Вы тут

Раман Заслонаў: Для мяне важны беларускі глядач


Каля месяца таму ў межах Венецыянскай біенале пачаў дзейнічаць беларускі нацыянальны выставачны павільён. За гэты час, адзначаюць куратары, інтэрактыўны відэапраект «Стол» Рамана Заслонава змог уразіць публіку міжнароднай выстаўкі.


Наталля Шаранговіч, Раман Заслонаў, Сяргей Талыбаў падчас прэс-канферэнцыі.

Беларусь у чацвёрты раз дэманструе праекты айчынных мастакоў у Венецыі, але гэтым разам аўтары прадумалі кожную дэталь і абстрагаваліся ад звыклай мадэлі прадстаўлення краіны, выкарыстаўшы відэаарт замест жывапісу, скульптуры альбо арт-інсталяцыі. Мы ўжо распавядалі, што ўяўляе сабой праект «Стол», які выклікаў шмат спрэчак яшчэ падчас зацвярджэння на конкурснай аснове: гучала меркаванне, што немагчыма мастаку, які жыве пераважна ў Францыі, прадстаўляць Беларусь у Венецыі. Хтосьці не зразумеў ідэі. Але ж былі і прыхільнікі меркавання, што прозвішча Заслонаў — своеасаблівы брэнд не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Аўтар праекта Раман Заслонаў і рэжысёр-пастаноўшчык відэаарту Сяргей Талыбаў вярнуліся з Венецыі ў Мінск і распавялі, з чаго ўсё пачыналася.

30 хвілін

— Ідэя праекта, прадстаўленага на Венецыянскай біенале, нарадзілася яшчэ некалькі гадоў таму, — тлумачыць Раман Заслонаў. — Апірышчам было менавіта відэа. Мы падрыхтавалі невялікі фільм працягам у 30 хвілін, у якім занятыя дваццаць шэсць артыстаў. Я заўсёды займаўся станковым жывапісам, стылістыка, у якой працую, даволі традыцыйная. Таму многім было дзіўна даведацца, што я працую ў іншым жанры, а тым больш у жанры відэаарту. Але часам выпадковыя гукі, нечаканыя падзеі падштурхоўваюць творцаў да нейкага праекта. У дадзеным выпадку відэа засведчыла аднойчы пачуты на студэнцкай практыцы прагноз надвор’я і застольныя размовы са старымі сябрамі. Я зразумеў, што гэтыя гісторыі могуць існаваць сумесна. Паколькі ў кіно я заўсёды прысутнічаў як глядач і ставіўся да яго як спажывец, то напачатку не ведаў, як рэалізаваць задуму тэхнічна. Знаёмства з Віктарам Лабковічам і Сяргеем Талыбавым навяло на думку, што менавіта яны могуць дапамагчы. Я распавёў ім пра праект, і яны загарэліся, зацікавіліся настолькі, што працэс пайшоў хутка. Тады я нават спалохаўся: сустракаешся з людзьмі, прамаўляеш слова «стол», якое стала асабістым, блізкім табе, і раптам яно становіцца такім жа дарагім для тых, хто прыняў тваю думку. Ідэя мая, але без людзей, якія валодаюць тэхнічнымі навыкамі, праект наўрад ці атрымаўся б маштабны. Магчыма, мне б удалося зняць гэты фільм «з калена» фотаапаратам, і гэта быў бы зусім іншы твор. Праект быў цалкам гатовы ў пачатку 2016 года. Была вельмі доўгая і складаная праца па апрацоўцы відэаматэрыялу, фільм манціраваўся, мы шукалі найлепшае кампазіцыйнае рашэнне, працавалі з графікай. І ў гэты час я даведаўся, што абвешчаны конкурс, вырашыў паспрабаваць.

Аднак рэалізацыя праекта ў Венецыі выклікала складанасці. Спачатку куратары шукалі павільён, які б дакладна адлюстраваў ідэю праекта, але не заўсёды падабалася месцазнаходжанне. У выніку ад першапачатковай задумы вырашылі адмовіцца, бо павільён, у якім размешчаны беларускі праект, знаходзіцца недалёка (пяць хвілін хады да Садоў Джардзіні і Арсенала) гэта практычна цэнтральная частка Венецыі, дзе штодня бываюць турысты з розных краін свету.

Па пясочным гадзінніку

— Згодна з першаснай задумай, зала, якая павінна была папярэднічаць памяшканню для прагляду, была калідорам, які настройвае гледача на відэа, аднак не раскрывае яго задуму, — адзначыў Раман Заслонаў. — У калідоры павінны былі стаяць маштабныя сталы, якія абапіраліся на сцены, а чалавек, які мінаў іх, рыхтаваўся б да інсталяцыі і толькі потым трапляў у нашу венецыянскую «глядзельную» залу. Патрапіўшы ў крыху іншыя ўмовы ад чаканых, мы зразумелі, што ў нашым павільёне гэта зрабіць будзе немагчыма, таму перагледзелі канцэпцыю: атрымалася, што глядач адразу ж трапляе ў асноўную траекторыю залы. І паколькі другая зала яшчэ меншая па маштабе, чым асноўная, там была зроблена цалкам новая інсталяцыя, якая ўспрымаецца з глядзельнай залы ў праёме дзвярэй. У памяшканні вельмі мала святла, таму любыя яркія колеры прыцягваюць увагу. З другога памяшкання відаць вялікі пясочны гадзіннік, у якім замест пясчынак я выкарыстаў маленькія столікі. Гэты арт-аб’ект закліканы захапіць час, паказаць, як можа заміраць жыццё за нашым беларускім сталом. Выкарыстаўшы столікі замест пяску, мы працягнулі асноўную тэму праекта, паказалі, як стол звязвае не толькі чалавека з чалавекам ці нейкімі думкамі, а звязвае нас з уласным жыццём. Стол можа быць нават імправізаваным, але ўсё роўна аб’ядноўвае.

У такіх праектах заўсёды цікавае меркаванне гасцей. Станоўча выказваліся не толькі наведвальнікі, але і міжнароднае журы, якое адзначыла арыгінальнасць ідэі і рэалізацыі. Сёлета ўпершыню падчас удзелу Беларусі ў Венецыянскай біенале акрамя ўласна працы павільёна ў Садах Джардзіні (цягам сямі месяцаў) адбудуцца сустрэчы мастака Рамана Заслонава з галерыстамі, мастацтвазнаўцамі, аматарамі мастацтва, дзе куратар будзе падрабязна расказваць пра праект «Стол». Сустрэча была прапанавана самой дырэкцыяй біенале. Гэта тая магчымасць, пра якую марылі папярэднія ўдзельнікі выстаўкі з беларускага боку: не толькі паказаць, але і сказаць, пагутарыць, данесці думку да публікі.

Каля 30 эпізодаў

— У асноўным памяшканні нашага павільёна могуць знаходзіцца адначасова да дваццаці пяці чалавек, — падкрэсліў Раман Заслонаў. — Былі моманты, калі ў павільён усе не змяшчаліся. Нацыянальны дух беларусаў госці адчулі, шмат пра гэта разважалі. Але нашай мэтай было не акцэнтаваць увагу на нацыянальнасці, а з’яднаць розных гледачоў у рамках адной прасторы. І атрымалася. Гэта значыць, кім бы вы ні былі — беларусам ці амерыканцам, вы ўсё роўна паглыбляецеся ў агульнае дзеянне, якое працята ноткамі беларускай душы. Так, былі моманты, калі людзі заглядалі ў залу на тры секунды і ўцякалі далей. Да такога трэба быць гатовым, калі не ствараеш маштабных арт-аб’ектаў, інсталяцый. Але былі людзі, якія, не адрываючыся, глядзелі фільм трыццаць хвілін, а былі і тыя, хто заставаўся глядзець фільм другі і нават трэці раз: хацелі счытаць інфармацыю, зразумець сэнс таго, што бачаць.

Любая камандная справа прадугледжвае ўменне слухаць адзін аднаго, быць адным цэлым у момант творчасці. Раману Заслонаву пашанцавала. Яго калегі «па цэху» Віктар Лабковіч і Сяргей Талыбаў захапіліся аўтарскай ідэяй і падтрымалі. Не бянтэжыліся, што ў жанры відэаарту Раман пачатковец, бо ведалі: майстар — чалавек ідэі, фантазіі. Цікавасць нельга назваць карыслівай, бо думак пра Венецыянскую біенале напачатку не было.

— Мяне вельмі зацікавіў фармат работы, які прапанаваў Раман, — расказаў рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Талыбаў. — Я цікавіўся творчасцю мастака раней і ведаў, што відэаарт для яго — новы занятак. Мы не рабілі стандартнае кіно са скончаным сюжэтам і акцёрскімі завучанымі тэкстамі. Была важная свабода рэалізацыі. Зараз складана распавесці, пра што гэта кіно. Але кожны глядач для сябе знойдзе знаёмыя эпізоды, паўтоны, пазнавальныя адценні і матывы. Хтосьці ўсміхнецца, хтосьці не зразумее: у гэтым і ёсць асаблівасць праекта «Стол». У кіно ўсё па-іншаму: трэба разжаваць кожнае слова, кожны фрагмент складаць у сюжэт, нават хаваць ідэі, каб яны ўсплывалі ў падсвядомасці. А тут сітуацыя іншая: прысутнічае поле для свабоды. Тэхнічна рэалізоўваць праект было вельмі цікава, таму што ў фільме каля трыццаці эпізодаў за бясконцым доўгім сталом. У кіно такі фармат новы, і, магчыма, за яго больш ніхто не возьмецца: тут занадта шмат інтэлектуальнага і мала руху. Але Раман — творца харызматычны і мэтанакіраваны: з намі ці без нас праект быў бы рэалізаваны.

На гады

Беларускія артысты з задавальненнем адгукнуліся на ідэю зняцца ў праекце. У іх не было канкрэтных задач, ім не пісалі сцэнарый. На здымках рэжысёр ствараў акцёрам абставіны, у якія яны павінны былі паглыбіцца, каб спраектаваць прапанаваную сітуацыю на сябе. Тэкст нараджаўся ад успрымання. Куратары палічылі, што такі фармат працы дасць паспяховы вынік. Здымачны працэс заняў два дні.

Але ў Беларусі фільм не плануюць паказваць да пачатку наступнага года. Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што прадставіць праект «Стол» на радзіме будзе значна складаней: пад яго неабходна адаптаваць памяшканне. Але цікавасць ёсць, тым больш што фота беларускага павільёна складана знайсці нават на інтэрнэт-пляцоўках.

— Пакуль праект у Венецыі, мы вырашылі не паказваць фільм у Беларусі, — падкрэсліў Раман Заслонаў. — Айчынным гледачам будзе прыемна ўбачыць яго на асобным паказе. Але тое, што на пачатку будучага года мы прадэманструем у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, не будзе дакладнай копіяй павільёна ў Венецыі. Часта творамі мастацтва з’яўляюцца гатовыя рэчы. Калі яны не паказаны ў годным абрамленні, могуць згубіць сэнс, ідэю, канцэпцыю. Гледачы, якія бачылі відэаарт у венецыянскіх рэаліях, ведаюць, наколькі там гэта выглядае гарманічна. Калі праект проста транспартаваць у Беларусь, будзе нецікава. Таму, нягледзячы на тое, што праект выстаўлены на сусветнай выставачнай пляцоўцы, мы працягваем працу над ім. Для мяне беларускі глядач вельмі важны. І мне не ўсё роўна, як ён успрыме наш фільм. Не хачу рабіць справаздачу або адпіску, таму гэта будзе ўжо асобны праект, асноўным элементам якога па-ранейшаму застанецца відэа, але кантэкст памяшкання, у якім будзем прадстаўляць фільм беларусам, кардынальна зменіцца.

Вікторыя АСКЕРА

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.