Вы тут

Чаму чырванеюць вочы


Пачырваненне вачэй з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных прычын звароту да афтальмолага, праўда, часам досыць позняга.


Комплекс захворванняў з такой праявай атрымаў назву «сіндрому чырвонага вока». Прычын у такога сіндрому мноства, гэта можа быць звязана з траўматычным пашкоджаннем вока, вострым прыступам глаўкомы, язвай рагавіцы — і гэта патрабуе неадкладнага хірургічнага лячэння. Калі ж гэта ўвеіт, ірыдацыкліт, ірыт, неабходна грунтоўна абследавацца. А найбольш распаўсюджанай прычынай чырвоных вачэй з'яўляюцца разнастайныя кан'юнктывіты — бактэрыяльныя, вірусныя, грыбковыя, хламідыйныя, алергічныя... Кожны від мае свае асаблівасці, патрабуе сваёй дыягностыкі для выбару індывідуальнай схемы лячэння, бо няправільна прызначаныя прэпараты могуць пагоршыць стан і прывесці да сур'ёзных ускладненняў. Самае проста, што можа быць, — «сухое вока», звязанае з парушэннем утварэння слязы. Прызначэнне прэпаратаў штучнай слязы можа поўнасцю пазбавіць непрыемных сімптомаў.

Акрамя ўласна пачырванення, могуць быць і іншыя непрыемныя сімптомы, тыя ж выдзяленні. Пры вострым прыступе глаўкомы моцны боль будзе распаўсюджвацца на палову галавы; акрамя таго, будуць млосць, памутненне рагавіцы, расшыраная зрэнка, якая не рэагуе на святло. Пры кератыце, акрамя ўзнікнення болю, пашыраюцца сасуды паверхні вочнага яблыка, узнікае адчуванне іншароднага цела, зніжаецца зрок. Сверб можа сведчыць як пра алергію, так і пра адэнавірусны кан'юнктывіт. Праўда, пры алергіі сверб павінен спалучацца з ацёкам павек і кан'юнктывы.

— Адна з асаблівасцяў нашых пацыентаў — любоў да самалячэння і прызначэння самім сабе прэпаратаў, што прыводзіць да непажаданых наступстваў і прымушае звярнуцца ў медустанову ўжо ў запушчанай сітуацыі, — адзначае ўрач-афтальмолаг 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Надзея ХАРОШКА. — Таксама нярэдка даводзіцца чуць, што тыя ці іншыя кроплі парэкамендавалі ў аптэцы, але ж ні правізар, ні фармацэўт не валодаюць поўнай інфармацыяй аб пацыенце і ў сваіх рэкамендацыях арыентуюцца толькі на словы пацыента. Часам толькі прымяненне лабараторнай дыягностыкі дазваляе ўстанавіць прычыну захворвання і выбраць правільнае лячэнне.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сіндром чырвонага вока

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.