарылася ў 1900 годзе... Як публіцыст і пісьменнік Мікалай Гаўрылавіч пакінуў цэлы шэраг цікавых публікацый, даследванняў — «Нашы суседзі на крайнім Усходзе», «Запіска пра кітайцаў маньчжураў, якія жывуць на левым беразе Амура», «Карэннае насельніцтва і перасяленцы ў Сунгарыйскім басейне»... Цікавым падаецца наступнае меркаванне Мацюніна ў адносінах да Кітая, выказанае ім у 1887 годзе: «Трывалы мір з Кітаем магчымы для нас на аснове ўзаемнага даверу і ўзаемнага ўсведамлення сілы, непахіснасці ў пытаннях нацыянальнага гонару, строгага вылучэння нашых інтарэсаў ад гандлёва-еўрапейскіх і рашучай адмовы ад далейшых тэрытарыяльных набыткаў на крайнім Усходзе і ў паўночных водах Ціхага акіяна»...

Апошнія гады жыцця ўраджэнец Віцебска правёў у Санкт-Пецярбургу. Служыў некаторы час у Міністэрстве замежных спраў. Быў жанаты на Ганне Якаўлеўне Нікіцінай. Дзяцей не меў... Прыняўшы прызначэнне консулам у Мельбурн, Мікалай Рыгоравіч у студзені 1899 года выехаў у доўгатэрміновы адпачынак у Санкт-Пецярбург і ў той самы год адыйшоў ад актыўных спраў па стану здароўя. Апошняя афіцыйная пасада Мацюніна — памочнік старшыні Асобага камітэта па справах Далёкага Усходу контр-адмірала А. Абазы ў 1904 годзе. 

Памёр Мікалай Мацюнін 31 мая 1907 года ў Санкт-Пецярбургу. Быў пахаваны на Нікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай Лаўры. Магіла не захавалася... Дзякуй Богу, што захавалася памяць пра нашага прыкметнага ў гісторыі Расіі, Далёкага Усхода, гісторыі расійска-кіатйскіх, расійска-карэйскіх адносін земляка. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.