Вы тут

4G дазваляе кіраваць бытавой тэхнікай нават на адлегласці


Для прыхільнікаў хуткаснага мабільнага інтэрнэту 2015 год скончыўся вельмі прыемнай падзеяй — да нас дабраўся высакахуткасны інтэрнэт чацвёртага пакалення. Пакуль, вядома, радуюцца толькі мінчане, дзе «серфяць» ужо с хуткасцю 4G. Але, як абяцаюць распрацоўшчыкі, да 2020 года хуткасны мабільны інтэрнэт будзе ў кожным горадзе, дзе насельніцтва перавышае 50 тысяч чалавек. Аднак, нягледзячы на поспехі нашых аператараў, ужо цяпер чакаецца, што ўвесь свет будзе пераходзіць на стандарт 5G. Атрымліваецца, асцярожна даганяем?


3G ... 4G ... Якая розніца?

А розніца істотная! 3G — трэцяе пакаленне мабільных тэлекамунікацый дазваляе «разагнаць» ваш інтэрнэт да хуткасці 42,2 Мбіт/с. Да чацвёртага пакалення прынята адносіць перспектыўныя тэхналогіі, якія дазваляюць ажыццяўляць перадачу дадзеных з хуткасцю, якая перавышае 100 Мбіт/с. Тэхналогія LTЕ Аdvаnсеd — стандарт бесправадной высакахуткаснай перадачы дадзеных для гаджэтаў. Для параўнання: з 3G загрузка шырокафарматнага відэароліка будзе займаць прыблізна да 5 хвілін, малюнка — паўхвіліны, аднаго музычнага трэка — 10 секунд, пры ўмове добрага праходжання сігналу. З 4G усё прыкметна паскараецца — відэаролік грузіцца паўхвіліны, малюнкі і музыка — за секунды. З дапамогай 3G-сувязі абаненты атрымалі доступ да глабальнага роўмінгу, мабільнага тэлебачання і нават відэаназірання. З 4G мы робім якасна новы крок наперад да мабільных відэаканфэрэнцый, шматканальнай трансляцыі высокай якасці і нават да кіравання хатняй бытавой тэхнікай, якая, дарэчы, становіцца вельмі «разумнай».

У рэальных умовах абанентам важна будзе ўлічваць, што паказчыкі хуткасці 4G будуць залежаць ад розных знешніх фактараў: аддаленасці ад базавай станцыі; колькасці карыстальнікаў, якія адначасова знаходзяцца ў зоне дзеяння базавай станцыі і хочуць атрымаць доступ у інтэрнэт; якасць, і класса у гаджэта.

З пачатку працы сталічнай сеткі LTЕ Аdvаnсеd пакрыццё забяспечваюць 150 базавых станцый. У 2016 годзе тэхналогія прыйдзе таксама ў абласныя гарады: Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, да 2020 года — у раённыя цэнтры і іншыя населеныя пункты з колькасцю насельніцтва не менш за 50 тыс. чалавек. Зараз першымі, хто можа выкарыстоўваць 4G у сталіцы, з'яўляюцца абаненты МТС, але прадстаўнікі інфраструктурнага аператара bеСlоud, які і запусціў сетку, паведамлялі, што перамовы з vеlсоm і lіfе:) аб падключэнні да LTЕ знаходзяцца на фінальнай стадыі. Таксама вядома, што ўсе аператары змогуць выкарыстоўваць LTЕ на аднолькавых умовах.

А справа ўжо набліжаецца да 5G

Спецыялісты адзначаюць, што ўкараненне 4G дазволіць Беларусі ўзмацніць пазіцыі ў рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Да канца 2015 года наша краіна ў ім займае 36-е месца. Да 2020-га Беларусь будзе практычна цалкам пакрыта сеткай чацвёртага пакалення. Аднак менавіта ў гэты перыяд хуткасць абмену інфармацыяй істотна зменіцца. Падчас 79-й Генеральнай асамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі, якая праходзіла ў мінулым годзе ў нашай сталіцы, прэзідэнт кампаніі Sсhnеіdеr Еlесtrіс ў Расіі Жан-Луі Стазі адзначыў, што роля лічбавых тэхналогій ва ўсім свеце павялічыцца і чакаецца, што прыбораў, якія злучаныя праз інтэрнэт разам, да 2020-га будзе больш за 50 мільярдаў. А гэта істотны ціск на любую высакахуткасную сетку, якая папросту можа не вытрымаць такой нагрузкі. Акрамя таго, за апошнія некалькі гадоў колькасць смартфонаў і іншых гаджэтаў, праз якія карыстаюцца менавіта «мабільным інтэрнэтам», расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Да 2020 года прагназуюць больш за 6,5 млрд спажыўцоў мабільнага інтэрнэт-трафіку. Вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання для сотавай сувязі ўжо зараз не на жарт занепакоеныя хуткімі тэмпамі росту колькасці мабільных карыстальнікаў. Менавіта таму ў дадзены момант буйныя кампаніі, кшталту Huаwеі, Sаmsung, актыўна вядуць работы па стварэнні сетак пятага пакалення — 5G. Плануецца, што да 2020 года некаторыя з іх запусцяць паўнавартасную 5G-сетку, хуткасць перадачы дадзеных у якой складзе 10 Гбіт/с, што будзе ў 100 разоў хутчэй, чым тое, што мы маем сёння ў Беларусі. Шматлікія адмыслоўцы падкрэсліваюць асаблівую значнасць запуску 5G для далейшага развіцця сусветнай мабільнай супольнасці. Акрамя таго, з пераходам да стандарту 5G мабільныя сеткі перастануць складацца з сот. Замест базавых станцый цэнтральнымі элементамі сеткавай архітэктуры стануць мабільныя прылады і серверы, якія будуць злучацца адзін з адным напрамую.

Выкарыстоўваем LTЕ ўжо сёння

Але вернемся з недалёкай будучыні ў сучаснасць, дзе ў Беларусі толькі з'явілася 4G-сувязь. За пяць дзён, пачынаючы з яе старту, ёй паспяхова карысталіся больш за 50 тысяч жыхароў і гасцей сталіцы. Зараз гэты лік значна большы. Хуткасць абмену дадзенымі ў ёй складае да 112 Мбіт/с. Аднак далёка не ўсе прыборы могуць выкарыстоўваць тэхналогіі LTЕ. Ваш гаджэт у першую чаргу павінен яе падтрымліваць. Для гэтага пераканайцеся, што такая графа ёсць у яго характарыстыках. Абаненты МТС гэта таксама могуць праверыць, набраўшы *464#. Калі функцыя не падтрымліваецца, а вам патрэбен хуткі інтэрнэт — час задумацца аб куплі новага гаджэта. Калі падтрымліваецца, тады ніякіх дадатковых паслуг вам падлучаць не трэба. Дастаткова пераключыць у наладах прыярытэтнае інтэрнэт-злучэнне на 4G (калі ў вас ужо быў падлучаны мабільны інтэрнэт). Вось і ўсё, цяпер ваш інтэрнэт павінен стаць хутчэйшым. Застаецца толькі не забываць сачыць за трафікам.

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Інтэрнэт на сучаснай хуткасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.