Вы тут

Што можа траўміраваць чалавека сталага ўзросту?


Як бы чалавек ні рыхтаваўся да выхаду на пенсію, але ўсё роўна аказваецца не гатовым. Лад жыцця цалкам мяняецца, з'яўляецца вялікая колькасць вольнага часу, а новыя «пенсіянерскія» справы здаюцца абсалютным глупствам. Што яшчэ можа траўміраваць нас пасля дасягнення сталага ўзросту?


Па-першае, трэба разумець, што чым вышэйшыя былі даход і сацыяльны статус, тым цяжэй будуць перажывацца ўзроставыя змены. Траўміруючым момантам можа аказацца і адзінота. Больш за палову жанчын ва ўзросце пасля 65-ці паспелі аўдавець. Дзеці выраслі ды разляцеліся... Навакольным пажылыя людзі кажуць, што не жадаюць перашкаджаць дзецям і ўнукам, а ў душы мараць жыць у сям'і, атрымліваць увагу і клопат.

Яшчэ адна праблема — змяненне знешнасці. Валасы сівеюць, з'яўляюцца маршчыны, пігментныя плямы, скура становіцца сухой... Пагаршаецца зрок: у 70 працэнтаў людзей развіваецца катаракта, глаўкома. Зніжаецца адчувальнасць смаку і нюху, таму пажылыя могуць не адчуваць непрыемных пахаў, вельмі відавочных для навакольных. Пагаршаецца слых і ўспрыманне чужога маўлення, больш змазаным становіцца і ўласнае маўленне. Усё гэта прыводзіць да павышэння падазронасці, пажылому здаецца, што пра яго дрэнна кажуць, асуджаюць. Тонус мышцаў зніжаецца, адсюль і няўпэўненасць у хадзе, страчваецца плаўнасць руху, што асабліва ўзмацняецца падчас хвалявання і стомленасці.

Зніжаюцца кагнітыўныя функцыі — памяць, увага, мысленне, інтэлект. Інтэлект дасягае піку развіцця да 40-45 гадоў, а пасля пачынаецца яго павольнае зніжэнне. Пажылыя горш засвойваюць новую інфармацыю. Звычайна памяць зніжаецца на бягучыя падзеі, а вось дзяцінства і юнацтва помняцца вельмі добра. Мысленне становіцца больш вязкім, чалавек захрасае ў нязначных дэталях. Зніжэнне кагнітыўных функцый у старасці залежыць яшчэ і ад ладу жыцця — яны захаваюцца даўжэй, калі чалавек будзе займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, імкнуцца быць карысным грамадству і з гумарам ставіцца да змен.

Мяняецца і эмацыянальны стан. Узмацняецца адчувальнасць, уражлівасць, крыўдлівасць. Некаторыя рысы характару абвастраюцца: заўважная раздражняльнасць у маладосці трансфармуецца ў выражаную скандальнасць у старасці, беражлівасць — у скупасць і г.д.

Зніжаецца патрэба ў сне. Калі ў маладосці чалавек спіць 7-8 гадзін у суткі, то пажылым дастаткова 5-6 гадзін. Пажылыя часцей прачынаюцца ноччу і часцей забываюцца аб тым, што спалі.

«Як жа вызначыць, якія змяненні патрабуюць ужо медыкаментознага лячэння? — удакладняе ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ала ЯКІМЕНКА. — Вядома, лепш за ўсё з гэтым разбярэцца спецыяліст.

На прыёме мне не аднойчы даводзілася кансультаваць такіх людзей, і часам адной размовы было дастаткова, каб чалавек зразумеў, што з ім адбываецца. Пажылыя пераставалі непакоіцца наконт «сур'ёзнага» захворвання».

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Сур'ёзнае» захворванне ці нармальнае старэнне?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.