Еднасць


Філасофія ў слове і мастацтве

Аб’яднанне мастакоў «Арцель» зноў звяртае ўвагу на вечныя каштоўнасці, якія сціраюцца на стыку эпох і ў плыні штодзённай мітусні, у якой існуе чалавек. Экспазіцыя мастацкіх твораў удзельнікаў аб’яднання прадстаўлена ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. 


 Аляксандр Шыбнёў «Трубач», 2012 г.

«Арцель» — група мастакоў, якія ў грамадстве вядомыя сумленным стаўленнем да мастацтва, кожны з удзельнікаў мае ўласную творчую манеру, адметны асаблівым поглядам на свет. Аб’яднанне заявіла пра сябе ў 2004 годзе, калі была арганізавана першая выстаўка. З таго часу мастацкія праекты «Арцелі» карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў аматараў мастацтва, крытыкаў. Новы праект «Шчасце» не выключэнне. У ім аўтары разглядаюць шчасце не як паняцце, а як сітуацыі, моманты, якія дапамагаюць чалавеку быць шчаслівым.

Арганізатар і галоўны ідэолаг аб’яднання Рыгор Несцераў у межах выстаўкі прэзентаваў сваю кнігу «Часы гісторыі. Рытмы сусветнай культуры», якая была выдадзена ў Канадзе ў 2016 годзе. Кніга цалкам адпавядае канцэпцыі выстаўкі, нават расшыфроўвае яе задуму.

— Удзельнікі нашага аб’яднання вельмі розныя не толькі па стылі ў творчасці, але і па тэмпераменце. Таму напачатку сумняваўся, ці атрымаецца ў нас, — прызнаўся Рыгор Несцераў. — Але, як аказалася, розны погляд на жыццё і з’яўляецца цэласнасцю разумення. Вядома, была рызыка, што мы падзелімся на часткі і не зможам адпавядаць канцэпцыі, але, калі я ўбачыў, як аўтары захоплена адзін з адным дзеляцца думкамі, прапаноўваюць ідэі, страх знік. Назва выстаўкі «Шчасце» невыпадковая, яна непарыўна звязана з сэнсам кнігі, якую я прэзентую. Бо кніга апавядае пра тое, як чалавецтва ва ўсе часы існавання імкнулася быць шчаслівым. Выстаўка і кніга разам нясуць ідэі гармоніі, чысціні, любові, высакароднасці, прыгажосці, ісціны. Адным словам, гэта тыя ідэалы, якія былі ўласцівыя грамадству дзевятнаццатага стагоддзя. У дваццатым жа стагоддзі адбыўся надлом культуры, які працягваўся дастаткова доўга. Сёння ж грамадства мае патрэбу ў адраджэнні гэтых прынцыпаў. Выстаўка нібы ўрок: нельга спачатку ўсё зламаць, а потым хутка пабудаваць новы свет. Так проста гэта не атрымліваецца. Потым усё разбуранае даводзіцца аднаўляць доўга, вялікімі намаганнямі. Але ў наш час ёсць добрая публіка, якая цікавіцца грунтоўнымі праектамі, гатовая ўдумвацца ў сэнс і не адракацца ад каштоўнасцяў. Гэта дапамагае, стымулюе творцаў.

Рыгор Несцераў — чалавек, які ў кожнае дзеянне ўкладае сэнс, шукае ў мастацтве філасофскую глыбіню. Задумаўшы праект «Шчасце», ён хацеў, каб астатнія ўдзельнікі выстаўкі зразумелі яго і з простага, відавочнага вылучылі ісціну. Кожны мастак прытрымліваўся пяці прынцыпаў, якія яшчэ ў 2008 годзе сфармуляваў Рыгор Несцераў, тады іх назвалі маніфестам мастакоў нашага часу: падпарадкаванне розуму і сэрцу, сумленнае прыняцце рэальнасці, разуменне глыбіні і таямніцы, адкрытасць пачуццяў — шчырасці, спачування, чалавечнасці.

Як адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, аб’яднанне «Арцель» пазіцыянуе асаблівую культуру, у якой няма месца прымітыву: мастакі імкнуцца вярнуць гледачу паўнавартасны жывапіс, які б з захапленнем успрыняла чалавечая душа. Да прыкладу, на выстаўцы можна назіраць шмат філасофскіх сюжэтаў, дзе галоўныя героі — людзі. Гэта важны момант: на прыкладзе іншага чалавека нам лягчэй успрымаць сітуацыю. Так, жывыя палотны Валянціна Губарава, напісаныя ў іранічнай манеры, дэманструюць сітуацыю нестабільных адносін мужчыны і жанчыны. Мастачка Наталля Іванова робіць адсылку да казак, дзе ўзаемадзейнічаюць людзі і жывёлы: якое шчасце ад іх суіснавання ў свеце! Мастакі імкнуцца вывесці чалавека на дыялог — праз палотны і нават праз прамоўленае слова.

Васіль Касцючэнка «Цукерка», 2016 г

 — Чаму на выстаўках апошнім часам усё часцей надаецца ўвага філасофскаму слову? Напэўна, таму, што мы жывём у эпоху, калі мастацтва перастала ўспрымацца проста як карціна, як гэта было ў ранейшыя часы, — патлумачыла мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Цяпер чалавек у творчасці спрабуе знайсці глабальную ідэю. Свет становіцца больш складаным, таму проста паказаць яго прыгажосць — ужо мала. Вядома, гэта было прымальным для мастакоў васямнаццатага, дзевятнаццатага стагоддзя: партрэт прыгожай жанчыны, гарманічны нацюрморт. Класічныя творы, якія бачым у лепшых музеях свету, мы можам успрыняць, зразумець, нават адчуць, але не атрымліваецца пранікнуць у іх глыбока. Мы проста ўспрымаем эстэтыку мастацкай працы: эстэтыку колераў, пабудову кампазіцыі. А сучаснае мастацтва трэба рабіць разнастайным, бо існуе меркаванне, што мастацтва сёння — гэта ўсё, што мы бачым вакол. Для беларускага мастацтва ў наш час характэрна паказваць не толькі канцэптуальную творчасць, але ў тым ліку і дэманстраваць добрую школу айчынных мастакоў. У краіне ёсць шмат дасведчаных таленавітых майстроў, якія жыццё прысвяцілі творчасці. Для такіх аўтараў характэрна не любаванне навакольнымі пейзажамі, а жаданне растлумачыць, што адбываецца навокал. Мы жывём у складаную эпоху, нагодай для філасофскіх разважанняў можа стаць усё, што заўгодна, нават чарга ў краме. Таму злучэнне літаратуры і мастацтва вельмі ўдалае і вытлумачальнае: мастак разумее, што не заўсёды яго праца для звычайнага гледача можа быць зразумелая. І ў гэтым выпадку літаратура дапамагае растлумачыць, сфармуляваць сэнс працы, дапамагчы чалавеку разабрацца ва ўнутраным свеце аўтара.

Мастакі лічаць: калі ў іх атрымаецца хоць у адным дарослым чалавеку выклікаць пачуццё радасці і дабрыні, значыць, атрымалася здзейсніць задуму, якая прапісана і абгрунтавана ў кнізе Рыгора Несцерава.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.