Вы тут

Форум кнігавыдаўцоў прайшоў у Мінску


Учора ў сталіцы адбылася юбілейная 10-я Міжнародная канферэнцыя выдаўцоў, паліграфістаў і распаўсюджвальнікаў друкаванай прадукцыі «Новыя выклікі — новыя стратэгіі». На мерапрыемстве, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі выдавецтваў, кнігагандлёвых і паліграфічных прадпрыемстваў, абмяркоўвалі галоўныя трэнды сферы, гаварылі пра яе перспектывы і звярталі ўвагу на існуючыя праблемы.


— Асноўныя гульцы друкаванага рынку ўцалелі і ўмацаваліся за апошнія дзесяць гадоў, — расказала міністр інфармацыі, старшыня Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку Лілія АНАНІЧ. — Па апошніх дадзеных, цяпер у краіне дзейнічаюць 1 401 пашыральнік друкаванай прадукцыі, 510 выдаўцоў і 423 суб'екты гаспадарання, што распаўсюджваюць прадукцыю друкаваных СМІ. Сёння ёсць неабходнасць абмяркоўваць пытанні якасці выданняў, канкурэнтнасці беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку і за межамі краіны. Бачанне праблемы дае магчымасць лепш разумець, як прасоўваць свае інтарэсы.

Канферэнцыю наведала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб'яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёна ГІБ. Галоўнай тэмай яе прамовы стаў удзел Вялікабрытаніі ў 24-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў статусе ганаровага госця. На гэтым мерапрыемстве будзе працаваць стэнд «Кніга Вялікай Брытаніі». Падчас выставы пройдуць сустрэчы прадстаўнікоў выдавецкай сферы дзвюх краін, лекцыі пра эканамічнае развіццё Вялікабрытаніі, семінары для школьнікаў і выкладчыкаў англійскай мовы. Таксама будуць прадстаўлены пераклады беларускіх твораў на англійскую мову. Важнай падзеяй наступнага года стане святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, удзел у ім возьме і Вялікабрытанія, у прыватнасці, святочныя мерапрыемствы пройдуць у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.

З галоўнымі трэндамі ў кнігавыдавецкай сферы ўдзельнікаў канферэнцыі знаёміў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід РОТМАН. Паводле яго слоў, вынікі сацыялагічных апытанняў паказваюць некалькі новых тэндэнцый, характэрных менавіта для нашай краіны. Адна з іх — рост цікаўнасці да выданняў на беларускай мове. Гэты працэс, паводле слоў сацыёлага, праходзіць дастаткова павольна, але колькасць зацікаўленых у такіх кнігах стабільна расце. Яшчэ адзін момант, на які не могуць не звяртаць увагі кнігавыдаўцы, — рост папулярнасці электронных выданняў і інтэрнэт-пляцовак, якія гандлююць электронным кніжным кантэнтам. А так званымі «рыдарамі» і іншымі электроннымі сродкамі для чытання ў краіне ўжо карыстаецца каля 30 працэнтаў насельніцтва.

А ўчора ўвечары традыцыйна прайшлі калядны дабрачынны баль кнігі і кніжны аўкцыён.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.