Вы тут

Адраджэнне супольных памкненняў


Цікавыя праекты развіцця нацыянальных культур сёння ў прамой залежнасці ад супольных памкненняў яднаць гуманітарную прастору


Такім лейтматывам вызначаліся на гэтым тыдні дзве сустрэчы ў Дзелавым і Культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. На круглы стол «Дыпламатыя слова: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай культуры» сабраліся беларускія і расійскія літаратары, навукоўцы, кіраўнікі розных масмедыя, прадстаўнікі дыпламатычных місій краін СНД, акрэдытаваныя ў Маскве. Другая сустрэча — сумеснае пасяджэнне Савета па гуманітарным супрацоўніцтве (СГС) і праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва (МФГС) дзяржаў — удзельніц СНД.

Францыск Скарына як сімвал узаемапранікнення культур

На круглым стале, пасяджэнне якога вёў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч, першая частка дыялогу была так ці іначай звязана з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Прыемна, што гэтая дата сталася і прадметам грунтоўных разваг з расійскага боку. Цікавым з розных пунктаў гледжання падаецца, у прыватнасці, і выступленне прадстаўніка Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расійскай Федэрацыі вядомага гісторыка і публіцыста Генадзія Кудзія. Ён паспрабаваў зрабіць рэтраспекцыю ролі Францыска Скарыны, вытокаў беларускага кнігадрукавання ў кантэксце ўсходнеславянскай кніжнай гісторыі. Сваімі думкамі пра год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на круглым стале падзяліліся дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа доктар філалагічных навук Ігар Капылоў, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, публіцыст Алена Стэльмах. І ў кожным з досыць важкіх, грунтоўных выступленняў гучала думка пра вартасці засваення спадчыны мінулых стагоддзяў, якая так ці іначай мае дачыненне і да расійскай гуманітарнай прасторы, і ўвогуле да гісторыі сусветнай культуры.

Па традыцыі сустрэчы такога кшталту наведвае шмат пісьменнікаў, арганізатараў літаратурнага і кніжнага жыцця ў Маскве, Расіі. Вось і зараз на круглы стол завіталі галоўны рэдактар «Роман-газеты» празаік Юрый Казлоў, пісьменнікі Алесь Кажадуб, Сяргей Главюк, Анатоль Усаў. У многіх з іх — беларускае паходжанне. Паэт і публіцыст Анатоль Усаў родам з Гомельшчыны, працаваў некалі першым сакратаром Брэсцкага абласнога камітэта камсамола. Алесь Кажадуб нарадзіўся на Берасцейшчыне, пачынаў як пісьменнік у Мінску, выдаў некалькі кніг на беларускай мове. Сяргей Главюк — перакладчык беларускай паэзіі, укладальнік анталогіі беларускай паэзіі на рускай мове. Удзел у круглым стале ўзяў і старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч.

Адметным можна лічыць выступленне загадчыка аддзела міжнародных сувязяў Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук доктара філалагічных навук Казбека Султанава. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на разладжанасць нацыянальных літаратур. Дакладней, на тое, што сённяшнія грамадскія і дзяржаўныя інстытуцыі не могуць забяспечыць свабоднае карыстанне здабыткамі нацыянальных літаратур, нацыянальных культур у іншых краінах, у межах усёй Садружнасці. Нават далёка не заўсёды гэта атрымліваецца ў Расіі ў дачыненні да літаратур народаў Расіі. Што пішуць сёння аварцы, лезгіны, калмыкі, удмурты, татары, башкіры, чувашы і пісьменнікі іншых народаў? Як пазнаёміцца з іх творамі? Як данесці слова, думкі іншых народаў да шырокага кола чытачоў у СНД? Ці ёсць на фоне хаця б Еўразійскага інтэграцыйнага працэсу разуменне пра еўразійскую інтэграцыю літаратур, культур?.. Як адказаць на гэтыя пытанні, калі змяншаецца фармат зносін з медыйнымі, кніжнымі рэсурсамі і з боку краін СНД? Напрыклад, часопіс «Дружба народов», без якога наўрад ці магчыма паўнавартасна вывучаць сучасныя літаратуры постсавецкіх краін, у адну з дзяржаў прыходзіць усяго ў колькасці... 2 экз. А можа быць, у якую іншую — і не прыходзіць зусім? Шмат якія агучаныя пытанні, безумоўна, толькі пытаннямі і засталіся.

Сярод удзельнікаў круглага стала было нямала палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў беларускіх і расійскіх масмедыя. Шэф-рэдактар газеты «Союз. Беларусь — Россия» Вольга Герасіменка заўважыла, што трэба шырэй выкарыстоўваць тыя інфармацыйныя рэсурсы, якія займелі аўтарытэт у чытачоў. Размова найперш — пра СМІ Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. А гэта не толькі «Союз», а яшчэ і газета «Союзное вече», часопіс «Союзное государство», інтэрнэт-партал Саюзнай дзяржавы. Трэба як мага шырэй расказваць пра беларуска-расійскія літаратурныя стасункі, пра нацыянальныя літаратуры ўвогуле, пра пісьменнікаў і найболей цікавыя творы, якія могуць быць з’явамі для чытача ў розных краінах, незалежна ад таго, дзе, у якой сталіцы ці якой правінцыі працуюць паэты, празаікі, драматургі, незалежна ад таго, у якой краіне гэтыя творы напісаны. Вось цікавіць жа драматургічная Скарыніяна расіян — і спектакль магілёўскага тэатра ўжо едзе на гастролі ў Маскву, на восень запланавана пастаноўка ў Дзелавым і Культурным комплексе беларускай амбасады.

 Садружнасць умацоўваюць знаёмствы

Адно з важных пытанняў, якое абмяркоўвалася і на круглым стале, і на згаданым сумесным пасяджэнні Савета па гуманітарным супрацоўніцтве (СГС) і праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва (МФГС) дзяржаў — удзельніц СНД, — наданне інтэрнэт-праекту Выдавецкага дома «Звязда» «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці» статусу міжнароднага гуманітарнага партала. Для ўдзельнікаў абедзвюх сустрэч у ДКК Пасольства Рэспублікі Беларусь вельмі падрабязна расказаў пра «Сугучча…» sozvuchie.by, прэзентаваўшы многія электронныя старонкі праекта, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Звязда» Павел Сухарукаў. Сапраўды, унікальны электронны рэсурс, здзейснены на беларускай платформе, патрабуе развіцця, пашырэння. Сёння мадэрыраваць старонкі «Літаратурны Азербайджан», «Літаратурная Арменія», «Літаратурны Казахстан», «Літаратурны Кыргызстан», «Літаратурная Малдова», «Літаратурны Туркменістан», «Літаратурны Таджыкістан», «Літаратурная Украіна», «Літаратурная Расія», «Літаратурны Узбекістан», як і іншыя тэматычныя электронныя раздзелы праекта, дапамагаюць партнёры, спецыялісты, пісьменнікі з іншых краін Садружнасці. Уражлівы прыклад электроннага развіцця і пашырэння літаратурных сувязяў — дзейнасць казахскіх сяброў. З іх дапамогай на беларускай платформе адкрыліся інтэрнэт-старонкі «Немат Келімбетаў», «Абай крочыць па планеце», «Свет Мухтара Аўэзава». З іх дапамогай спраектаваны і ў найбліжэйшы час пачнуць дзейнічаць новыя інтэрнэт-старонкі, якія будуць прысвечаны іншым класікам казахскай літаратуры, — Джамбулу, Алжасу Сулейменаву, Ануару Алімжанаву, Абдзіжамілу Нурпеісаву, Мухтару Шаханаву, Ільясу Есенберліну… Несумненна, праз беларускі інтэрнэтрэсурс, дзе, дарэчы, размяшчаюцца матэрыялы на розных мовах народаў свету (не толькі на англійскай і мовах народаў Садружнасці, але і на нямецкай, кітайскай ды іншых), пра казахскую ў дадзеным выпадку літаратуру даведаюцца ў самым далёкім свеце. І такое ж спрыянне ад «Сугучча…» — іншым нацыянальным літаратурам краін Садружнасці. А значыць — пашырыцца ўвага і да саміх краін, сённяшняга стану сацыяльнага, агульнага развіцця краін і народаў.

Відавочна, што новы партал запатрабуе сучасных падыходаў, стварэння інтэрнэт-форумаў, наладжвання шырокага выхаду ў сацыяльныя сеткі, правядзення відэамастоў, відэаканферэнцый, арганізацыі відэапрэзентацый і абмеркавання мастацкіх і публіцыстычных твораў, віртуальных сустрэч з рознымі пісьменнікамі. Міжнародны літаратурна-мастацкі ці мастацка-публіцыстычны партал — гэта і ўнікальны шанц стварыць электронную базу беларускай літаратуры. Не выключаны і адукацыйны кірунак у рабоце «Сугучча…». Несумненна, усе ідэі, звязаныя з новым праектам (сама ідэя якога атрымала падтрымку ў маштабах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, падтрымку Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва), патрабуюць узважлівага абмеркавання і асэнсавання.

Кастусь ЛАДУЦЬКА, г. Масква.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.