Вы тут

Як «паставіць на колы» цэлы касцёл?


Ці можа звычайны веласіпед быць яшчэ і прафесійным інструментам? Так, вядома, і цяпер вясковыя паштальёны карыстаюцца гэтым відам транспарту для працоўных патрэб, але, акрамя такога прыкладу, у галаву адразу нічога і не прыходзіць. Але ж яшчэ стагоддзе таму «двухколавыя» былі незаменным атрыбутам пажарных, святароў, медыкаў, цырульнікаў, пчаляроў і нават музыкантаў. Нядаўна ў Нацыянальным гістарычным музеі распачаўся міжнародны выставачны праект «Усё жыццё ў адным ровары», наведнікі якога могуць пабачыць рарытэтныя «прафесійныя» веласіпеды.


Юным на­вед­ні­кам прый­шоў­ся да­спа­до­бы ве­ла­сі­пед му­зы­кан­та.

— Задума нашай выставы нарадзілася ў Італіі, — расказвае яе куратар Інга РЫЧЫ. — Пасля наведвання музея ў малюсенькім горадзе Мантэльпарэ, дзе выстаўляліся самыя розныя атрыбуты жыцця працоўнага класа, у тым ліку веласіпеды, мяне азарыла, што можна было б зрабіць выставу, прысвечаную менавіта ім. Пасля гэтага давялося пазнаёміцца з Маўрыцыа Урбінаці — прафесійным пекарам і вядомым прыватным калекцыянерам ровараў.

У калекцыі італьянца, якая каля 40 гадоў таму пачалася з веласіпеда каваля, цяпер дзясяткі самых розных двухколавых машын. У Мінск прыехала невялікая частка — 30 экспанатаў. Сярод іх толькі два маюць неітальянскае «паходжанне»: транспарт лонданскага пажарнага і швейцарскі салдацкі ровар. Дарэчы, усе яны «на хаду». Як сцвярджаюць арганізатары, кожны веласіпед — абсалютна арыгінальны, ніводная дэталь не была заменена на сучасную. Тое самае датычыцца і прафесійных артэфактаў. Калі на ровары берсальера (стралка італьянскага войска) вы бачыце капялюш з пер'ем фазана (для абароны шыі ад удару шабляй), гэта сапраўдны стагадовы галаўны ўбор. Дарэчы, гэта самы стары экспанат. А самаму маладому — транспартнаму сродку клоўна — 60 гадоў.

— Ровары ілюструюць жыццё мужчын у пачатку і сярэдзіне мінулага стагоддзя, — кажа Інга Рычы. — У Італіі жанчына звычайна займаецца хатнімі справамі, а грошы зарабляе мужчына. Менавіта веласіпеды сталі тым інструментам, які дазволіў італьянцам перамяшчацца на вялікую адлегласць і выконваць большыя аб'ёмы працы. Акрамя таго, экспанаты дапамагаюць скласці ўражанне пра фізічную моц тых людзей: мы нядаўна падымалі адзін з ровараў па лесвіцы ў тэлестудыю, і тры дарослыя мужчыны ледзь справіліся, бо тэхніка таго часу была вельмі масіўнай.

Некаторыя экспанаты — гэта яшчэ і цуд інжынернай думкі. Так, скажам, веласіпед краўца аснашчаны швейнай машынай, якая працуе ад кручэння педаляў. Ёсць тут і матарызаваныя транспартныя сродкі. Варта яшчэ сказаць, што асобныя веласіпеды дазваляюць даведацца больш аб прафесіях, якіх ужо нават і не існуе.

Са­мы ма­ла­ды з экс­па­на­таў — ро­вар «у ке­дах», які на­ле­жаў клоў­ну.

Разглядаем экспанаты. Некаторыя выглядаюць вельмі падманліва. Скажам, веласіпед з «жаночай» рамай далёка не абавязкова належаў прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва. Прыклад — ровар каталіцкага святара, доўгая раса якога не павінна была замінаць руху. Ад «зажоўвання» спецыяльным кажухом абаронены і ланцуг. Звычайна такім сродкам карысталіся тыя служкі культу, паства якіх жыла ў вёсках. З сабой святары ў спецыяльнай прымацаванай скрыні перавозілі ўсе атрыбуты алтара. Святая вада, крыж, Святое Пісанне — усё гэта станавілася своеасаблівай мабільнай царквой дзякуючы італьянскім роварам.

У той жа час памылкай будзе думаць, што ўсе веласіпеды выключна мужчынскія. Жанчыны таксама зараблялі на хлеб пры дапамозе веласіпедаў, няхай сабе і не так масава, як мужчыны. Прыклад — прафесія матэрасая (materassaіo), або матрацніка. Такія працаўніцы накіроўваліся ў пасёлкі і гучна абвяшчалі аб сваім прыбыцці. Жыхары прыносілі на плошчу спальныя матрацы, з якіх майстар даставаў баваўняны напаўняльнік, распарваючы насыпку. Пасля гэтага на спецыяльным узбівальніку, якім быў аснашчаны ровар, бавоўна ачышчалася ад бруду і засыпалася ў новую абалонку.

Ёсць на выставе і экспанаты, звязаныя з дзецьмі. Скажам, да рамы веласіпеда камінара прымацавана невялікае дадатковае сядзенне. Гэта цікавае сведчанне выкарыстання дзіцячай працы. Праўда, як кажуць арганізатары, для хлопчыкаў тых часоў працаваць было вялікім гонарам. Вось і ездзілі разам з дарослымі іх маленькія памагатыя, якія маглі спускацца ў самыя вузкія коміны.

Веласіпеды будуць дэманстраваць на працягу цэлага года ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, акрамя Брэста. Таму аматарам гісторыі далёка ехаць не прыйдзецца — варта толькі сачыць за афішамі.

lyskavets@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Ровары «з душой»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.