Вы тут

Сенсацыя ад Рэмбранта


Партрэты і гравюры галандца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Упершыню за сорак год у Мінск прыехала выстаўка гравюр знакамітага галандскага майстра Рэмбранта Харменса ван Рэйна. Журналісты і госці Нацыянальнага мастацкага музея назвалі гэтую падзею самай маштабнай сенсацыяй вясны. Шэсцьдзясят дзевяць арыгінальных афортаў прывезены ў музей з італьянскай прыватнай калекцыі, большасць з якіх былі надрукаваны пры жыцці майстра. Самы ранні — у 1627 годзе, самы позні — у 1665-м.


Нягледзячы на тое, што імя Рэмбранта непарыўна звязана з залатым стагоддзем галандскага жывапісу, знакаміты майстар быў яшчэ і выдатным гравёрам. Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, менавіта гравюра прыносіла Рэмбранту добры грашовы даход. Арганізатар выстаўкі, мастацтвазнаўца Вольга Кліп, прызналася: экспазіцыя гравюр Рэмбранта ў Мінску — вялікі поспех. Пашанцавала, што калекцыя была даступная, бо, як правіла, чарга на паказ твораў мастака распісаная на тры гады наперад.

Выстаўка падзяляецца на некалькі тэматычных зон. На ўваходзе глядач можа пазнаёміцца з рэлігійнымі сюжэтамі — «Нараджэнне Хрыста», двума творамі, прысвечанымі дзяцінству Ісуса, «Уцёкі ў Егіпет». Цэнтральную частку экспазіцыі займае гравюра «Зняцце з крыжа». Гэта самы манументальны твор выстаўкі, яго атачаюць некалькі работ той жа тэматыкі і іншыя біблейскія сюжэты: «Вяртанне блуднага сына», «Ушэсце Лазара», «Смерць Панны Марыі». Далей перад гледачом паўстаюць бытавыя сцэны і партрэты, у тым ліку аўтапартрэт Рэмбранта з яго жонкай Саксіяй.

— Наведвальнікі музея могуць убачыць шырокі жанравы дыяпазон творчасці мастака, — адзначае Вольга Кліп. — Прадстаўленыя гравюры былі паказаны ў розных музеях свету — Італіі, Германіі, Іспаніі, Паўднёвай Амерыцы. У межах экспазіцыі работы размешчаны ў храналагічным парадку, таму можна назіраць эвалюцыю творчасці майстра і тое, як з гадамі змяняўся яго аўтарскі стыль. Гравюра Рэмбранта робіць крок ад вялікай дэталізацыі да большай эскізнасці.

Арганізатары выстаўкі прызнаюцца, што ўспрымаць графіку, асабліва ў такім невялікім памеры (ёсць гравюры, якія вымяраюцца сантыметрамі!), гледачу дастаткова складана. Але ж у гэтым выпадку глядач не проста апынаецца сярод шэдэўраў, а трапляе літаральна ў храналогію жыцця, дзе адкрывае для сябе аўтара з боку асабістага ўспрымання і разумення. Тым больш, што мэта прадстаўленага праекта — не проста паказаць гравюры Рэмбранта, але і звярнуцца да друкаванай графікі як да віду мастацтва, дасканала растлумачыць гледачу складанасці гэтага працэсу.

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн на адкрыцці праекта падкрэсліла, што такія выстаўкі дазваляюць зразумець, з чаго вырасла сучаснае мастацтва, і паглыбіцца ў гісторыю, асабліва ўлічваючы факт, што Рэмбрант быў кумірам шмат якіх творчых асоб.

Экспазіцыя ў Мінску будзе працаваць да 3 ліпеня. За гэты час аматары мастацтва могуць не толькі наведаць выстаўку, але і паўдзельнічаць у лекцыях, творчых сустрэчах з мастацвазнаўцамі, якія паспрабуюць больш дакладна расказаць пра жыццё і творчасць галандскага майстра.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.