Вы тут

Мастацкі хаос + драмы і алегорыі ад Сяргея Грыневіча


Імя беларускага мастака Сяргея Грыневіча сёння на слыху як у айчыннай арт-прасторы, так і за яе межамі. Працавітасць творцы ўражвае. Кожны год з любімага Гродна ён прывозіць у сталіцу новыя творы і трапляе ў яблычак: на яго «свежыя» выстаўкі, здаецца, збіраецца палова Мінска. Леташняй вясной аматары мастацтва з захапленнем аналізавалі яго выстаўку «Цёмны пакой» і прыйшлі да высновы, што назва праекта — душэўны стан аўтара і прынцып яго жыцця.


«Балерына», 2017 г.

Сёлета Грыневіч вырашыў адысці ад тэмы цёмнага і патаемнага і прадставіў у Мінску новыя творы, аб’яднаныя выстаўкай «Адам і Ева +». Дэманструецца экспазіцыя ў мастацкай галерэі «ДК».

У сваіх творах Сяргей Грыневіч разглядае стэрэатыпы нашага часу і прапануе іх абвяржэнне. Для мастака няма самамэты паказваць свет, людзей і нават сябе ідэальнымі. Здаецца, наадварот: мастак схільны перабольшваць і тым самым паглыбляць гледача ў мастацкі хаос. Мастак адкрыта сябе крытыкуе. Праўда, гэтым разам Сяргей Грыневіч здзівіў: адарваўшыся ад тэмы ўласнага жыцця, ён пачынае гаварыць пра жанчын. Але не робіць параўнанняў паміж жанчынамі і мужчынамі, не імкнецца перадаць аднабакова сутнасць жаночай душы. Наадварот, робіць акцэнт на яе шматграннасці.

У адной выставачнай зале вы сутыкнецеся з рознымі жанчынамі. Сярод іх — грацыёзныя балерыны, эмацыйныя хатнія гаспадыні, маладыя дзяўчаты, якія яшчэ не зразумелі, чаго ім хочацца ад жыцця, і, нібыта гераіні карцін Рубенса, якія крыху змяніліся пад уплывам часу. Усе творы арганічна выглядаюць у зале і не выклікаюць дысанансу. Для кожнай асобы Сяргей Грыневіч падбірае спецыяльнае колеравае напаўненне, тым самым дэманструе іх адметнасць і ўнікальнасць. Такая мастацкая падача выклікае павагу. Заўважна, што аўтар прытрымліваўся наступнай канцэпцыі: сацыяльны статус, знешняя прыгажосць і нават фінансавая забяспечанасць не маюць істотнага значэння, калі мы вызначаем чалавечае ў чалавеку.

Творы мастака вылучаюцца драматызмам. Аўтар зрэдку стварае спакойныя, гарманічныя работы. Ён прыхільнік эмоцый. Паглыбляючыся ў свет асобнага чалавека, быццам бы ўключаецца ў гульню, дзе форма — толькі сродак мастацкага выказвання, а астатняе глядач павінен нібыта ў думках дамаляваць сам.

Сяргей Грыневіч цяпер адзін з самых папулярных і запатрабаваных творцаў у краіне. Яго работы з вялікай ахвотай набываюць не толькі музеі і галерэі, але і замежныя калекцыянеры. Яго карціны знаходзяцца побач з творамі Сандра Бацічэлі, Альбрэхта Дзюрэра, Лукаса Кранаха, Хусэпэ Рыбэры і Франсіска дэ Сурбарана ў адной з самых вядомых еўрапейскіх прыватных калекцый — зборы Фрыдрыха Кістэрса ў швейцарскім Кройцлінгене. Сам жа Сяргей Грыневіч мала расказвае пра сябе, лічыць, што яго біяграфія дакладна выкладзена ў карцінах, якія падразумяваюць алегарычныя пытанні і варыянты адказаў на актуальныя праблемы эпохі, дэманструюць спробу ўсвядоміць прычыны гістарычных і культурных працэсаў, прапануюць рэфлексію на тэмы маралі і духоўнасці.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.