Вы здесь

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа


Што гэта за горад з насельніцтвам толькі трыста тысяч чалавек і што гэта за кінафестываль, на начных паказах якога ў гэтым горадзе гледачы ледзь не звісаюць са столяў і барнай стойкі. У мінулую нядзелю ў Беластоку падвёў вынікі 14-ы міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў Żubrоffkа, дзе апроч іншага паказвалася асобная праграма беларускіх карцін, а ў конкурсах дзіцячых фільмаў удзельнічала беларуская анімацыя. Папярэджваючы пытанні, зуброўку на кінапаказах не раздаюць, хоць чуткі ходзяць, што гэта адзін з самых пітушчых кінафестываляў у свеце (у кінематаграфістаў часам своеасаблівыя крытэрыі ацэнкі). Чуткі каментаваць не буду, але пра саму Żubrоffku ў мяне нешта ёсць.


Z

Узнагароджванне фільмаў на цырымоніі закрыцця. Журы зачытвае матывацыю.

Калі паказы на пэўным кінафестывалі збіраюць поўныя ці прынамсі амаль поўныя залы, праўда ж, складана сказаць, гэта заслуга культурнай публікі ці РR-службы? У гэтым выпадку альбо ў Беластоку надзвычай культурная публіка, альбо ў фестывалю Żubrоffkа добры піяр, альбо ўсё разам. Стаўлю на «ўсё разам»: хіповы фестываль, як мне падалося, мае цэлы шэраг казырных картаў, у прыватнасці, хоць гэта амаль што відавочна, добрае кіно і — трэба вылучыць асобна — выкшталцоныя формы яго «падачы».

Што за добрае кіно? — апроч беларускага, якое ўвайшло ў шырокі пазаконкурс, Żubrоffkа паказала прыгожа рознааблічную конкурсную праграму, куды былі ўключаны замежныя карціны і даволі фільмаў з Польшчы. Некалькі конкурсаў кіно для дзяцей ад шасці, дзесяці і трынаццаці гадоў, праграмы стужак з усяго свету і секцыі выключна польскіх работ, асобна — аматары, асобна — студэнты, асобна — незалежныя фільмы, нарэшце конкурс эксперыментальнага кіно і відэаарту і заўсёды любімая праграма відэакліпаў.

Жанчыны ў балканскім кіно, фільмы пра нянавісць, карціны з Каўказа, кароткаметражкі ў жанры sсі-fі, афрашорты, работы членаў асноўнага журы — гэта пазаконкурс ці хутчэй яго частка. А цяпер уявіце, што апроч звычайных залаў з мяккімі крэсламі і «праносіць напоі забаронена» (хоць, здаецца, можна было) фільмы паказваюцца ў кайфовых прасторах з барнай стойкай і пэўным хаосам перамяшчэнняў, у тым ліку ноччу, у тым ліку замест сняданку, альбо ў палацы Браніцкіх, адной з галоўных славутасцяў Беластока.

І яшчэ — Żubrоffkа падкрэслівае сваю мадэрновасць праз скіраванасць на доўгія ночы: праграма канцэртаў з'яўляецца асобнай гісторыяй, дыджэі, каб зрабіць вечарыны незабыўнымі, прыязджаюць у горад пачкамі, а адзін з іх — Янус Расмусэн — выступіў у якасці «тапёра» на паказе дацкай нямой карціны Хольгера-Мадсэна «Падарожжа на Марс» 1918 года ў якасці фільма адкрыцця. Беласток на фестывалі танцуе.

U

У асобнай праграме лакальнага кіно, то-бок гэтым разам у чатырох карцінах, што маюць дачыненне да Падляшша, можна было пачуць беларускую мову. Падборка паказвалася ў асаблівым і, што было відавочна, прыцягальным фармаце кінасняданку, якіх на фестывалі было тры (апроч падляскага славацкія і чылійскія кухня і фільмы) — вось табе пажытак для розуму і вось для цела. То-бок адмыслова прыгатаваныя запрошанымі кухарамі стравы прадстаўляюцца таксама, як уласна кіно, падчас першага Q&А нават прагучаў жарт, маўляў, чым больш пытанняў аўтарам, тым далей ад страў, таму пытанняў больш не было.

У гэтай праграме апроч беларускай мовы я знайшла цудоўна мілы фільм пра зніклую прафесію. Малады хлопец прыходзіць да жыхаркі пэўнай вёскі і прапануе свае паслугі спевака для курэй, быццам яны праз гэта пачынаюць несці больш яек.

З альбомамі песень — вельмі прадстаўніча — ён прапануе прадэманстраваць сваю карысць і ідзе ў куратнік, дзе пры выключаным святле выступае быццам перад публікай: звяртаецца да курачак, прадстаўляе свой рэпертуар і выконвае папулярныя песенькі. Ён пакідае жанчыне візітоўку, а пазней вяртаецца, каб незаўважна падкінуць у куратнік куплёных яек. На наступны дзень разам з гаспадыняй яны ідуць ацэньваць вынік працы, бачаць відавочны рост «вытворчасці», жанчына прапануе спеваку заплаціць яйкамі, ён збірае свае яйкі назад і сыходзіць. Цітры «Курынага спевака» Херманаса дэ Чамука інфармуюць, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў рэгіёне працавала некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў гэтай прафесіі.

Тут жа ціхая карціна «Кветка адной ночы» Наты Шады пра дзяўчыну, якая жыве наводшыбе пад строгай апекай веруючай маці, а ўрэшце дазваляе сабе маленькую вольнасць — сыходзіць на ўсю ноч да вогнішча на беразе і, нягледзячы на матчын гнеў, застаецца назаўсёды ўсцешанай глытком свабоды. Кароткаметражка «Андына» Томаша Слівінскага робіць сваім героем уладальніка рэдкага захворвання і іграе яго Барташ Беленя, што выканаў галоўную ролю ў нашумелым «Божым целе» Яна Камасы (паказваўся на кінафестывалі «Лістапад»). Żubrоffkа прадстаўляе праграму падляскага кіно кожны год і выдае гэтую падборку на дысках.

B

Прадстаўленне беларускай праграмы.

Беларуская анімацыя — «Найлепшае месца на свеце» Ірыны Тарасавай і «Паданне пра гуслі» Таццяны Кубліцкай былі паказаны ў конкурсах для дзяцей (яны ж, між іншым, удзельнічалі ў Нацыянальным конкурсе сёлетняга «Лістапада»). Але апроч гэтага 14-я Żubrоffkа вылучыла калекцыю беларускіх фільмаў апошніх гадоў у асобную пазаконкурсную праграму. З гэтай нагоды можна згадаць яшчэ адзін асаблівы фармат кінафестывалю — «гастролі». Пэўныя праграмы апроч уласна Беластока паказваюцца ў гарадках і мястэчках рэгіёна, якія часам выступаюць як ініцыятары, запрашаюць, сустракаюць і небяспечна адпраўляюць назад гасцей, што мусяць прэзентаваць работы і адказаць на пытанні публікі.

Гастралявала і падборка «Беларусь па-за...» — знаёмы, што яе прадстаўляў, вярнуўся з паездак з торбай падораных яму польскіх пірагоў сэнкачаў. У секцыю ўвайшло пяць нашых фільмаў, напрыклад, паўгадзінная знятая адным планам стужка Віктара Красоўскага «Душы мёртвыя», што паказвае прадпрыемства, на якім працуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, і дырэктара, які хоча замяніць іх «паўнавартаснымі» супрацоўнікамі, захаваўшы плюшкі ад дзяржавы.

Кароткаметражка «Сапраўдная амерыканка» Дар'і Жук, знятая яшчэ да знакамітага «Хрусталя», паказвае дзяўчыну з постсавецкай краіны, што прыехала па абмене ў амерыканскую сям'ю і сустрэлася з пэўнымі да сябе патрабаваннямі, якія выклікалі маленькі, але прыгожы бунт. У фільме «Frоm а grеаt hеіght» Улады Сяньковай (назва пазычаная ў песні гурта Rаdіоhеаd) у цягніку сустракаюцца бежанец і хлопец, што хоча пазбегнуць службы ў арміі, — абодва спадзяюцца перасячы мяжу паміж Беларуссю і Польшчай.

Куратар праграмы Радак Дамброўскі кажа, што Żubrоffkа даўно мела ідэю паказаць сучасныя беларускія фільмы, але яшчэ дзесяць гадоў таму сабраць праграму кароткага метра з Беларусі было даволі цяжкай задачай. Сёння ж праблема ўжо не ў недахопе, а ў раздоллі, калі можна і трэба выбіраць, і глядзіце — усё скрозь незалежнае кіно. У прыемных планах арганізатараў — паказваць праграмы беларускіх фільмаў пад брэндам Żubrоffkа і надалей, нават па-за межамі снежаньскіх дзён, калі праходзіць сам фестываль.

R

Я працавала ў журы. З гэтай нагоды раю пазначыць сабе прынамсі два фільмы: як толькі яны стануць даступныя ў сеціве ці дзе яшчэ, націскайце «Рlау». Фокусам замежных кінакрытыкаў на фестывалі стала студэнцкае і незалежнае польскае кіно і журы не абышло ўвагай амаль што відавочнага фаварыта польскіх праграм — супер кранальную, смешную і фактурную дакументальную стужку аб эвалюцыі свядомасці і прыняцці блізкага чалавека «Безумоўная любоў» Рафала Лысака. Работа між іншым прымала ўдзел у кінафестывалі ІDFА ў Амстэрдаме (які называюць «дакументальнымі Канамі»).

Мы маем унука, уласна рэжысёра карціны, і бабулю, якую той час ад часу наведвае. Яны любяць адно аднаго, бабуля з нецярпеннем чакае візітаў Рафала, гарачыя абдымкі захлынаюць пяшчотай, але ў пэўны момант, пасля мільёнаў традыцыйных бабуліных жартаў і намёкаў на дзяўчат, сям'ю і будучыню, хлопец прызнаецца, што аддае перавагу мужчынскаму полу.

Усё. Сэрца бабулі разбіта, яна драматычна плача і наракае на Бога за тое, што ён адбірае ў яе самае дарагое, спрабуе пераканаць унука і перарабіць, але цягам фільма змяняецца і любоў — безумоўная любоў — бярэ верх. Карціна між тым атрымала Гран-пры кінафестывалю Żubrоffkа, а таксама Прыз глядацкіх сімпатый. Не дзіўна, бо Рафалу Лысаку, па-першае, надзвычай пашанцавала з маляўнічай бабуляй, якая не баіцца камеры, не змяняе пад яе позіркам жэстаў і слоў, даволі камічна для сучаснага чалавека разважае і сябе паводзіць. Да таго ж гэта цэласны, паслядоўны, поўны тэм і кірункаў фільм, ды на актуальную, амаль што трэндавую, тэму, і атрымаў ён ад нашага журы Sресіаl mеntіоn.

«Дождж».

Уладальнікам жа галоўнага прыза міжнароднага журы журналістаў стаў, здавалася б, просты, а ў той жа час складаны анімацыйны фільм «Дождж» Пётра Мільчарэка. Няхітрая, але як бы канцэптуальная, мінімалістычная, геаметрычная анімацыя вымалёўвае «асляпляльны шлях да смерці», а дакладней, прагу свабоды і бяздумных прыгодаў з надзеяй на вельмі нетрывалую падстрахоўку.

Мы бачым хмарачос і чалавека, што вырашыў скончыць жыццё самагубствам, але аказаўся выратаваны супергероем. Адчуць асалоду падзення і быць выратаванымі захацела занадта шмат чалавек... «Дождж» — лёгкі фільм, але пры ўсёй сваёй забаўнасці і мінімалізме ўмяшчае ў сабе якасную іронію, правакацыйнае бачанне сучаснага свету і чалавечай прыроды і мноства магчымасцяў для паралеляў, дзе ўсё скажа адно — «чалавеку досыць складана дапамагчы».

Уласна безумоўнасцю пачуццяў і авантурнай чалавечай сутнасцю, а гэта, можа быць, самыя прыемныя з'явы на свеце, Żubrоffkа і ўвянчалася. Значыць, калі ехаць у Беласток, то лепш, канешне, не на закупы, а на кінафестываль. Танцуем!

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота з архіва кінафестывалю

Название в газете: Кароткі метр вырашае

Выбор редакции

Политика

Второй день ВНС: все подробности здесь

Второй день ВНС: все подробности здесь

В повестке дня — утверждение концепции нацбезопасности и военной доктрины.