Вы тут

Хуліганіць... экалагічна!


У Мінску прайшоў дзіцячы экалагічны фестываль творчасці і развіцця «Зялёны ўік-энд»

«Менш тэорыі, больш практыкі» — пад такім дэвізам арганізатары стварылі ў памяшканні галерэі «Ў» экалагічныя майстэрні для самых маленькіх. Галерэя стала пляцоўкай і адначасова экалабараторыяй для многіх цікавых праектаў. Штогадзіну арганізатары — эколагі і мастакі арганізацыі «Экадом» — прапаноўвалі новую цікавінку.

12-16

Графіці з моху і клубніцы ў гаршку

Актывісты кампаніі ў абарону беларускіх балот Канстанцін Чыкалаў і Вольга Каскевіч правялі майстар-клас па стварэнні графіці з... балотнага моху. Такога яшчэ не рабілі ніколі, і дзятва хутка перакінулася да «балотных багоў». Эколагі прапанавалі фарбу з моху — у міксеры ўзбілі кефір, цукар і ўласна мох — гэткі «зялёны кактэйль». Ад «балотных графітыстаў» не стала адбою. Прыродную фарбу дзеці наносілі на трафарэты з беларускім арнаментам. Вынік, як аказалася, можна будзе заўважыць толькі праз месяц: мох вырасце, і на дошчачцы з'явіцца пухнаты малюнак. Для гэтага яго трэба перыядычна апырскваць. У такой нестандартнай форме Канстанцін і Вольга пастараліся данесці дзецям думку пра важнасць балота як экасістэмы.

Тым часам за суседнім столікам Надзея Куляшова, спецыяліст па пермакультуры, вучыла дзятву правільна высаджваць клубніцы. Найперш дзеці намалявалі алгарытм росту здаровай расліны: адказ за адказам, яны высветлілі, што патрэбна дастатковая колькасць глебы, вады, сонца і прасторы. «Як агароднікі вызначаюць, ці дастаткова вады? — пытаецца Надзея і тут жа падказвае: — Бяром зямлю ў кулачок і сціскаем — калі вада не цячэ, а зямля ўтварае камячок — значыць, усё добра». Кожны атрымаў па пластыкавай бутэльцы, якая стала гаршком, і праца закіпела. Спачатку дрэнаж, пасля зямля і затым ужо — расада клубніц! Дзеці з задавальненнем корпаліся ў зямлі і акуратна высаджвалі свае расліны: кожнаму ж хочацца сабраць ураджай з падаконніка! Задаволенымі засталіся і бацькі: цяпер у сям'і ёсць свой «спецыяліст» па клубніцах.

Кранаць і каштаваць на смак

Сафія Садоўская, адна з арганізатараў дзіцячага экалагічнага фестывалю, прадстаўнік арганізацыі «Экадом» і па сумяшчальніцтве маладая мама, падсумавала:

— Фестываль «Зялёны ўік-энд» мы праводзім ужо трэці год і ставім перад сабой задачу: даваць экалагічныя веды ў вясёлай, прыемнай і зразумелай для дзяцей форме. У школе, вядома, дзецям распавядаюць пра экалогію, але ў асноўным — толькі тэарэтычна. Тыя ж школьныя конкурсы плакатаў «Беражыце прыроду» — гэта абстрактная рэч для малых. Ім трэба разумець, а яшчэ лепш — адчуваць, кранаць, нюхаць, бачыць на свае вочы.

Робім паштоўкі з макулатуры — гэта таксама мае свой падтэкст. Даволі часта мы выкідаем рэчы, замест таго, каб знайсці ім іншае прымяненне, даць другое жыццё. Мы хочам даць падказку — арыгінальны падарунак можна зрабіць сваімі рукамі. Маскі з кардону — гэта гісторыя пра тое, як можна выкарыстаць каробку з-пад тэлевізара, напрыклад.

Што яшчэ? Малым прыйшліся даспадобы «экабомбы» — сумесь насення, гліны, зямлі і вады. Дзеці кінуліся ў гэтую гразь з вялікім задавальненнем — хуліганіць можна экалагічна! Такую «бомбу» можна пакінуць у любой клумбе, а праз нейкі час яна прарасце.

У сваю чаргу, фестываль выступае і дапаможнікам для бацькоў. Дарослым цяжка змяніць свае прынцыпы, а ў дзіцяці яны пакуль што толькі фарміруюцца. І калі малыя разумеюць, што эканоміць святло — добра, яны пачынаюць сістэмна ўплываць і на бацькоў, чаго мы і дабіваемся. Наш фестываль — крок да нялёгкай мэты, бо мы хочам вырасціць пакаленне людзей, якія будуць думаць пра экалогію і клапаціцца пра яе.

Кацярына РАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.